Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭАТРА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка да спектакляў драм т-раў; абавязковы кампанент сцэнічнага мастацтва. Істотна ўплывае на форму і змест спектакля, ідэйны сэнс драм. твора, на яго рытм і тэмп, надае дзеянню інтанац. адзінства, падкрэслівае кульмінацыі, характарызуе дзейных асоб, стварае пэўную эмац. атмасферу, канкрэтызуе час і месца дзеяння. Т.м. падзяляюць на ўнутрысцэн., прадугледжаную драматургам і абумоўленую сітуацыяй (песні, танцы, сігналы, фанфары), а таксама музыку, вынесеную за рамкі сцэн. дзеяння («па-за сцэнай»), якая вылучаецца абагульненым сэнсам і канцэнтруе ідэю пастаноўкі ў цэлым (уступы, антракты, застаўкі, фіналы). Для сучаснага т-ра характэрна музыка, што выконвае функцыі каментарыя і падтэксту, сэнсавай і эмац нюансіроўкі, «мікраструктурнасць» муз. пабудоў, разамкнутасць фрагментаў цытаванай музыкі, выкарыстанне магнітафонных запісаў, увядзенне сінтэзатара. Магчымасць выкарыстання музыкі ўсіх часоў і народаў і стварэнне ўласнай гукавой сферы спектакля можа прыводзіць да падбору музыкі, т.зв. абсалютызаванага муз. афармлення, ці абмежавання толькі шума-муз. эфектамі і гукапісам. Важную ролю адыгрываюць суадносіны запісанай і «жывой» музыкі, а таксама сучаснай быт. і эстр. (масавай) музыкі.

Гісторыя Т.м. ўзыходзіць ад сінкрэтызму нар. абрадаў і відовішчаў да сінтэтычнасці ант. і стараж.-ўсх. драмы, ад літургіі і містэрыі сярэдневякоўя да нар. драмы. У прафес. еўрап. т-ры да сярэдзіны 18 ст. музыка свабодна пераносілася з аднаго спектакля ў другі. Пытанне пра непасрэдную сувязь музыкі са зместам п’есы ўзняў Г.​Лесінг («Гамбургская драматургія», 1769). У 19 ст. Т.м. ўяўляла сабой пераважна закончаныя муз. нумары для сімф. аркестра ці вак.-інструментальныя. Сярод найб. значных музыка Л.​Бетховена, Ф.​Мендэльсона, Р.​Шумана, Э.​Грыга, Ж.​Бізэ, М.​Глінкі, П.​Чайкоўскага. На мяжы 19—20 ст. у Т.м. ўзнік новы кірунак, прадстаўнікі якога (рэжысёры К.​Станіслаўскі, У.​Меерхольд, Э.​Крэг) выступілі за стварэнне музыкі не да п’есы, а да канкрэтнай пастаноўкі, з улікам яе спецыфікі і асаблівасцей, што прывяло да пошукаў новых гукавых фарбаў, выкарыстання арыгінальнай інструментоўкі, арганічнасці ўвядзення муз. эпізоду ў драму. Сярод дасягненняў Т.м. 20 ст. — калектыўныя творы членаў франц. «Шасцёркі», ням. аўтараў К.​Орфа, К.​Вейля, Г.​Эйслера, П.​Дэсаў да твораў Б.​Брэхта. Сярод буйных партытур сав. Т.м. — музыка С.​Пракоф’ева, Ю.​Шапорына, Ц.​Хрэннікава. А.​Хачатурана, Г.​Свірыдава і інш.

