Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЙТМА́ТАЎ Чынгіз

(н. 12.12.1928, кішлак Шэкер Кіраўскага р-на, Кыргызстан),

кіргізскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Кыргызстана (1968). Акад. АН Кыргызстана (1974). Скончыў Кіргізскі с.-г. ін-т (1953). У 1965—86 старшыня праўлення Саюза кінематаграфістаў Кыргызстана, з 1986 — Саюза пісьменнікаў Кыргызстана; адначасова з 1988 гал. рэдактар час. «Иностранная литература». З 1990 на дыпламат. службе. Вострыя этычныя і сац. праблемы сучаснасці, прасторавыя карціны дыялектычнай узаемасувязі свету і чалавека ўздымае ў аповесцях «Твар у твар» (1957), «Джаміля» (1958), «Таполька мая ў чырвонай касынцы», «Вярблюджае вока», «Першы настаўнік» (усе 1961), «Матчына поле» (1963), «Бывай, Гюльсары» (1966), «Белы параход» (1970), «Рабы сабака, які бяжыць уздоўж мора» (1977); у раманах «І вякуе дзень даўжэй за век» (асобн. выд. пад назвай «Буранны паўстанак», 1980), «Плаха» (1986), «Божая маці ў снягах» (1988). У творах спалучае псіхал. аналіз з традыцыямі фальклору, міфічнай вобразнасцю, імкнецца да жанру прытчы. Амаль усе яго творы экранізаваны. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэміі СССР 1968, 1977, 1983. Літ. прэмія «Этрурыя» (Італія, 1980), міжнар. прэмія імя Дж.Нэру (1985). Правадзейны чл. Еўрап. акадэміі навук, мастацтваў і л-ры (1983), Сусв. акадэміі навук і мастацтваў (1987). На бел. мову творы Айтматава перакладалі І.Сакалоўскі, С.Міхальчук, М.Стральцоў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1982—84;

Бел. пер. — Джаміля. Мн., 1962;

Бывай, Гюльсары! Мн., 1971;

Першы настаўнік. Мн., 1974;

Буранны паўстанак: І вякуе дзень даўжэй за век. Мн., 1987.

Літ.:

Базаров Г. Прикосновение к личности. 3 изд. Фрунзе, 1988;

Гачев Г. Чингиз Айтматов. Фрунзе, 1989;

Акматалиев А. Чингиз Айтматов и взаимосвязи литератур.Бишкек, 1991.

т. 1, с. 177

АЙТЫ́ЕЎ Гапар Айтыевіч

(28.9.1912, с. Першы Тулейкен Ошскай вобл., Кыргызстан — 16.12.1984),

кіргізскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1971). Чл.-кар. АМ СССР (1974), Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Кіргізскі ін-т асветы (1932), у 1935—38 вучыўся ў Маскве. Аўтар паэт. пейзажаў («Поўдзень на Ісык-Кулі», 1954; «Баваўнянае поле на поўдні Кіргізіі», пано, 1955; «Наваколле Андыжана», 1967), партрэтаў («Галерэя партрэтаў сучаснікаў», 1979), размалёвак і інш.

т. 1, с. 177

АЙУ́НСКІ

(сапр. Сляпцоў) Платон Аляксеевіч [11.11.1893, Аляксееўскі р-н, Рэспубліка Саха (Якуція) — 31.10.1939], якуцкі пісьменнік і грамадскі дзеяч. У 1928—31 нарком асветы і аховы здароўя Якуціі, з 1935 дырэктар НДІ мовы і культуры. Адзін з пачынальнікаў якуцкай л-ры; прадстаўнік рамант. кірунку. Аўтар драм. паэмы «Чырвоны шаман» (1918),

п’ес «Бальшавік» (паст. 1926), «Туйаарыма-Куо» (паст. 1928), аповесці «Выхад з твані» (1936), вершаў, апавяданняў; навук. прац «Якуцкая казка (аланхо), яе сюжэт і змест» (1927), «Пра тэорыю якуцкага вершаскладання» (1928), «Якуцкая мова і шляхі яе развіцця» (1935) і інш. Рэпрэсіраваны.

Тв.:

Творы. Т. 1—7. Якуцк, 1958—62 (на якуцкай мове).

