Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ПЕРАДА́ТЧЫК,

прылада (комплекс апаратуры) для пераўтварэння відэасігналу (поўнага каляровага тэлевізійнага сігналу) і сігналу гукавога суправаджэння ў поўны тэлевізійны радыёсігнал для выпрамянення яго перадавальнай тэлевізійнай антэнай. Уваходзіць у склад перадавальнай тэлевізійнай станцыі. Магутнасць Т.п. да соцень кілават. Папярэднія каскады вырабляюцца на паўправадніковай элементнай базе, выхадныя — пераважна на электронных лямпах (прамянёвых тэтродах ці клістронах, у залежнасці ад дыяпазону рабочых частот).

т. 16, с. 114

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ПРЫЁМНІК,

тое, што тэлевізар.

т. 16, с. 115

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ РАДЫЁСІГНА́Л,

радыёсігнал вяшчальнага тэлебачання. Складаецца з радыёсігналаў відарыса і гукавога суправаджэння (Т.р. лічбавага тэлебачання нясе таксама дадатковую інфармацыю). Фарміруецца на выхадзе тэлевізійнага перадатчыка, яго параметры вызначаюцца тэлевізійным стандартам.

т. 16, с. 115

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ СТАНДА́РТ,

комплекс норм і патрабаванняў, якім адпавядаюць перадавальная і прыёмная апаратура сетак тэлевізійнага вяшчання, а таксама тэлевізійны радыёсігнал, што перадаецца па гэтай сетцы. Т.с. рэгламентуе колькасць радкоў тэлевізійнай разгорткі, лік палёў і кадраў, перададзеных за 1 с, паласу частот тэлевізійных сігналаў, рознасць нясучых частот гукавога суправаджэння і відарыса, размеркаванне тэлевізійных каналаў і інш.

т. 16, с. 115

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ТЭА́ТР,

від экраннага тэлевізійнага мастацтва, эстэт. прыроду якога вызначае сінтэз уласна тэатр. мастацтва (у яго драматургічным, рэжысёрскім, акцёрскім і сцэнаграфічным увасабленнях) і вобразна-выразных сродкаў тэлебачання. Спецыфічнасць тэлебачання як сродку масавай камунікацыі ўплывае на сац. функцыянальнасць Т.т., абумоўлівае яго культ. прызначэнне. Асн. маст. твор Т.т. — тэлевізійны спектакль.

Правобразам Т.т. быў кінафільм-спектакль, які ў канцы 1940-х—50-я г. выкарыстоўваўся на тэлебачанні як прамая трансляцыя спектакля з т-ра, потым са студыі. Выкарыстоўвалася і такая форма рэтрансляцыі спектакля, як здымка з манітора на кінаплёнку. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. асвойваўся тэлевізійны спосаб паказу ў прамым эфіры. Гэта быў перыяд станаўлення драм. Т.т., маст. структура якога складвалася пад уплывам тэлевізійных інфарм. і дакумент. жанраў. Імкненне да арыгінальнай драматургіі, зварот да п’ес, якія не ставіліся на тэатр. сцэне, экранізацыя літ. твораў выклікалі паяўленне разнавіднасцей тэлевізійнага спектакля: дакумент. драма, гіст. і сямейная хронікі, публіцыст. рэпартаж, літ. кампазіцыя з аўтарскім каментарыем, інсцэніроўка паэт. і празаічных літ. твораў, спектакль-маналог і інш. У 1970-я г. тэлевізійны спектакль здымаўся на відэаносьбітах мнагакамерным метадам з шырокім выкарыстаннем тэхн. спецэфектаў. Побач з драм. тэлеспектаклем ствараліся тэлеопера, тэлеаперэта, тэлебалет.