На Беларусі вядома пра выкарыстанне музыкі ў паказах школьных і спектаклях прыватнаўласніцкіх т-раў, указанні на муз. эпізоды сустракаюцца ў творах Сімяона Полацкага (17 ст.) і Ф.​У.​Радзівіл (18 ст.). Развіццё бел. нац. т-ра звязана з нар. музыкай (пастаноўкі І.​Буйніцкага, п’есы В.​Дуніна-Марцінкевіча). У 1920—30-я г. на далейшае развіццё Т.м. паўплывала дзейнасць БДТ-1 (меў хор і балетную трупу), БДТ-3, БДТ-2, з якімі звязана дзейнасць кампазітараў А.​Аленіна, А.​Грачанінава, А.​Красева, У.​Крукава, Л.​Маркевіча, Р.​Пукста, Н.​Сакалоўскага, У.​Тэраўскага. 1930—40-я г. адметныя паяўленнем у т-рах значных буйнамаштабных партытур да спектакляў; музыка Я.​Цікоцкага («Бацькаўшчына» К.​Чорнага, 1932, «Паўлінка» Я.​Купалы, 1944), В.​Залатарова («Канец дружбы» К.​Крапівы, 1934), Цікоцкага і І.​Любана («Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча, 1938; усе ў БДТ-1), Любана («Несцерка» В.​Вольскага ў БДТ-2, 1941). У 1950—70-я г. з драм. тэатр. калектывамі супрацоўнічалі У.​Алоўнікаў, А.​Багатыроў, Ю.​Бяльзацкі, Г.​Вагнер, Я.​Глебаў, С.​Картэс, Пукст, М.​Русін, Ю.​Семяняка, Цікоцкі, А.​Туранкоў і інш. З 1970-х г. пашырыўся падбор фрагментаў з розных муз. твораў павялічылася выкарыстанне запісанай музыкі. Праца бел. кампазітараў у галіне Т.м. з яе спецыфічнымі патрабаваннямі, выразнай, бачнай вобразнасці абумовіла асаблівую відовішчнасць, яркасць, тэатральнасць іх твораў буйной формы — опер, балетаў, сімфоній, сюіт і інш. Музыку да спектакляў розных бел. т-раў стварылі таксама С.​Бельцюкоў, У.​Браілоўскі, В.​Войцік, А.​Залётнеў, В.​Іваноў, В.​Кандрасюк, У.​Кандрусевіч, Б.​Насоўскі, А.​Рананскі, Дз.​Смольскі, Р.​Уласюк і інш. У 1980-х г. вылучылася Т.м. А.​Янчанкі, І.​Лучанка, якая з’яўляецца выразным сродкам характарыстыкі дзейных асоб, робіць вял. эмац. ўздзеянне. У 1990—2000-я г. пастаўлены шэраг драм. спектакляў з адметнай Т.м.: музыка У.​Кур’яна да спектакля «Тутэйшыя» Я.​Купалы (1990), створаная з яго ўдзелам музыка да спектакля «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993), дзе ў якасці цытат-украпін выкарыстаны фрагменты музыкі М.​К.​Агінскага, Ф.​Шапэна, С.​Манюшкі, таксама ўдзельнічае «жывы» камерна-інстр. ансамбль, музыка В.​Капыцько да спектакляў «Князь Вітаўт» (1997) і «Чорная панна Нясвіжа» (2000) А.​Дударава (усе ў Нац. акад. т-ры імя Я Купалы). Традыц. муз. спектаклі для дзяцей і юнацтва (Бел. рэсп. т-р юнага гледача, лялечныя т-ры). Плённа ў гэтай сферы працуе Кандрусевіч. Многія творы Т.м. набылі самастойнае жыццё на канцэртнай эстрадзе, тэлебачанні і радыё (вальс і мазурка Багатырова з музыкі да драмы «Маскарад» М.​Лермантава, песні Семянякі з музыкі да спектакля «Узнятая цаліна», арк. сюіта Э.​Зарыцкага з музыкі да камедыі «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра, вальс Картэса з музыкі да спектакля «Мой бедны Марат» А.​Арбузава і інш.).

