Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРМІНА́Л (ад лац. terminalis канцавы, заключны, канчатковы),

1) канцавая прылада ў складзе ЭВМ, выліч. сістэмы, аўтаматызаванай сістэмы кіравання і інш., якая служыць для ўводу-вываду інфармацыі, напр., пры ўзаемадзеянні чалавека і ЭВМ. Карыстальнікі (абаненты) могуць знаходзіцца на значнай адлегласці (напр., ад ЭВМ, выліч. цэнтра) і абменьвацца інфармацыяй па каналах перадачы даных.

Адрозніваюць Т. пасіўныя (без перапрацоўкі інфармацыі) і актыўныя (перапрацоўваюць інфармацыю). Да пасіўных Т. адносяць дысплеі, друкавальныя прылады, тэлетайпы, электронныя тэлефонныя апараты і інш. Актыўныя Т. маюць мікрапрацэсар (мікра- ці міні-ЭВМ як частку выліч. сістэмы) і служаць для папярэдняй апрацоўкі (групавання, класіфікацыі, кадзіравання, расшыфроўкі, часовага захоўвання і інш.) уведзенай інфармацыі, рашэння асобных характэрных задач, кіравання працэсам перадачы даных і інш. 2) Пляцоўка на тэр. порта ці грузавой чыг. станцыі, прызначаная для апрацоўкі кантэйнераў і пакетаваных грузаў.

3) Памяшканне ў буйных аэрапортах для размяшчэння пасажыраў у час мытнага агляду, чакання грузаў, дазапраўкі самалётаў і інш.

М.​П.​Савік.

т. 16, с. 139

ТЭРМІНАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, які змяшчае сістэматызаванае на аснове пэўных прынцыпаў апісанне тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, вытв-сці, дзейнасці, мастацтва і інш. Напр., лінгвістычны слоўнік, слоўнік электратэхн. тэрмінаў, слоўнік па металургічнай вытв-сці, слоўнік бібліятэчных і бібліягр. тэрмінаў, слоўнік муз. тэрмінаў. У Т.с. побач з алфавітнай пашырана арганізацыя тэрмінаў на аснове сістэмы паняццяў пэўнай галіны навукі («Слоўнік славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі», т. 1, Прага, 1977, змяшчае таксама і бел. частку). Т.с. бываюць уласна тэрміналагічныя, г.зн. уключаюць тэрмін і яго азначэнне («Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў», 1995), і перакладныя («Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі» Н.​А.​Ганчаровай і М.​Г.​Антанюк, 2000), а таксама могуць змяшчаць і перакладную (двух- або шматмоўную) і тлумачальную часткі («Тлумачальны руска-англа-беларускі слоўнік па інфарматыцы», 1994). Часам Т.с. уключае тэрміны не адной вузкай галіны ведаў, а некалькіх, звычайна сумежных, галін («Руска-беларускі слоўнік па цеплатэхніцы і санітарнай тэхніцы» В.​М.​Капко і Б.​М.​Хрусталёва, 1995; «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік», т. 1, 1997). Тлумачальная частка можа ўключаць строга навук. азначэнне (дэфініцыю) або больш шырокае апісанне тэрміна, набліжаючыся да слоўніка энцыклапедычнага тыпу, слоўніка-даведніка («Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік», «Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі», абодва 1992). Па глыбіні і паўнаце ахопу паняццяў і паводле прызначэння існуюць школьныя Т.с. («Геаграфічны слоўнік школьніка» І.​П.​Галай, С.​І.​Сідор, 1986; «Экалагічны слоўнік», 1993), Т.с. для сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў («Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П.​У.​Сцяцко, М.​Ф.​Гуліцкага, Л.​А.​Антанюк, 1990) і акад., фундаментальныя слоўнікі, якія змяшчаюць вычарпальна поўную сістэму паняццяў на сучасным узроўні развіцця адпаведнай галіны і прызначаны для спецыялістаў («Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музычны слоўнік руска-беларускі», 1999). Гіст. тэрміналогія часткова фіксуецца ў гістарычных слоўніках («Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874).

Л.​А.​Антанюк.

т. 16, с. 139

ТЭРМІНАЛО́ГІЯ (ад тэрмін + ...логія),

1) сукупнасць тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сукупнасць паняццяў. У больш шырокім сэнсе слова «Т.» ўжываюць для абазначэння агульнай сукупнасці тэрмінаў усіх галін дзейнасці.

2) Раздзел лексікалогіі, які вывучае тэрміны.

