Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПО́СТАЛ Даніла Паўлавіч

(14.12.1654—28.1.1734),

апошні выбарны гетман Левабярэжнай Украіны ў 1727—34. Ваенны дзеяч, удзельнік паходаў супраць Турцыі і Крыма, Паўн. вайны 1700—21. У 1708 прымкнуў да І.Мазепы, аднак у хуткім часе пакінуў яго. У 1722 удзельнічаў у Персідскім паходзе рус. войскаў. Садзейнічаў росту буйнога феад. землеўладання на Украіне, праводзіў палітыку запрыгоньвання левабярэжнага сялянства і часткі казацтва. Пасля смерці Апостала выбары гетмана на Украіне забаронены.

т. 1, с. 432

АПО́СТАЛЫ

(грэч.apostolos пасланец),

у часы ранняга хрысціянства вандроўныя прапаведнікі, арганізатары і духоўныя настаўнікі хрысц. абшчын. У Новым запавеце 12 апосталаў — першыя паслядоўнікі, вучні Хрыста.

т. 1, с. 432

АПО́СТРАФ

(грэч. apostrophos),

надрадковы значок у выглядзе коскі. Указвае на пропуск галосных пры скарачэнні слоў (англ. don’t замест do not), аддзяляе артыклі і часціцы ў іншамоўных словах (франц. d’Arc) і інш. У бел. графіку ўведзены ў 1920-я г. Выконвае раздзяляльную функцыю перад галоснымі «е», «ё», «ю», «я», «і» пасля прыставак, якія канчаюцца на зычны, і ў сярэдзіне слоў пасля губных «б», «в», «м», «п», «ф», заднеязычных «г», «к», «х», шыпячых «дж», «ж», «ч», «ш», зубных «д», «т» і альвеалярнага «р». У фанет. транскрыпцыі абазначае змякчэнне зычных.

А.М.Булыка.

т. 1, с. 433

АПО́СУМЫ

(Didelphidae),

сямейства млекакормячых атр. сумчатых. 12 родаў, 84 віды. Пашыраны ў Амерыцы і на М. Антыльскіх а-вах. Самая стараж. група сумчатых. У Паўн. Амерыцы вядомы з ніжняга мелу, у Еўропе — з эацэну да міяцэну. Жывуць на зямлі і дрэвах у лясах, стэпах, пустынях, гарах да 4 тыс. м, зрэдку паўводныя — вадзяны апосум. Звычайныя апосумы — лабараторныя жывёлы. Паўночны апосум акліматызаваны ў Каліфорніі.

Даўж. цела 7—50 см. Хвост (4—55 см) звычайна хапальны, голы на канцы. Морда выцягнутая і завостраная. Канечнасці ўкарочаныя, пяціпальцыя; заднія крыху даўжэйшыя за пярэднія. Вялікі палец на задніх лапах вял. памераў, проціпастаўлены іншым. Ёсць сумка. Саскоў ад 5 да 27. За год 1—3 прыплоды па 4—11 (зрэдку да 25) дзіцянят. Усёедныя. Аб’екты промыслу.

т. 1, с. 433

АПО́ЎЗЕНЬ,

адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр. ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.

т. 1, с. 433