Літ.:

Глумов А. Музыка в русском драматическом театре. М., 1955;

Музыка в драматическом театре. Л., 1976;

Таршис Н. Музыка спектакля. Л., 1978;

Ювченко Н. «Монтаж» — или партитура? // Сов. музыка. 1978. № 11;

Яе ж. Музыка ў пастаноўках першых беларускіх савецкіх драматычных тэатраў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук 1980. № 2;

Яе ж. Музыка ў сучасным драматычным спектаклі: (на прыкладзе пастановак тэатра імя Я.​Коласа) // Мастацтва Беларусі. 1983. № 5;

Яе ж. Музыка ў пастаноўках драматычных тэатраў // Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993;

Яе ж. Музыка ў пастаноўках драматычных тэатраў // Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. Мн., 1997.

Н.​А.​Юўчанка.

т. 16, с. 100

«ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,

часопіс драматургіі і сцэн. мастацтва. Выдаваўся ў 1992—98 у Мінску на бел. мове адзін раз у 2 месяцы, да 1995 (№ 5) наз. «Тэатральная Беларусь». Сістэматычна змяшчаў новыя шматактовыя і аднаактовыя п’есы для дарослай і дзіцячай аўдыторыі, лялечных калектываў (творы М.​Арахоўскага, Г.​Аўласенкі, Р.​Баравіковай, У.​Бутрамеева, В.​Жуковіча, Х.​Жычкі, С.​Кавалёва, Г.​Марчука, Я.​Міклашэўскага, Т.​Мушынскай, Л.​Рублеўскай, І.​Сідарука, А.​Федарэнкі, І.​Чыгрынава і інш.). Публікаваў творы са спадчыны, якія раней не друкаваліся ці сталі бібліягр. рэдкасцю (п’есы Ф.​Аляхновіча, Н.​Арсенневай, К.​Буйло, М.​Радзівіла, Л.​Родзевіча, М.​Чарота, В.​Шашалевіча і інш.), а таксама пераклады на бел. мову п’ес Я.​Баршчэўскага, А.​Пушкіна, А.​К.​Талстога, Л.​Талстога. Змяшчаў артыкулы па праблемах развіцця драматургіі, сцэн. мастацтва, па гісторыі тэатра, пра творчасць аматараў, публіцыст. артыкулы пра сувязь мастацтва з рэаліямі жыцця, рэцэнзіі на найб. значныя спектаклі. Асвятляў міжнар. фестывалі, тэатралізаваныя святы, нар. традыцыі. Публікаваў творчыя партрэты дзеячаў тэатра, успаміны пісьменнікаў і акцёраў. Калектыў рэдакцыі ў 1994 заснаваў штогоднік «Беларуская драматургія», у якім змяшчаліся новыя неапублікаваныя п’есы, забытыя творы са спадчыны, пераклады з інш. моў на беларускую. Выдаў буклет «Балтыйская тэатральная вясна—92» (1992), кн. «Паўлюк Багрым» (1994), «Культура беларускага замежжа» (ч. 3, 1998), «Тэатры Беларусі» (на бел. і англ. мовах, 1998).

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 16, с. 101

ТЭАТРА́ЛЬНА-ДЭКАРАЦЫ́ЙНАЕ МАСТА́ЦТВА,

гл. Сцэнаграфія.

т. 16, с. 100

ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ БУДЫ́НКІ.

Прызначаны для падрыхтоўкі і правядзення тэатр. паказаў. Звычайна размяшчаюцца ў гар. грамадскіх цэнтрах, на плошчах або гар. магістралях і актыўна фарміруюць іх арх. аблічча. Паводле арх.-планіровачнай структуры памяшканні падзяляюцца на 4 асн. групы: відовішчную (глядзельная зала, касавы і ўваходны вестыбюль з гардэробам, фае, буфет, кулуары і інш.), сцэнічную (сцэна, артыстычныя прыбіральні, рэпетыцыйныя залы, склады аб’ёмных дэкарацый, мэблі і рэквізіту, касцюмерныя), вытв. майстэрняў і рэзервовых складоў. Паводле аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і размяшчэння месцаў для гледачоў залы сучасных Т.б. падзяляюцца на партэрна-ярусныя, амфітэатр і такія, дзе партэр ці амфітэатр дапаўняюцца балконамі. Т-ры лічацца вялікімі, калі маюць залы больш як на 1200 глядзельных месцаў, сярэднімі — да 1200 і малымі — да 800 месцаў.

