ВО́ЦАТНЫ АНГІДРЫ́Д,
ангідрыд воцатнай кіслаты (CH3CO)2O. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1083 кг/м³ (20 °C), tкіп 139,9 °C. У гарачай вадзе пераўтвараецца ў воцатную кіслату, гарыць (т-ра загарання 40 °C). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці ацэтылцэлюлозы, фарбавальнікаў, пахучых рэчываў і лек. сродкаў. Таксічны, раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5·10-4%.
т. 4, с. 281
ВО́ЧКА,
1) вегетатыўны орган у шматгадовых вышэйшых раслін (зімуючая ці часова спыненая ў развіцці відазмененая пупышка або комплекснае марфалагічнае ўтварэнне, якое аб’ядноўвае некалькі пупышак); у садоўніцтве — пупышка з прышчэпкай, што служыць для прышчэплівання на прышчэпу; у агародніцтве — ямка на клубнях бульбы з 3 (адной цэнтральнай і дзвюма бакавымі) укрытымі лускавінкамі пупышкамі (пасадачным матэрыялам могуць быць клубні, парэзаныя на часткі, якія маюць хоць адно вочка).
2) Орган зроку (адзін або некалькі) у мечахвостаў і членістаногіх.
3) Стыгма, або чырвоная плямка, — святлоадчувальная арганела жгуцікавых прасцейшых, аднаклетачных рухомых водарасцей і зааспор шматклетачных водарасцей.
т. 4, с. 281
ВО́ЧНАЯ СТА́ЎКА,
следчае дзеянне, якое заключаецца ў адначасовым допыце дзвюх (або больш) асоб, у паказаннях якіх выяўлены істотныя супярэчнасці. Праводзіцца па ініцыятыве следчага, суда, пракурора для атрымання больш праўдзівых звестак ці з мэтай высветліць, якое з ранейшых паказанняў адпавядае сапраўднасці. Парадак правядзення вочнай стаўкі рэгламентуецца КПК Рэспублікі Беларусь.
т. 4, с. 281
ВО́ЧНЫ ЦВЕТ
(Anagallis),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, як занесеныя ў Паўн. Амерыцы; 1 від — у тропіках абодвух паўшар’яў. На Беларусі пераважна ў паўд. і паўд.-зах. раёнах трапляюцца зрэдку як пустазелле на палях, агародах, пустках, каля дарог вочны цвет палявы (Anagallis arvensis) і вельмі рэдка як пустазелле, а таксама на сухіх схілах і ў хмызняках вочны цвет блакітны (Anagallis foemina).
Адна-, двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым распасцёртым ці ўзнятым сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, супраціўнае, найчасцей сядзячае. Кветкі звычайна адзіночныя на доўгіх кветаножках у пазухах лістоў, з кола- або лейкападобным чырв. блакітным ці белым вяночкам. Плод — шарападобная каробачка. Лек. (мачагонны, патагонны, жаўцягонны, слабільны сродак) і ядавітыя расліны. Садовыя формы некаторых відаў (напр., гібрыдная буйнакветная Anagallis grandiflora) вырошчваюць як дэкаратыўныя.
т. 4, с. 281
ВО́ШЫ
(Anoplura, Siphunculata),
атрад насякомых. З сям.: гематапіды (Haematopidae), калючыя вошы (Echinophthiridae), педыкуліды (Pediculidae). У сусв. фауне каля 300, на Беларусі 12 відаў. Крывасмокі, спецыфічныя паразіты млекакормячых жывёл і чалавека. Найб. вядомыя паразіты чалавека — вош плацяная (Pediculus humanus vestimenti), вош галаўная (Pediculus humanus capitis), вош лабковая, або плашчыца (Phthirus pubis), свіней — вош свіная (Haematopinus suis).
Даўж. 0,3—6 мм. Цела пляскатае, бяскрылае, укрытае валаскамі, шчацінкамі, шыпамі, бялява-жаўтаватае з бурымі або чорнымі плямкамі. Галава прадаўгаватая, брушка авальнае. Вочы рэдукаваныя або адсутнічаюць. Ротавы апарат колюча-сысучы з кручкамі. Ногі з учэпістымі кіпцюркамі. Раздзельнаполыя. Адкладваюць да 300 яец. Самкі спец. сакрэтам прыклейваюць яйцы (гніды) да валасоў, адзення або субстрату. Лічынкі развіваюцца праз 5—19 сут. Жывуць 32—46 сут. Пераносяць узбуджальнікаў сыпнога і зваротнага тыфаў, ліхаманак, сібірскай язвы і інш. небяспечных хвароб. Знішчаюць вошай мех., тэрмічным і хім. спосабамі. Гл. таксама Педыкулёз.
Л.В.Кірыленка.
т. 4, с. 281
«ВО́ЯДЖЭР»
(англ. Voyager),
назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.
«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс. км і 280 тыс. км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.
Н.А.Ушакова.
т. 4, с. 282
ВО ВАН КІЕ́Т
(н. 23.11.1922),
палітычны і дзярж. дзеяч В’етнама. Чл. Камуніст. партыі В’етнама (КПВ) з 1930-х г. Удзельнік нац.-вызв. руху. У 1976—78 старшыня Нар. к-та г. Хашымін, пазней сакратар Хашымінскага гаркома КПВ. У 1982—88 нам. старшыні СМ і старшыня Дзяржплана краіны. У сак.—чэрв. 1988 выконваў абавязкі старшыні СМ. Старшыня СМ з 1991. З 1976 чл. ЦК, канд. у члены Палітбюро ЦК, з 1982 чл. Палітбюро ЦК КПВ. Дэп. Нац. сходу краіны.
т. 4, с. 246
«ВО СЛА́ВУ РО́ДИНЫ»,
газета Мін-ва абароны Беларусі. Выдаецца штодзённа з чэрв. 1921 у Мінску на рус. мове. Да 1947 наз. «Красноармейская правда». Да 1992 орган БВА (у 1941—44 газета Зах. фронту, у 1944—45 — 3-га Бел. фронту). Друкуе матэрыялы па гісторыі і культуры Беларусі, пра баявую падрыхтоўку, жыццё арміі, ваенна-патрыятычнае выхаванне і інш.
т. 4, с. 244