На Беларусі Т.т. узнік у 2-й пал. 1950-х г. (першыя спектаклі створаны ў 1957 на Рэсп. студыі тэлебачання, у 1961 на Гомельскай і Віцебскай, у 1971 на Брэсцкай абл. студыях). Яго развіццё звязана з пошукамі эстэт. мовы тэлевізійнага відовішча, асваеннем стацыянарнай тэлевізійнай тэхнікі. У спектаклях «Брат мой, вораг мой» паводле М.​Уілсана, «Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа, «Суд» У.​Галубка, «Млын на Сініх Вірах» У.​Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.​Горкага вяліся пошукі тэхн. вырашэння драм. дзеяння, разгорнутага ў студыйным павільёне невял. плошчы; важную ролю адыгрывалі папярэдняя распрацоўка рэжысёрам рэжыму здымкі буйным планам і мантажная перабіўка эпізодаў, што перадаваліся ў эфір спосабам прамой трансляцыі. Вял. ўвага аддавалася афармленню, выраслі патрабаванні да акцёрскага майстэрства, моўных, мімічных і пластычных сродкаў выразнасці, ігры на камеру і г.д. Ішло комплекснае асэнсаванне эстэт. вопыту тэатр. мастацтва і яго асваенне на тэлеэкране. У сярэдзіне 1960-х г. практыкаваліся трансляцыі тэатр. спектакляў непасрэдна з залы, ствараліся арган. ўмовы для самараскрыцця акцёраў на звыклай сцэн. пляцоўцы. Адначасова развіваўся студыйны спектакль. Адмова ад грувасткага афармлення дазволіла забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тэлекамер, наблізіцца да акцёра, уключаць у дзеянне кінакадры, фатаграфіі і інш. Творчыя знаходкі дапамаглі пашырыць жанравую палітру тэлепастановак, надаць ім самабытнае нац. адценне. Спектаклі «Соцкі падвёў» паводле Я.​Коласа, «Сэрца на далоні» і «Трывожнае шчасце» паводле І.​Шамякіна, «Трэцяе пакаленне» паводле К.​Чорнага, «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа, «Прымакі» Я.​Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча прадоўжылі традыцыі псіхал. драмы, нар. камедыі, трагікамедыі, раскрылі на тэлеэкране асаблівасці нац. акцёрскай школы. Творчы працэс стварэння тэлеспектакля набыў прафес. рысы. Увасоблены гіст. хроніка А.​М.​Талстога і П.​Шчогалева «Змова імператрыцы» — «Крах», псіхал. драма Г.​Гаўптмана «Ткачы», тэлеопера «Ранак» Г.​Вагнера. У 1970-я г. развівалася універсальная форма тэлеспектакля — відэафільм. Гэты перыяд характарызаваўся пошукамі ў сферы маст. умоўнасці, відовішчнасці, вобразнасці эстэт. мовы. У рэпертуары значнае месца займалі творы бел. аўтараў, больш глыбокае адлюстраванне набыла экранная рэпрадукцыя тэатр. спектакля («Трыбунал» А.​Макаёнка ў паст. Бел. т-ра імя Я.​Купалы). Выпрацоўваліся новыя прынцыпы інсцэнізацыі прозы, паэзіі і драмы праз жанрава-маст. структуры літ. кампазіцыі і літ. мантажу. Выкарыстоўваліся стылявыя прыёмы дакументальна-публіцыст. тэлебачання: дыялагічныя формы паказу, персаніфікаваныя вобразы каментатара ці чытальніка, лаканічнасць і сімвалізацыя афармлення. Адначасова з пастаноўкамі ў жанры псіхал. драмы («Сустрэчы і ростані» паводле твораў Мележа, «Дажыць да світання» паводле В.