Спец. збудаванні для тэатр. паказаў вядомы з антычнасці. У Стараж. Грэцыі склаўся класічны тып адкрытага т-ра з круглай ігравой пляцоўкай — архестрай і размешчанымі амфітэатрам месцамі для гледачоў (т-р Дыяніса ў Афінах, 6 ст. да н.э.). Далейшае развіццё Т.б. атрымалі ў Стараж. Рыме. У 1-й пал. 17 ст. з’явіліся Т.б. са шмат’яруснай глядзельнай залай. З канца 17 ст. пашыраны т.зв. італьян. тып Т.б. з авальнай у плане шмат’яруснай глядзельнай залай з лоджыямі. У 2-й пал. 18 ст. склаўся т.зв. франц. тып т-ра з круглай залай, на 3/4 па перыметры абкружаны адкрытымі суцэльнымі ярусамі, якія апіраюцца на калоны. У Расіі ў канцы 18—19 ст. будавалі т-ры італьян. і франц. тыпаў. У 20 ст. пашыраны залы традыц. ярусныя і з балконамі, а таксама адкрытыя Т.б. З 1930-х г. праектуюцца Т.б. новага тыпу для сінт. паказаў; для іх характэрны вял. ўмяшчальнасць, трансфармацыя сцэны і глядзельнай залы, каб пераносіць месца дзеяння са сцэны ў залу, механізацыя сцэн. абсталявання.

