ВАЛАСАЕ́ДЫ (Trichodectidae),

сямейства насякомых атр. пухаедаў. Больш за 200 відаў. Пашыраны ўсюды. Многія — вонкавыя паразіты млекакормячых: буйн. раг. жывёлы — Bovicola bovis, коней — B. equi, козаў — B. caprae, сабак — Trichodectes canis, катоў — T. subrostratus.

Даўж. 0,5—11 мм. Цела плоскае, шчаціністае, без крылаў. Галава шырокая. Ротавыя органы грызучыя. Ногі хапальнага тыпу. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самка адкладае яйцы каля асновы валасоў і прыклейвае сакрэтам матачных залоз. Кормяцца эпідэрмальнымі клеткамі, выдзяленнямі тлушчавых залоз, крывёй гаспадара. Выклікаюць хваробу трыхадэктыдоз. Некат. валасаеды — прамежкавыя гаспадары гельмінта (цэпня) — паразіта сабак, катоў, пераносчыкі інфекц. і інвазійных хвароб жывёл.

Валасаеды: 1 — сабачы; 2 — каня; 3 — буйной рагатай жывёлы.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)