​Быкава, «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча) ствараліся экранізацыі ў жанры літ. т-ра. На адбор літ. твора і трактоўку яго зместу ўплывалі тэндэнцыі тэлевізійнай публіцыстыкі («Амерыка здалёку і зблізку» паводле нарысаў К.​Кірэенкі), тэлевізійнай апавядальнасці («Кніганоша» паводле апавяданняў Караткевіча), тэлевізійнай індывідуалізацыі ўнутр. героя («Перакрыжаванні» паводле паэмы Я.​Коласа «Сымон-музыка», «Абсяг» паводле кнігі вершаў Р.​Барадуліна). Укараненне ў 1980-я г. новай партатыўнай электроннай тэхнікі і камп’ютэрнага нелінейнага мантажу пашырыла выяўл. магчымасці экрана. Новую хвалю набыло рэпрадуктаванне адметных спектакляў бел. т-раў: «Апошні шанц» Быкава, «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка (усе т-р імя Я.​Купалы), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.​Адамовіча (Дзярж. рус. драм. т-р), «Паядынак» М.​Матукоўскага (Бел. т-р імя Я.​Коласа). Створаны арыгінальныя спектаклі-экранізацыі бел. літ. твораў: «Колькі лет, колькі зім!» паводле паэмы А.​Вярцінскага, «Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава, «Сіняя, сіняя» і «Лісты каштана» паводле аповесцей Караткевіча, «Траянскі конь» і «Пагарэльцы» Матукоўскага, «Чужая бацькаўшчына» паводле В.​Адамчыка, «Узлёт» А.​Дударава, «Машэка» Міровіча, «На перакрыжаваннях вайны» У.​Траццякова, «Сон» А.​Асташонка, «Я прыйшоў, каб назваць тваё імя» паводле паэзіі М.​Бсісу, відэафільм-канцэрт «Варыяцыі на балетныя тэмы» Ю.​Чурко і інш. З 1989 форму маст. рэпрадуктавання тэатр. спектакляў пачаў удасканальваць творчы калектыў ВТА «Беларускі відэацэнтр». У яго рэпертуары лепшыя спектаклі нац. сцэны: «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева. «Звон не малітва» Чыгрынава, «Ідылія» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Князь Вітаўт» Дударава (усе т-р імя Я.​Купалы), «На залатым возеры» Э.​Томпсана (рус. драм. т-р). Значная ўвага аддавалася прынцыпам захавання на экране сцэн. малюнка дзеяння і перадачы псіхал. стану акцёраў у электронным мантажы буйных планаў. Упершыню ажыццёўлена відэарэпрадуктаванне спектакля «Запіскі вар’ята» паводле Ф.​Дастаеўскага (Бел. дзярж. т-р лялек). Экранную інтэрпрэтацыю атрымалі творчыя здабыткі новых тэатр. калектываў («Чорны квадрат» паводле п’есы М.​Клімковіча ў паст. т-ра «Вольная сцэна»), У арыгінальных спектаклях «Белвідэацэнтра» 1990-х г. адлюстравана тэматыка, звязаная з адраджэннем каштоўнасцей нац. культуры: «Адна ноч» паводле Быкава, «Каўчэг Максіма Танка» Р.​Тармолы, відэабалет «Страсці» В.​Елізар’ева, відэаопера «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага. У аб’яднанні «Тэлефільм» эстэт. традыцыі нац. Т.т. працягваюцца ў маст. кароткаметражным фільме «Пракляты ўтульны дом» У.​Халіпа, відэафільме-балеце «Спартак» М.​Волкава ў харэаграфіі Елізар’ева.