Лексічныя, семантычныя, семіятычныя (знакавыя) асаблівасці Т. кожнай галіны дзейнасці абумоўлены гісторыяй фарміравання сістэмы паняццяў гэтай галіны, спецыфікай абазначаемых паняццяў і станам іх сістэматызацыі. Так, лексічная асаблівасць мед. Т. — значная колькасць слоў лац. мовы, якія сталі інтэрнацыянальнымі. Семіятычная асаблівасць Т. фізікі, хіміі, матэматыкі — выкарыстанне побач з тэрмінамі-словамі і словазлучэннямі (вербальнымі тэрмінамі) літарных і лікавых абазначэнняў, сімвалаў. У Т. не павінна быць шматзначнасці, аманіміі, сінаніміі, аднак у практыцы тэрмінаўжывання і фарміравання тэрміналаг. сістэм гэтыя семантычныя асаблівасці маюць месца, што ў пэўнай ступені абмяжоўвае дакладнасць тэрмінаў. Т. ў шырокім сэнсе з’яўляецца спецыфічнай і параўнальна самаст. часткай у сістэме літ. мовы, узаемадзейнічае з агульналіт. лексікай і ўплывае на яе. З аднаго боку, у агульналіт. лексіку пранікаюць тэрміны грамадска важных і актуальных навук: сацыяльна-эканам., фізікі, біялогіі, медыцыны, касм. тэхнікі, кібернетыкі і інш.; яны — важны сродак маст. адлюстравання. З другога боку, тэрміналагізуюцца асобныя словы агульналіт. мовы і ўваходзяць у галіновыя Т.: «поле», «хваля», «напружанне» (у фізіцы), «кішэня», «галоўка», «башмак» (у тэхніцы), «апавяданне», «аповесць», «раман» (у літ.-знаўстве), «слова», «сказ» (у лінгвістыцы).

У 14—17 ст. у старабел. мове найб. пашырана грамадска-паліт. і юрыдычная Т. Яна зафіксавана ў помніках дзелавой пісьменнасці, пераважна ў Метрыцы Вялікага княства Літоўскага, што ўключае каля 600 кніг дакументаў ВКЛ. З 2-й пал. 17 ст. наступіў перапынак у функцыянаванні пісьмовай мовы, звязаны з выцясненнем бел. мовы польскай, а пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) — рус. мовамі. Развіццё тэрміналагічнай лексікі пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст., што звязана з выданнем бел. газет, часопісаў, альманахаў, календароў. Актыўная работа па распрацоўцы і ўпарадкаванні бел. Т. пачалася пасля 1917. Навук. асновы распрацоўкі бел. Т. закладзены Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, на базе якой засн. Інбелкульт. Пэўны ўклад у развіццё Т. зроблены Тэрміналагічнай камісіяй пры БелСЭ на чале з К.​Крапівой. У 1980 пры АН Беларусі створана Рэсп. тэрміналагічная камісія, якая складаецца з 9 секцый і ўключае каля 180 вядучых вучоных розных галін ведаў. Камісія займаецца зборам і сістэматызацыяй навуковай Т., распрацоўкай тэарэт. пытанняў Т., падрыхтоўкай тэрміналагічных зборнікаў.

Літ.:

Антанюк Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне. Мн., 1987;

Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі. Мн., 1999.

Л.​А.​Антанюк.

т. 16, с. 139

ТЭРМІНА́ЛЬНЫ СТАН,

стан арганізма на мяжы жыцця і смерці. Пры ім яшчэ магчыма рэанімацыя арганізма, а пры адсутнасці эфектыўнага лячэння настае смерць. Да Т.с. адносяцца паміранне і пачатковыя этапы паслярэанімацыйнага перыяду, звязаныя з поўнай дэзарганізацыяй усіх жыццёвых функцый. Уключае перадаганальны стан, тэрмінальную паўзу, агонію, клінічную смерць. Ва ўзнікненні Т.с. асн. ролю адыгрывае гіпаксія з парушэннем метабалізму і расходаваннем энергет. рэсурсаў. У перадаганальным стане — рухальнае ўзбуджэнне, тахікардыя, частае дыханне; потым брадыкардыя, больш рэдкае дыханне, значнае зніжэнне артэрыяльнага ціску, парушэнне свядомасці, кома, знікненне эл. актыўнасці галаўнога мозга. У час тэрмінальнай паўзы (1—4 мін) спыняецца дыханне, знікае рэакцыя зрэнак на святло. Агонія пераходзіць у клінічную, потым у біял. смерць.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 139

ТЭРМІНО́ВАЯ ВАЕ́ННАЯ СЛУ́ЖБА,

абавязковая служба ва ўзброеных сілах грамадзян прызыўных узростаў на працягу ўстаноўленага законам тэрміну. У многіх дзяржавах, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца асн. формай воінскай службы. На Т.в.с. прызываюцца грамадзяне мужчынскага полу, якія дасягнулі да дня прызыву ўстаноўленага законам узросту (у некат. дзяржавах абавязковая і для асоб жаночага полу, напр., у Ізраілі). Працягласць Т.в.с. можа быць рознай у залежнасці ад віду ўзбр. сіл, узроўню адукацыі і інш. На Беларусі парадак прызыву на Т.в.с., яе праходжанне, звальненне ў запас і інш. пытанні вызначаюцца законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» і «Палажэннем аб праходжанні тэрміновай ваеннай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь», статутамі воінскімі і інш. У мірны час на Т.в.с. прызываюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў. Тэрміны службы: для тых, хто мае вышэйшую адукацыю, — 12 месяцаў, для інш. катэгорый грамадзян — 18 месяцаў. Гл. таксама Абавязак воінскі, Воінская павіннасць.