На Беларусі ў 17—18 ст. для паказаў школьнага т-ра ў будынках кляштараў, і калегіумаў, школ і інш. былі спец. тэатр. залы са сталай сцэнай, абсталяванай рознымі механізмамі, у т. л. люкамі, апафеозамі або глорыямі (прыстасаванні пад столлю над сцэнай для спуску з «нябёс» багоў, анёлаў) і інш. Такія залы былі ў калегіумах езуітаў у Полацку, Гродне, Нясвіжы, Навагрудку, Мінску і інш. Для прыватных т-раў, пашыраных, у 18—1-й пал. 19 ст. (Нясвіж, Слуцк, Слонім, Шклоў, Гродна, Свіслач, Віцебск, Магілёў), прыстасоўвалі розныя будынкі (напр., манеж у Слуцку, 1751) ці будавалі спецыяльна як ч. палацавага комплексу. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі выкарыстоўваўся т.зв. італьян. тып са шмат’яруснымі ізаляванымі лоджыямі, падковападобнай або авальнай залай, глыбокай сцэнай, аддзеленай ад залы невысокай балюстрадай, пляцоўкай для аркестра перад сцэнай. Найб. значныя будынкі былі ў Нясвіжы (т-р Радзівілаў «камедыенгаўз» 1747—48, арх. К.​Ждановіч), Слуцку (1758), Слоніме (1777—80, арх. І.​Мараіна), Шклове (1780, арх. П.​Барцанці; усе не захаваліся). Захаваўся будынак Гродзенскай муз. школы А.​Тызенгаўза (1780), у якім працавала і яго тэатр. школа. Вылучаўся корпус Ружанскага палацавага комплексу, дзе размяшчаўся т-р Сапегаў. Акрамя Т.б., з пач. 18 ст. магнаты стваралі ў сваіх парках і садах т-ры на вольным паветры (напр., т-р Радзівілаў Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і каля Нясвіжскага замка на рове, зялёны т-р «Кансаляцыя»; т.зв. плывучы т-р М.​Агінскага, 1771, гл. Слонімскі тэатр Агінскага). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў многіх гарадах узніклі публічныя т-ры, дзе для паказаў выкарыстоўвалі асобныя памяшканні розных будынкаў (у Мінску залы ратушы, 1847, Дваранскага сходу, 1864; бакавы флігель Святадухаўскага манастыра, 1803—17) ці будаваліся спецыяльна (тэатр. афіцына ў Мінску, 1799, арх. Ф.​Крамер). У 2-й пал. 19 ст. пад Т.б. рэканструяваны жылыя дамы ў Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. У гар. садах і парках ствараліся летнія т-ры («Ваксалы» ў Віцебску, і 1846, і Магілёве; летні т-р у Мінску, адкрытая сцэна ў Максімаўскім парку ў Гомелі). Створаны стацыянарныя Т.б. ў Мінску (гл. Мінскі гарадскі тэатр), Магілёве (гл. Магілёўскі абласны драматычны тэатр), Віцебску (1845, арх. М.​Чарвінскі, не захаваўся; 1889, арх. А.​Кляменцьеў), Гомелі (1887—1900). У пач. 20 ст. пабудаваны летні драўляны гар. т-р у Оршы, т-р «Мадэрн» у Рагачове, электратэатр «Сатурн» у Гродне, летні тэатр-цырк у Брэсце, тэатр-вар’етэ з рэстаранам «Акварыум» у Мінску (адкрыўся ў 1905), т-р у Баранавічах (усе не захаваліся). Большасць дарэв. Т.б. былі яруснага тыпу. У 1930-я г. пад т-ры прыстасоўвалі культавыя будынкі (Чырвоны касцёл і Харальная сінагога ў Мінску і інш.). Узведзены Мазырскі клуб-тэатр, будынкі Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь»), Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра Беларусі (цяпер Нац. акад. драм. т-р імя М.​Горкага), Тэатра юнага гледача Беларусі (цяпер Бел. рэсп. т-р юнага гледача), Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (цяпер Нац. акад. т-р імя Я.​Коласа) у Віцебску. Гал. фасады гэтых будынкаў упрыгожаны шматкалоннымі порцікамі, планы маюць традыц. тэатр. схему з сім. размяшчэннем памяшканняў, глядзельныя залы — партэр ці амфітэатр з балконамі. У 1965 пабудаваны Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі (цяпер Бел. дзярж. т-р лялек). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні Т.б. 1970—80-х г. маст. ролю адыгрываюць усе фасады, будынкам уласціва дынамічная кампазіцыя Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь, цяпер Бел. дзярж. муз. т-р; Гродзенскі абласны драматычны тэатр). Залы тэатр. тыпу маюць Дом афіцэраў у Мінску (1934—38, арх. І.​Лангбард), большасць пабудаваных у 1960—70-я г. палацаў культуры, Рэспублікі палац, канцэртная зала «Мінск» (1987, арх. Л.​Пагарэлаў, Ю.​Кустоў, Л.​Кустова, А.​Чадовіч). У 1988 пабудаваны летні амфітэатр у Віцебску (арх. В.​Бабашкін), у 1993 — комплексны будынак Дзярж. харэагр. каледжа Беларусі.

Літ.:

Барышев Г.И., Егорова И.Ю. Театральные здания и сооружения XVIII в. в Белоруссии // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1982. № 1;

Чарнатаў В.М. Архітэктура тэатраў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973. № 1;

Дзянісаў У. З гісторыі тэатральных будынкаў XIX ст. ў Мінску // Тэатр. Мінск. 1985. № 3;

Кулагін А. Мадэрн, відовішча // Мастацтва. 1992 № 8.

В.​І.​Анікін, В.​М.​Чарнатаў.

Да арт. Тэатральныя будынкі. Адкрытая сцэна ў Максімаўскім парку ў Гомелі. Здымак пач. 20 ст.
Да арт. Тэатральныя будынкі. Гарадскі тэатр у Віцебску. Здымак пач. 20 ст.
Да арт. Тэатральныя будынкі. Гродзенскі абласны драматычны тэатр.
Да арт. Тэатральныя будынкі. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.​Горкага ў Мінску.