Т.т. значна паўплываў на вызначэнне нац. тэлебачаннем свайго месца ў культ. прасторы, на ўзаемапранікненне асаблівасцей маст., інфарм. і публіцыст. сегментаў вяшчання, на ўзнікненне навейшых забаўляльна-ігравых форм сучаснага тэлебачання, у аснове якіх прынцыпы тэатралізацыі рэчаіснасці, артыстызацыі паводзін журналістаў і вядучых у кадры, выкарыстанне пастановачных і сімвалізаваных прыёмаў у вырашэнні зместу разнастайных праграм.

Н.​Ц.​Фральцова.

т. 16, с. 115

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ЦЭНТР,

комплекс збудаванняў з тэхн. абсталяваннем для падрыхтоўкі і перадачы праграм тэлевізійнага вяшчання. Бываюць праграмныя і перадавальныя. Асн. структурныя падраздзяленні праграмнага Т.ц. — апаратна-студыйны комплекс (тэлевізійныя студыі і тэхн. апаратныя відэазапісу, тэлекінапраекцыйная і інш.); перадавальнага — тэлевізійныя радыёперадатчыкі, электрасілавы і дапаможны цэхі і інш.

т. 16, с. 116

ТЭЛЕВЫМЯРЭ́ННІ, тэлеметрыя,

галіна тэлемеханікі, якая вывучае тэорыю, прынцыпы і тэхн. сродкі вымярэнняў на адлегласці фіз. велічынь, што характарызуюць які-н. працэс, з’яву прыроды ці стан жывога арганізма. Вынікі Т. у выглядзе кадзіраванага эл.- або радыёсігналу аўтаматычна перадаюцца з аб’екта кіравання (кантролю) на пункт кіравання для апрацоўкі на ЭВМ, рэгістрацыі і інш.

Адрозніваюць Т. бягучых значэнняў параметраў (перадаюцца іх неперарыўныя ці дыскрэтныя значэнні) і інтэгральных значэнняў параметраў (перадаюцца дыскрэтныя значэнні праз пэўныя прамежкі часу, напр., расходу электраэнергіі, паліва, газу). Правільнасць і надзейнасць работы вымяральнага тэлеметрычнага прыстасавання (сукупнасці пераўтваральных і вымяральных прылад з каналамі сувязі паміж імі) залежаць ад каналаў сувязі, якія бываюць акустычныя, аптычныя, гідраўлічныя і эл. (найб. пашыраныя) — правадныя, кабельныя і радыёрэлейныя лініі сувязі, а таксама радыёканалы. Вынікі Т. могуць быць прадстаўлены ў аналагавай (напр., з дапамогай стрэлачных вымяральных прылад, асцылографа) або ў лічбавай (напр., з дапамогай лічбавых індыкатараў) форме.

Літ.:

Проектирование и надежность систем автоматики и телемеханики. Мн., 1981.

М.​І.​Сарока.

т. 16, с. 116

ТЭЛЕГРА́Ф (ад тэле...+ ...граф),

1) скарочаная назва тэлеграфнай сувязі.

2) Прадпрыемства сувязі з комплексам станцыйнага абсталявання (тэлеграфныя апараты, тэлеграфныя станцыі, апаратура для ўтварэння каналаў сувязі, камутатары, крыніцы сілкавання і інш.), тэлеграфнымі каналамі ў правадных або радыёлініях сувязі і службамі, якія ажыццяўляюць перадачу, прыём і апрацоўку тэлеграфных паведамленняў, дастаўку іх адрасатам, абслугоўванне тэхн. збудаванняў і прыстасаванняў. Забяспечваюць непасрэдную сувязь з гар. аддзяленнямі і раённымі вузламі сувязі, а таксама з абанентамі (гл. Абаненцкае тэлеграфаванне).

т. 16, с. 116

ТЭЛЕГРАФІ́Я (ад тэле... + ...графія),

галіна навукі і тэхнікі, якая ахоплівае вывучэнне прынцыпаў пабудовы тэлеграфнай сувязі, распрацоўку спосабаў і апаратуры перадачы і прыёму тэлегр. сігналаў, а таксама ацэнку якасці перадачы інфармацыі па тэлегр. каналах сувязі. З дапамогай Т. перадаюцца на вял. адлегласці літарна-лічбавыя тэксты (літарадрукавальная Т.) ці нерухомыя адлюстраванні (фотатэлеграфія, або факсімільная сувязь), а таксама вядуцца дакументальныя перагаворы.