С.​М.​Абрамаў.

т. 16, с. 140

ТЭ́РМІН АКУ́ПНАСЦІ,

адносіны капітальных укладанняў да эканам. эфекту, які атрымліваецца ад гэтых укладанняў; адзін з паказчыкаў капітальных укладанняў. Эканам. эфект у нар. гаспадарцы краіны вымяраецца прыростам нацыянальнага даходу, у галінах прам-сці і асобных прадпрыемствах — ростам гадавога прыбытку ці гадавой эканоміяй на сабекошце прадукцыі.

т. 16, с. 139

ТЭРМІ́СТАР,

тое, што тэрмарэзістар.

т. 16, с. 140

ТЭРМІ́Т (ад грэч. thermē цяпло, гарачыня),

сумесь парашкоў металаў (пераважна алюмінію і магнію) і аксідаў менш актыўных металаў (жалеза Fe2O3 і Fe3O4, медзі CuO, марганцу MnO2 і інш.), якая згарае з вылучэннем вял. колькасці цеплаты. Т-ра загарання найб. пашыранага жалезаалюмініевага Т. (сумесь Al з Fe3O4) 1300 °C, т-ра гарэння 2000—2800 °C. Пры загаранні Т. адбываецца экзатэрмічная акісляльна-аднаўляльная рэакцыя, якая прыводзіць да аднаўлення металу аксіду. Выкарыстоўваюць Т. як загаральныя саставы, для тэрмітнай зваркі, вытв-сці безвугляродзістых металаў (напр., марганцу, хрому; гл. Металатэрмія) і ферасплаваў, драблення руды.

т. 16, с. 140

ТЭРМІ́ТНАЯ ЗВА́РКА,

зварка, пры якой для нагрэву выкарыстоўваецца энергія гарэння тэрміту.

Робіцца спосабамі: прамежкавага ліцця, пры якім злучэнне ажыццяўляецца запаўненнем зазору паміж дэталямі расплаўленым металам (выкарыстоўваецца пры вырабе зварна-літых і зварна-каваных канструкцый вял. сячэння); упрытык, калі цеплата шлаку і расплаўленага металу ідзе на нагрэў да пластычнага стану металу дэталей, што зварваюцца, а злучэнне дэталей робіцца прыкладаннем сціскальнага намагання (выкарыстоўваецца для зваркі труб, правадоў, рэек і інш.); камбінаваным (для зваркі рэек).

т. 16, с. 140

ТЭРМІ́ТЫ (Isoptera),

атрад насякомых. 6 сям., каля 2600 відаў. Найб. прымітыўная група сярод грамадскіх насякомых. Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў гнёздах у глебе або драўніне, некат. віды — у тэрмітніках (надземных гнёздах выш. да 15 м). Рыючая дзейнасць Т. — важны фактар глебаўтварэння. Асн. разбуральнікі расл. рэшткаў у тропіках; некат. віды шкодзяць раслінам, разбураюць драўляныя збудаванні і інш. Найб. небяспечны паўднёваафр. Т. усёразбуральны (Bellicositermes natalensis).

Сям’я складаецца з некалькіх кастаў: здольныя да размнажэння самка («царыца», даўж. да 14 см, з гіпертрафіраванымі яечнікамі) і самец (значна меншы); бяскрылыя стэрыльныя рабочыя асобіны, знешне падобныя да лічынак, буйныя і дробныя (даўж. да 1,5 см; асн., найб. шматлікая ч. сям’і), нарыхтоўваюць корм, кормяць самку, клапоцяцца аб патомстве; «салдаты» (даўж. да 2 см), што абараняюць сям’ю ад ворагаў — інш. відаў Т., мурашак. У крылатых асобін 2 пары аднолькавых перапончатых крылаў, якія пасля раення і спароўвання абломліваюцца. Бяскрылыя асобіны светлыя (адсюль устарэлая назва — белыя мурашкі). У рабочых асобін і «салдат» вочы недаразвітыя або адсутнічаюць, ротавыя органы грызучыя. Кормяцца расл. рэшткамі, пэўнымі грыбамі, што вырошчваюць у т.зв. «грыбных садах». Засваенне корму (клятчаткі) адбываецца з дапамогай сімбіятычных кішэчных прасцейшых (жгуцікавых). Ператварэнне няпоўнае.

А.​М.​Петрыкаў.

Тэрміты: 1 — тэрмітнік; 2 — самка; 3 — самец; 4 — рабочы; 5 — салдат.

т. 16, с. 140