т. 16, с. 102

«ТЭАТРА́ЛЬНЫ МІНСК»,

часопіс Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі. Выходзіў у 1961—90 у Мінску на бел. мове 6 разоў на год. Асвятляў найб. значныя падзеі тэатр. жыцця (фестывалі, конкурсы, агляды і інш.). Спец. выпускі прысвячаліся асобным т-рам з нагоды юбілею, гастроляў і важным у гісторыі культуры Беларусі датам. Меў рубрыкі: «Праграмы спектакляў», «Рэцэнзіі», «Творчыя партрэты», «Старонкі гісторыі», «Кніжная паліца», у якіх змяшчаліся праграмы бягучага рэпертуару мінскіх т-раў, артыкулы па тэорыі і гісторыі тэатр. мастацтва, рэцэнзіі на прэм’еры і кнігі па т-ры, творчыя партрэты дзеячаў сцэны.

Л.​Г.​Клімовіч.

т. 16, с. 101

ТЭАТРА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й імя А.​А.​Бахрушына, Дзяржаўны цэнтральны тэатральны музей імя А.​А.​Бахрушына,

найбуйнейшы ў свеце тэатр. музей. Засн. ў 1894 у Маскве рас. тэатр. дзеячам К.А.Бахрушыным на аснове ўласнай калекцыі. З 1909 літ.-тэатр. музей, пасля перадачы літ. збору ў інш. архівы — тэатральны. У 1913 перададзены Бахрушыным Рас. АН, з 1918 дзярж., з 1919 імя Бахрушына, які прызначаны пажыццёвым дырэктарам музея. У фондах больш за 1 млн. адзінак па гісторыі рас. т-ра: асабістыя фонды, рукапісы буйнейшых акцёраў, рэжысёраў, драматургаў і інш., зборы тэатр. праграм і афіш, эскізаў дэкарацый і касцюмаў вядомых тэатр. мастакоў, рэдкіх фотаздымкаў і негатываў. У кніжным фондзе больш за 70 тыс. тамоў. Дзейнічае (з 1948) пастаянная выстаўка, прысвечаная Ф.​Шаляпіну.

Літ.:

Государственный центральный театральный музей им. А.​А.​Бахрушина: Альбом. М., 1971;

По страницам театральных рукописей. М., 1988.

т. 16, с. 102

ТЭА́ТР-СТУ́ДЫЯ КІНААКЦЁРА Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Створаны ў 1980 як эксперым. творчая лабараторыя з мэтай садзейнічаць захаванню прафес. акцёрскай формы, удасканаленню майстэрства, Аснову т-ра складалі штатныя акцёры кінастудыі «Беларусьфільм», пазней ён папоўнены выпускнікамі Бел. тэатр.-маст. ін-та, Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі (бел. набор, педагог І.​Таланкін), акцёрамі з інш. тэатраў. Гал. рэжысёры: В.​Анісенка (1980—82), Б.​Луцэнка (1982—90); маст. кіраўнік А.​Яфрэмаў (з 1991); гал. мастакі Дз.​Мохаў (1983—94), з 1998 Л.​Пруднікаў.