Уключае раздзелы: коды тэлеграфныя; канцавая тэлегр. апаратура (тэлеграфныя апараты, у т. л. літарадрукавальныя апараты і факсімільныя апараты, трансмітэры, рэперфаратары і інш.); тэлегр. каналы і сеткі (з тэлеграфнымі станцыямі і інш.). У літарадрукавальнай Т. з дапамогай тэлегр. апарата алфавіт паведамлення пераўтвараецца ў паслядоўнасць сігналаў — імпульсаў пастаяннага або пераменнага току пэўнай велічыні і працягласці, якія перадаюцца па правадных, кабельных, аптычных і інш. лініях сувязі. На прыёмным баку паслядоўнасць імпульсаў уздзейнічае на прыёмны тэлегр. апарат, які друкуе тэкст. Пры тэлеграфаванні пераменным токам выкарыстоўваюцца розныя віды мадуляцыі ваганняў, для пераўтварэння знакаў перадавальных паведамленняў у кодавыя словы — міжнародны код № 2 (МТК-2), які ў краінах СНД дапоўнены рус. алфавітам. Скорасць тэлеграфавання вызначаецца ў бодах. Для лепшага выкарыстання ліній сувязі выкарыстоўваецца дуплекснае (сустрэчнае) тэлеграфаванне, якое дае магчымасць адначасова весці перадачу і прыём на адным канале сувязі (гл. Дуплексная сувязь). У фарміраванні адзінай інфармацыйнай прасторы роля Т. зменшылася ў сувязі з шырокім укараненнем тэлематыкі (відэатэкс, тэлефакс і г.д.) і глабальнай сеткі перадачы даных — Інтэрнета.

Развіццю Т. садзейнічалі працы і вынаходствы П.Л.Шылінга, С.Ф.Б.Морзе, Б.С.Якобі, Э.В.Сіменса, Ж.М.Э.Бадо, Р.​Р.​Ігнацьева, А.​Ф.​Шорына, Л.​І.​Трэмля і інш.

Тэлеграфія: а — прылады тэлеграфа П.​Л.​Шылінга (1 — прыёмнік аднастрэлачны; 2 — прыёмнік шасцізначнага кода; 3 — перадатчык шасцізначнага кода; 4 — прыёмнік выкліку); б — друкавальны прыёмны апарат Морзе (1 — друкавальны дыск; 2 — рычаг, які прыцягваўся шпуляй 3 і прыціскаў дыск да папяровай стужкі); в, г — знешні выгляд і схема літарадрукавальнага апарата Б.​С.​Якобі (1 — электрамагніты; 2 — стужкі; 3 — сінхронныя колы з выгравіраванымі літарамі і лічбамі; 4 — лінія; К — кантакт, замыканнем якога перадаецца патрэбны знак паміж станцыямі I і II).

Літ.:

Усольцев А.Г. Телеграфия сегодня и завтра. М., 1971;

Павлова Г.Ф., Павлов К.М. Основы телеграфии и телеграфные аппараты. М., 1975;

Марценицен С.И., Новиков В.В. 150 лет отечественному телеграфу. М., 1982;

Сети связи: Каналообразующая и коммутационная телеграф. аппаратура: Справ. М., 1986;

Стеклов В.К. Телеграфия и системы передачи данных. М., 1988.

У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 116

ТЭЛЕГРА́ФНАЯ СТА́НЦЫЯ,

комплекс абсталявання, прызначаны для камутацыі каналаў сувязі тэлегр. сеткі. На Т.с. арганізуюцца часовыя злучэнні канцавых пунктаў тэлегр. сеткі ў працэсе тэлеграфнай сувязі. Злучэнні наладжваюцца ўручную аператарам-тэлеграфістам (на Т.с., абсталяваных тэлегр. камутатарамі) або аўтаматычна (на Т.с. з аўтам. камутацыйнымі ўстройствамі).

т. 16, с. 116