Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́ЎЧЫН,

Воўчына, возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р.

Мядзелка, за 12 км на Пн ад г.п. Мядзел. Пл. 0,53 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 32,9 м, даўж. берагавой лініі 4,29 км. Пл. вадазбору 3,68 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на Пн 4—5 м), пад лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагі высокія, у паўн. заліве нізкія, забалочаныя. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная. Надводная расліннасць амаль адсутнічае, падводная высцілае дно да глыб. 4 м. Выцякае ручай у р. Мядзелка.

т. 4, с. 280

ВО́ЎЧЫН,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км ад г. Камянец, 45 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 547 ж., 202 двары (1996).

Вядомы з пач. 16 ст. як двор у Брэсцкім пав. Належаў Солтанам, Гасеўскім, Сапегам і інш., у 1721—38 — Панятоўскім. У 1732 у Воўчыне нарадзіўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Брэсцкага пав. Гродзенскай губ. У 1880-я г. 804 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. У 1938—87 у Троіцкім касцёле Воўчына захоўваліся астанкі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Высокаўскім р-не. З 1962 у Камянецкім р-не. У 1970 — 460 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл (1733).

т. 4, с. 280

ВО́ЎЧЫЯ ВО́ЧКІ,

расліна, гл. ў арт. Пухірнік.

т. 4, с. 281

ВО́ЎЧЫ ГРЫБ,

гл. Жоўцевы грыб.

т. 4, с. 280

ВО́ХРА

(ад грэч. ōchros бледна-жоўты),

прыродны мінер. пігмент. Складаецца з тонказярністых і пылападобных аксідаў і гідраксідаў жалеза Fe2O3·nH2O (12—75%) і марганцу MnO2 з глінай (тлустыя вохры) або з прымесямі вуглякіслага кальцыю ці магнію (бедныя вохры). Колер буры, жоўты, чырвоны, радзей зеленаваты. Пашыраны ў выглядзе зямлістых ці парашкападобных агрэгатаў у саставе балотных руд і ў зонах выветрывання рудных радовішчаў. Вохра з прымесямі аксіду свінцу, вісмуту, сурмы, вальфраму, урану ўваходзіць у састаў руд гэтых металаў. Ідзе на выраб добра ўкрывістых і святлоўстойлівых фарбаў, шпаклёвак і грунтовак. У Беларусі паклады вохры і вохрыстых глін выяўлены ў Лоеўскім р-не.

т. 4, с. 281

ВО́ЦАТНАЕ ДРЭ́ВА,

гл. ў арт. Сумах.

т. 4, с. 281

ВОЦАТНАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

група аднаклетачных мікраарганізмаў, якія акісляюць спірты, вугляводы ў арган. кіслоты і ў інш. рэчывы пры свабодным доступе кіслароду. Належаць да роду Acetobacter. Вядома больш за 20 відаў. Тыповы прадстаўнік — Acetobacter aceti (акісляе этылавы спірт у воцатную к-ту). Пашыраны на садавіне і агародніне, у скіслых фруктовых соках, воцаце і алкагольных напітках. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці воцату.

Бясколерныя палачкападобныя аэробныя арганізмы. Сярэднія памеры клетак (1,2—1,8)х(0,4—0,8) мкм. Маладыя клеткі рухомыя, са жгуцікамі. На паверхні вадкага пажыўнага асяроддзя воцатнакіслыя бактэрыі ўтвараюць плеўку, на шчыльным асяроддзі — вял. гладкія, бліскучыя, слізістыя калоніі.

т. 4, с. 281

ВО́ЦАТНАЯ КІСЛАТА́,

этанавая кіслата, аднаасноўная карбонавая к-та аліфатычнага раду, CH3COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1049,2 кг/м³ (20 °C), tкіп 118,1 °C. Крышт. бязводная воцатная кіслата падобная на лёд і наз. «ледзяная» (tпл 16,75 °C). Слабая к-та, утварае солі і эфіры — ацэтаты. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем ацэтальдэгіду, бутану і інш. вуглевадародаў; узаемадзеяннем метанолу і аксіду вугляроду. Харч. воцатную кіслату атрымліваюць воцатнакіслым браджэннем вадкасцей, якія маюць этанол (гл. Воцатная эсенцыя). Выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, у вытв-сці ацэтатаў, воцатнага ангідрыду, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў. Раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5 мг/м³.

т. 4, с. 281

ВО́ЦАТНАЯ ЭСЕ́НЦЫЯ,

гандлёвая назва 80%-нага воднага раствору харч. воцатнай кіслаты. Выкарыстоўваецца для прыгатавання марынадаў, кансерваў і сталовага воцату (3—15%-ны водны раствор харч. воцатнай к-ты). Пры пападанні на скуру выклікае апёкі.

т. 4, с. 281

ВО́ЦАТНЫ АЛЬДЭГІ́Д,

тое, што ацэтальдэгід.

т. 4, с. 281