Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛАНТЭ́

(Volonté) Джан Марыя (н. 9.4.1933, г. Мілан, Італія),

італьянскі акцёр. Скончыў Нац. акадэмію тэатр. мастацтва (1957). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1951. З 1960 у кіно. Здымаецца ў вострасацыяльных («Чалавек, якога трэба знішчыць», «Тэрарыст»), прыгодніцкіх («За некалькі лішніх долараў», «Хто ведае?» — у сав. пракаце «Залатая куля»), палітычных («Кожнаму сваё», «Бандыты ў Мілане», «Следства па справе грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі» — у сав. пракаце «Справа грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі», «Сака і Ванцэці», «Джардана Бруна») і інш. Фільмах.

т. 3, с. 472

ВАЛАНЦЁР

(франц. volontaire),

асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.

т. 3, с. 472

ВАЛАНЦІ́Р Міхай

(Міхаіл) Ермалаевіч (н. 9.3.1934, г. Бельцы, Малдова),

малдаўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1984). З 1957 у Малд. муз.-драм. т-ры імя В.Аляксандры (Бельцы). Сярод роляў: Іон («Напасць» І.Караджале; і рэж.), Стары («Стары» М.Горкага), Вано Пантыяшвілі («Ханума» А.Цагарэлі), Васіль («Вечар» А.Дударава; і рэж.). З 1968 здымаецца ў кіно: «Патрэбны брамнік», «Чацвёрты», «Гэтае салодкае слова — свабода», «Дзмітрый Кантэмір» (Дзярж. прэмія Малдовы 1976), «У зоне асаблівай увагі» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1980), «Ад Буга да Віслы». Найб. вядомая работа — роля Будулая ў тэлефільмах «Цыган» і «Вяртанне Будулая».

т. 3, с. 472

ВАЛАПА́С

(лац. Bootes),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Самая яркая зорка — Арктур (α Валапаса); ёсць падвойныя зоркі. 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. На тэр. Беларусі відаць зімой, вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

т. 3, с. 472

ВАЛАРЫЗА́ЦЫЯ

(франц. valorisation),

1) павышэнне цаны тавараў, курсу каштоўных папер і інш. з дапамогай дзярж. мерапрыемстваў.

2) Тое, што і рэвальвацыя.

т. 3, с. 472

ВАЛАСАЕ́ДЫ

(Trichodectidae),

сямейства насякомых атр. пухаедаў. Больш за 200 відаў. Пашыраны ўсюды. Многія — вонкавыя паразіты млекакормячых: буйн. раг. жывёлы — Bovicola bovis, коней — В. equi, козаў — В. caprae, сабак — Trichodectes canis, катоў — Т. subrostratus.

Даўж. 0,5—11 мм. Цела плоскае, шчаціністае, без крылаў. Галава шырокая. Ротавыя органы грызучыя. Ногі хапальнага тыпу. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самка адкладае яйцы каля асновы валасоў і прыклейвае сакрэтам матачных залоз. Кормяцца эпідэрмальнымі клеткамі, выдзяленнямі тлушчавых залоз, крывёй гаспадара. Выклікаюць хваробу трыхадэктыдоз. Некат. валасаеды — прамежкавыя гаспадары гельмінта (цэпня) — паразіта сабак, катоў, пераносчыкі інфекц. і інвазійных хвароб жывёл.

т. 3, с. 472

ВАЛАСА́ТАСЦЬ,

тое, што гіпертрыхоз.

т. 3, с. 472

ВАЛАСЕ́ВІЧ Іван Іванавіч

(18.8.1909, в. Ціхны Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 29.9.1941),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў школу ваен. пілотаў (1932), у 1940 вучыўся на Вышэйшых курсах удасканалення каманднага складу ВПС ВМФ. У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, зрабіў 69 баявых вылетаў, збіў 4 самалёты, знішчыў 7 агнявых пунктаў ворага і інш. У Вял. Айч. вайну ваяваў пад Ленінградам. Загінуў пры выкананні баявога задання.

т. 3, с. 472

ВАЛАСЕ́ВІЧ Эдуард Станіслававіч

(н. 12.3.1918, Магілёў),

бел. паэт-байкапісец. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1941). Працаваў у Магілёўскім пед. ін-це, прэсе, Белдзяржфілармоніі і інш. Друкуецца з 1937. Яго байкі вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, камізмам сітуацый, дасціпным гумарам (зб-кі «Вершы і байкі», 1954; «Соль», 1962; «Сур’ёзна і з усмешкай», 1973; «Бегемот і іншыя», 1982, і інш.). Піша гумарыстычныя вершы, байкі і казкі для дзяцей («Камар-званар», 1959; «Дняпроўскі чарадзей», 1963; «Горкі мёд», 1967, і інш.), аднаактовыя камедыі («Свет клінам не сышоўся», 1958; «З хворай галавы на здаровую», 1961).

Тв.:

Казёл адпушчэння. Мн., 1968;

Яечня на далоні. Мн., 1984;

Лірыка і сатыра. Мн., 1988.

т. 3, с. 473

Валасевіч Аляксандра Уладзіміраўна

т. 18, кн. 1, с. 359