Спроба арганізаваць т-р зроблена ў 1979; група кінаакцёраў з удзелам акцёраў мінскіх т-раў падрыхтавала і паказала спектакль «Паляванне на качак» А.​Вампілава (рэж. Анісенка). Адкрыўся т-р 30.3.1982 спектаклем «Усё яго жыццё» паводле кінааповесці «Камуніст» Я.​Габрыловіча. У 1980-я — пач. 1990-х г. у рэпертуары т-ра пераважалі п’есы, якія ўзнімалі вострыя маральна-этычныя і сац. праблемы («Глядзіце, хто прыйшоў» У.​Аро, «Шчасце маё...» А.​Чарвінскага, «Не баюся Вірджыніі Вулф» Э.​Олбі і інш.). Адначасова вяліся пошукі арган. спалучэння мастацтва т-ра і кіно, новых сродкаў выразнасці, у т. л. ўключэнне кінафрагментаў у сцэн. дзеянне (кінаканцэрт «Саракавыя», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» І.​Чыгрынава), прыём «здымачная пляцоўка» на сцэне («Камедыя пра Лісістрату» паводле Арыстафана), «буйны план», патрабаванне арганічнасці ігры пры непасрэдным кантакце акцёраў з гледачом ва ўмовах залы на 220 месцаў.

1990-я — пач. 2000-х г. адметныя ўключэннем у рэпертуар разам з сучаснай драматургіяй («Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.​Данілава, «Міленькі ты мой» М.​Варфаламеева) класічных твораў: «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча, «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага, «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа, «Пігмаліён» Б.​Шоу; п’ес маладых бел. драматургаў: «Шчаўкунок» А.​Палешчанковай, «Поле бітвы» С.​Бартохавай. Т-р праводзіць канцэрты, аўтарскія і творчыя вечары вядомых майстроў сцэны і экрана. У трупе т-ра (2002); нар. арт. Беларусі У.​Гасцюхін, засл. артысты Беларусі А.​Бяспалы, Л.​Румянцава, С.​Сухавей, А.​Цімошкін, артысты А.​Адзінцова, В.​Арланава, С.​Вількін, У.​Грыцэўскі, А.​Гур’еў, Н.​Жукоўская, С.​Іваноў, А.​Караблёва, А.​Кацянёў, А.​Кашпераў, Л.​Мардачова, Т.​Мужэнка, І.​Нарбекава, Ю.​Палубінская, А.​Проліч, Н.​Разанцава, В.​Рыбчынскі, В.​Сізова, І.​Сцяпанаў, А.​Цярпіцкі, П.​Юрчанкаў старэйшы, П.​Юрчанкаў малодшы. Працуе ў тэатр. зале кінатэатра «Масква».

Літ.:

Брандабоўская Л., Сцяпанава Я. «Мы імкнёмся да гарызонта...» // Беларусь. 1986. № 2;

Арлова Т. Пасярод праблем сусвету: На спектаклях Мінскага тэатра-студыі кінаакцёра // Мастацтва Беларусі. 1987 № 3.

Н.​М.​Шукан.

Тэатр-студыя кінаакцёра. Сцэна са спектакля «Пігмаліён» Б.​Шоу.
Тэатр-студыя кінаакцёра. Сцэна са спектакля «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа.

т. 16, с. 103

ТЭА́ТР АБСУ́РДУ,

адно з праяўленняў авангардызму ў зах. л-ры і т-ры 1950—60-х г. Заснавальнікі — С.​Бекет і Э.​І.​Іанеска (гл. таксама Абсурду драма). Паняцце «абсурд» прыйшло з філасофіі экзістэнцыялізму і асэнсоўвалася як нешта ірацыянальнае, пазбаўленае сэнсу і лагічнай сувязі з тэкстам або сцэн, увасабленнем. Элементы Т.а. прасочваюцца ў тэатр. формах і традыцыях задоўга да ўзнікнення абсурду 1950-х г. (фарс, гратэскныя інтэрмедыі У.​Шэкспіра і т-ра рамантызму, камедыя дэль артэ і інш.). Эстэтычна абапіраецца на прынцыповы разрыў з мінулай традыцыяй — «антытэатр», які ўзнік як антытэзіс класіцысцкай драматургіі, эпічнай сістэме Б.​Брэхта і рэалізму нар. т-ра і змяшчаў пафас пратэсту супраць мяшчанскай рэчаіснасці і маралі. Абсурд існуе ў некалькіх праяўленнях: нігілістычны — тэкст не нясе ніякай інфармацыі (Іанеска, В.​Хільдэсхаймер); сатыр., асн. прыём якога — гратэск, пародыя (Ф.​Дзюрэнмат, Г.​Грас); як структурны прынцып адлюстравання сусветнага хаосу, негарманічнага вобраза чалавецтва (Бекет, А.​Адамаў). Атрымаў развіццё таксама ў творчасці драматургаў-абсурдыстаў В.​Гавела, С.​Мрожака, Ж.​Жэнэ, Х.​Пінтэра і інш. Уплывае на стыль сучасных твораў і пастановак.

