Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АШУРНАСІРПА́Л II,

цар Асірыі ў 883—859 да нашай эры. Пакарыўшы з асаблівай жорсткасцю Паўн. Месапатамію, Паўн. Сірыю і Фінікію, умацаваў магутнасць Новаасірыйскай імперыі. Вядомы барэльефы з палаца Ашурнасірпала ў Калаху (цяпер гарадзішча Німруд каля аднайм. горада ў Іраку).

т. 2, с. 170

АШЧА́ДНЫ БА́НК,

крэдытная ўстанова, якая акумулюе зберажэнні і свабодныя грашовыя сродкі насельніцтва, выдае спажывецкі і іпатэчны крэдыты, банкаўскія пазыкі, купляе каштоўныя паперы. Звычайна знаходзіцца пад кантролем дзяржавы ці належыць ёй. У СССР функцыі ашчаднага банка выконвалі ашчадныя касы. У Рэспубліцы Беларусь ашчадны банк з’яўляецца дзярж. камерцыйным банкам (з 1995 акцыянерны ашчадны банк «Беларусбанк»).

т. 2, с. 170

АШЧУ́ПНІКІ

(Pselaphidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы жоўты бязвочка (Claviger testaceus), які жыве ў гнёздах жоўтых мурашак.

Даўж. 0,8—6 мм. Звычайна бурай або рыжай, радзей чорнай афарбоўкі. Надкрылы вельмі ўкарочаныя, 5—8 нерухомых членікаў брушка голыя. Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, камянямі, у пнях, пячорах, многія ў мурашніках. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Выдзяленні асобных залоз прывабліваюць мурашак, якія кормяць ашчупнікаў.

т. 2, с. 171

Ашчэпкаў Павел Кандратавіч

т. 18, кн. 1, с. 339

АШЫ́РАЎ Чары

(н. 10.12.1910, с. Кешы, каля Ашгабата),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1970). Вучыўся ў Ін-це навук. педагогікі. Друкавацца пачаў у 1928. У вершаванай аповесці «Канец крывавага водападзелу» (1948, новы варыянт 1953) адлюстраваў сац. пераўтварэнні ў туркм. ауле ў 1920—30-я г. Паэмы «Крывавае супраціўленне», «Разлука» (абедзве 1939), «У тыле ворага» (1941), «Памылка маладога млынара» (1957), «Сын Ялкаба» (1962), «Джыгіты Гак’яйлы» (1965), раманы «Следапыт» (1970), «Блізняты» (1973—74), «Стары правадыр» (1979) пра мірнае жыццё і дружбу народаў. Пераклаў на туркм. мову паасобныя творы Я.Купалы.

т. 2, с. 171

АШЭ́ЛЬ

(Acheul),

археалагічная культура ніжняга палеаліту ў Еўропе, Афрыцы і Азіі. Назва ад мясцовасці Сент-Ашэль каля г. Ам’ен (Пн Францыі), дзе знойдзены прылады часу рыскага зледзянення. У Еўропе вылучаюцца 3 эпохі Ашэля — стараж.-ашэльская (абэвіль, шэль), каля 900—400 тыс. г. назад, сярэдне- і познаашэльская (каля 400—100 тыс. г. назад). Людзі Ашэля (пітэкантрапы, сінантрапы і інш.) жылі ў пячорах, пад адкрытым небам, карысталіся агнём, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. У прац. дзейнасці выкарыстоўвалі ручныя рубілы, масіўныя адшчэпы і інш. каменныя прылады.

т. 2, с. 171

«АШЭ́Т»

(Hachette),

«Лібрэры Ашэт» (La Librairie Hachette), французскае акцыянернае т-ва па выданні і распаўсюджванні кніг і перыяд. друку. Створана ў 1919 у Парыжы на базе кнігавыдавецкай і гандл. фірмы Л.Ашэта (засн. ў 1826). Выдае штодзённыя газеты «France-soir» («Вячэрняя Францыя»), «Paris-Presse-L’Intransigeant» («Незалежная парыжская прэса») і інш. Мае філіялы ў краінах Зах. Еўропы і Афрыкі.

т. 2, с. 171