«ВОСЬ БЕРЛІ́Н—РЫМ»,
ваенна-палітычны саюз фашысцкіх Германіі і Італіі, які склаўся ў 1936. Аформлены 25.10.1936 падпісаным у Берліне італагерм. пратаколам аб супрацоўніцтве. Бакі дамовіліся аб размежаванні сфер эканам. экспансіі на Балканах і ў Дунайскім басейне і скаардынавалі свае дзеянні ў вайне супраць Ісп. рэспублікі; Германія афіцыйна прызнала захоп Італіяй Эфіопіі. Збліжэнню абедзвюх фаш. дзяржаў папярэднічалі прыхільная пазіцыя Германіі ў час італьян. агрэсіі супраць Эфіопіі (гл. Італа-эфіопская вайна 1935—36) і сумесная германа-італьян. інтэрвенцыя ў Іспаніі (гл. ў арт. Іспанская рэвалюцыя 1931—39). У выніку пагадненняў «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт» напярэдадні 2-й сусв. вайны аформіўся блок агрэсіўных дзяржаў (гл. «Трохвугольнік Берлін—Рым—Токіо»).
т. 4, с. 277
ВОСЬ СВЕ́ТУ,
уяўная прамая лінія, якая праходзіць праз цэнтр нябеснай сферы паралельна восі вярчэння Зямлі (гл. Зямная вось). Вакол восі свету адбываецца бачнае вярчэнне нябеснай сферы. Пункты перасячэння нябеснай сферы з воссю свету наз. Паўн. і Паўд. полюсамі свету. Вугал паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта раўняецца значэнню геагр. шыраты месца назірання.
т. 4, с. 277
«ВОСЬ ЦЯПЕ́Р ЯКІ́ ЛЮД СТАЎ»,
бел ананімная вершаваная гутарка 1-й пал. 19 ст. Месца і час напісання невядомыя. Знойдзена І.Насовічам на Мсціслаўшчыне ў 1848 і апублікавана ім у 1873. Адлюстроўвае ломку патрыярхальнага побыту ў сувязі з выспяваннем капіталіст. адносін. Прасякнута непрыняццем маралі, заснаванай на чыстагане, адмаўленнем грамадства, дзе ўсё купляецца за грошы. У гутарцы асуджаюцца разбурэнне сям’і, адчужанасць людзей, прагнасць і жорсткасць багацеяў, хабарніцтва чыноўнікаў, несправядлівасць царскіх судоў. Выйсце аўтар наіўна бачыў у духоўным удасканаленні на аснове хрысціянскай маралі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 277
ВО́ТКІНСК,
горад у Расіі, цэнтр Воткінскага р-на ва Удмурціі. Засн. Ў 1759. 104,5 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць фрэзерных станкоў, газавай апаратуры, сістэм артыл. абсталявання і інш.), дрэваапр. (драўніна дзелавая, піламатэрыялы, тара; вытв-сць мэблі), харч. прам-сць. Філіял Іжэўскага мех. ін-та. Дом-музей П.І.Чайкоўскага.
т. 4, с. 278
ВО́ТРУБ’Е,
адходы мукамольна-крупяной вытв-сці — абалонкі зерня і рэшткі неадсартаванай мукі; канцэнтраваны корм для с.-г. жывёл, адзін з кампанентаў камбікорму. У залежнасці ад віду зерня адрозніваюць вотруб’е пшанічнае, жытняе, ячменнае, рысавае і інш., паводле ступені драбнення — грубае і тонкае. Часцей выкарыстоўваюць пры кармленні буйн. раг. жывёлы. У 100 кг вотруб’я 70—78 кармавых адзінак і 12,5—13,2 кг засваяльнага пратэіну. Вотруб’е багата фосфарам, каліем, марганцам, вітамінамі групы B, E.
т. 4, с. 278
ВОТРУБ’ЕПАДО́БНЫ ЛІША́Й,
рознакаляровы лішай, мікозная хвароба скуры чалавека. Выклікаецца грыбком Pityrosporum orbiculare. Найчасцей бывае ў людзей з павышанай патлівасцю ці з цяжкімі хранічнымі хваробамі лёгкіх, цукровым дыябетам, туберкулёзам, себарэяй. Інкубацыйны перыяд 2—8 тыдняў. Прыкметы: на скуры грудзей, спіны, часам на інш. частках цела з’яўляюцца разнастайных памераў вотруб’епадобныя плямы, светла- або цёмна-карычневага колеру з лускавінкамі. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 4, с. 278
ВО́ТУМ
(ад лац. votum жаданне, воля),
рашэнне, меркаванне, выказанае галасаваннем. У парламентах некаторых краін найб. пашырана галасаванне аб давер’і (вотум давер’я) або недавер’і (вотум недавер’я) ураду. Паводле заканадаўства гэтых краін пры неатрыманні ўрадам вотума давер’я ён выходзіць у адстаўку або кіраўнік дзяржавы распускае парламент і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары. У некаторых зах. краінах існуе плюральны вотум — права выбаршчыка карыстацца некалькімі галасамі ў залежнасці ад цэнзаў выбарчых.
т. 4, с. 278