т. 16, с. 93

ТЭА́ТР ВАЕ́ННЫХ ДЗЕ́ЯННЯЎ (ТВД),

пэўная тэрыторыя і прылеглая да яе марская і паветраная прастора, дзе могуць весціся (вядуцца) ваен. дзеянні; частка тэатра вайны. Уключае некалькі стратэг. напрамкаў і раёнаў (акіянскіх зон і марскіх раёнаў).

У 2-ю сусв. вайну на кожным Т.в. дз. размяшчаліся буйныя стратэг. групоўкі ў складзе некалькіх аператыўных аб’яднанняў розных відаў узбр. сіл, якія дзейнічалі па адзіным плане. Памеры кантынентальных Т.в.дз. дасягалі па фронце 300—600 км і ў глыбіню 800—1000 км.

У сучасных умовах рысамі Т.в.дз. сталі: параўнальная цэласнасць яго ў паліт.-эканам. адносінах, наяўнасць на яго тэр. аб’ектаў стратэг. значэння, магчымасць разгортвання и дзеянняў буйных стратэг. груповак. Межы і склад Т.в.дз. вызначаюцца ваен.-паліт. кіраўніцтвам дзяржавы (кааліцыяй дзяржаў).

С.​В.​Папоў.

т. 16, с. 93

ТЭА́ТР ВАЙНЫ́,

пэўная тэрыторыя сушы, акваторыя акіяна і паветрана-касмічная прастора над імі, дзе ўзбр. сілы дзяржаў (кааліцыі дзяржаў) вядуць або могуць весці вайну (ваен. дзеянні стратэг. маштабу). Звычайна ўключае некалькі тэатраў ваенных дзеянняў на адным кантыненце з прылеглымі акваторыямі або адным акіяне з прыбярэжнай зонай, архіпелагамі і астравамі.

У 2-ю сусв. вайну існавалі Т.в. Еўрапейскі, Паўн.-Афрыканскі, Ціхаакіянскі і інш. На Еўрап. Т.в. знаходзілася да 370 злучэнняў фаш. блоку. Каля 270 з гэтых дывізій дзейнічала на сав.-герм. фронце, значная частка — на тэр. Беларусі (гл. Прыгранічныя бітвы 1941, Беларуская аперацыя 1944). У Паўн. Афрыцы знаходзілася да 20 дывізій праціўніка. На Ціхаакіянскім Т.в. пераважна дзейнічалі сілы ВМФ (ВМС), марская авіяцыя і марская пяхота ЗША і Японіі (у некат. аперацыях, напр., Акінаўскай 1945, з двух бакоў прымалі ўдзел больш за 2 тыс. караблёў і катэраў і каля 5 тыс. самалётаў). Фактычна самаст. тэатрам ваен. дзеянняў быў Атлантычны акіян (гл. Бітва за Атлантыку 1939—45), дзе ў баявых дзеяннях ЗША і Вялікабрытаніі супраць Германіі ўдзельнічалі тысячы караблёў і самалётаў (страты герм. ВМС склалі больш за 800 падводных лодак і інш.).

Пры вядзенні лакальнай вайны Т.в. можа супадаць з тэр. тэатра ваен. дзеянняў або яго часткай (гл. напр., Кувейцкі крызіс 1990—91).

т. 16, с. 93