т. 1, с. 177

АЙЦЫ́ ЦАРКВЫ́,

найбольш уплывовыя дзеячы хрысц. царквы 2—8 ст., якія стварылі яе дагматыку і арг-цыю. Айцы царквы наз. епіскапаў першых хрысц. абшчын, а з канца 4 ст. — аўтарытэтных царк. пісьменнікаў. Неабходныя ўмовы для прылічэння да Айцоў царквы — прававернасць вучэння, прыналежнасць да патрыстыкі, прызнаная святасць іх жыцця. Прынята абмежаванне патрыстычнай эры Іаанам Дамаскінам (п. каля 748). Айцы царквы, якія, паводле падання, перанялі вучэнне непасрэдна ад апосталаў, называюць Апостальскімі Айцамі (Клімент Рымскі, Ігнацій Антыяхійскі, Палікарп Смірнскі і Папій Іерапольскі). Падзяляюцца на зах. (лацінскіх) і ўсх. (грэчаскіх) у залежнасці ад мовы, на якой яны пісалі. Акрамя згаданых, сярод зах. Айцоў царквы найбольш шануюцца Юсцін-філосаф, Ірыней Ліёнскі (2—3 ст.), Кіпрыян, Лактанцый (3—4 ст.), Іларый Піктавійскі, Авросій Медыяланскі (4 ст.), Аўгусцін, Іеранім (4—5 ст.), папа Леў І Вялікі (5 ст.), папа Грыгорый Вялікі (6 ст.), Ісідар Севільскі (7 ст.); сярод усх. — Клімент Александрыйскі (2 ст.), Афанасій Вялікі (Александрыйскі), Яфрэм Сірын, Кірыла Іерусалімскі, Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст (4 ст.), Кірыла Александрыйскі (5 ст.), Іаан Лесвічнік, Максім Вызнаўца (6—7 ст.). Многія творы Айцоў царквы захаваліся цалкам ці фрагментарна, інш. Вядомыя з крыніц па цытатах, пераказах або назвах. Творчасць Айцоў царквы зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне хрысц. дагматыкі, літургічнага культу, традыцыяў, аскетызму.

І.М.Дубянецкая.

т. 1, с. 177

АЙЧЫ́М,

муж маці ў адносінах да яе дзяцей ад папярэдняга шлюбу; няродны бацька.

т. 1, с. 177

АЙЧЫ́НА,

гл. Бацькаўшчына.

т. 1, с. 177

АЙЧЫ́ННАЯ ВАЙНА́ 1812,

прынятая ў рас. і сав. гістарыяграфіі назва Вайны 1812.

т. 1, с. 177

АЙЧЫ́ННЫ ФРОНТ,

форма аб’яднання масавых грамадка-паліт. арг-цый для вырашэння праблем нацый на пэўных этапах іх гіст. развіцця. Дзейнічалі ў Балгарыі (1942—89), Венгрыі (1944—89) і В’етнаме (з 1955). У Айчынны фронт уваходзілі грамадзяне, паліт. партыі, рухі. У час 2-й сусв. вайны меў антыфаш. накіраванасць. У пасляваен. час дамінуючую ролю ў Айчынным фронце набылі камуніст. партыі, прыкрываючы такім чынам сваю манаполію на ўладу.

Айчынны фронт Балгарыі пасля рэарганізацыі (1948) аб’ядноўваў Балг. Кампартыю Балг. земляробчы нар. саюз, Дзімітраўскі камуніст. саюз моладзі, прафсаюзы; выдаваў газ. «Отечествен фронт». У Венгрыі айчынны фронт дзейнічаў пад кіраўніцтвам Венг. сацыяліст. рабочай партыі пад назвамі: Венг. фронт (з мая 1944), Венг. нац. фронт незалежнасці (са снеж. 1944), Венг. нар. фронт незалежнасці (з лют. 1949) і Айчынны нар. фронт (з 1954); выдаваў газ. «Maguar Nemzet» («Венгерская нацыя»), «Szabad Föld» («Свабодная зямля»), Айчынны фронт В’етнама ў 1977 аб’яднаў Нац. фронт вызвалення Паўд. В’етнама (дзейнічаў з 1960), Саюз нац. дэмакр. і міралюбівых сіл Паўд. В’етнама (з 1968), асн. мэтай якіх было аб’яднанне краіны, а таксама камуніст., дэмакр., сацыяліст. партыі, прафсаюзы, жаночыя і маладзёжныя арг-цыі.

А.А.Чалядзінскі.

т. 1, с. 178

АЙЮБІ́ДЫ,

Эйюбіды, дынастыя султанаў, якая правіла на Б. Усходзе пасля падзення Фатымідаў халіфата. Засн. ў 1171 у Егіпце военачальнікам Салах-ад-дзінам (Саладзінам). Назву атрымала ад імя яго бацькі палкаводца Айюба. Айюбіды паспяхова змагаліся з крыжакамі. Пасля смерці Салах-ад-дзіна (1193) яго нашчадкі павялі барацьбу за султанат, у які ўваходзілі Егіпет, Сірыя, Хіджаз з Меккай і Медынай, ч. Месапатаміі. Міжусобіцы ўзмацнілі ролю гвардыі мамлюкаў, у выніку змовы якіх у 1250 быў скінуты апошні з Айюбінаў.

т. 1, с. 178

А́ЙЯ,

мыс на Паўд. беразе Крыма, за 13 км на ПдУ ад Балаклавы (раён Севастопаля). З’яўляецца краем Гал. грады Крымскіх гор, які стромка абрываецца да Чорнага м. У раёне мыса рэліктавы бор хвоі Станкевіча.

т. 1, с. 178