Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТО́КАРАЎ Фёдар Васілевіч (14.6.1871, станіца Егарлыкская Растоўскай вобл., Расія — 7.6.1969),

расійскі канструктар стралковай зброі. Д-р тэхн. н. (1940). Герой Сац. Працы (1940). Скончыў казацкае юнкерскае вучылішча (1900). У 1907 перарабіў магазінную вінтоўку ўзору 1891 у аўтаматычную. З 1916 на зброевым з-дзе. У 1927 сканструяваў пісталет-кулямёт (аўтамат) пад рэвальверны патрон, у 1930—40-х г. самазарадны пісталет ТТ, самазарадныя вінтоўкі СВТ-38, СВТ-40, аўтам. вінтоўку АВТ-40 (выкарыстоўваліся ў Вял. Айч. вайну). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 15, с. 482

ТО́КАТЫ,

дзеючы вулкан у цэнтр. ч. в-ва Хакайда, у Японіі. Складзены з андэзітаў. Расчлянёны эрозіяй на некалькі пікаў выш. да 2077 м. Апошняе вывяржэнне ў 1962. Б.ч. года ўкрыты снегам. Тэрмальныя крыніцы. У складзе нац. парку Дайсецудзан. Радовішча серы.

т. 15, с. 482

ТО́КІО,

горад, сталіца Японіі. Знаходзіцца на ПдУ в-ва Хонсю, на раўніне Канто, каля ўпадзення рэк Суміда і Тама ў бухту Сінагава Такійскага зал. Ціхага акіяна. Адзін з найбуйнейшых гарадоў свету. У т.зв. сталічны раён уваходзяць гарады і нас. пункты 4 прэфектур, 34 750 тыс. ж. (2000). Т. — гал. вузел чыгунак і аўтадарог краіны, буйны порт (штогадовы грузаабарот больш за 80 млн. т). Міжнар. аэрапорты Ханеда і Нарыта. Вузел скорасных чыгунак і нац. аўтастрад. У Т. ствараецца каля 30% валавога ўнутр. прадукту краіны. Таварныя, фондавыя і валютныя біржы, штаб-кватэры яп. і замежных манаполій, банкі, страхавыя і трансп. кампаніі. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (трансп. сродкі, станкі, дакладныя прылады, эл.-тэхн. і электроннае абсталяванне), металургічная, хім. (лякарствы, касметыка, фотатавары, лакі, фарбы і інш.), нафтаперапр. і нафтахім. (у т. л. валокны, пластмасы), паліграф. (каля 50% вытв-сці ў краіне), харч., лёгкая, вытв-сць цацак і інш. Метрапалітэн. Такійскія дзярж. і муніцыпальны ун-ты, прыватныя ун-ты Васэда, Кэйо, Мэйдзі. Яп. АН. Яп. акадэмія мастацтваў. Нац. даследчы цэнтр абароны ад стыхійных бедстваў. Тэатры, у т. л. нац. тэатр Кабукі. Больш за 30 музеяў. Цэнтр турызму міжнар. значэння.

У 1457 на месцы сучаснага Т. пабудаваны замак Эда, вакол якога пачалі расці пасяленні рамеснікаў і гандляроў. У канцы 16 ст. замкам завалодаў заснавальнік 3-й дынастыі сёгунаў (правіцеляў) Японіі Іэясу Такугава. На працягу перыяду праўлення сёгунаў Такугава (1603—1867) Эда быў іх рэзідэнцыяй (афіц. сталіца г. Кіёта). У 18 ст. Эда — адзін з найбуйн. гарадоў свету (у 1787—1,3 млн. чал.). У 1869 у Эда перанесена з Кіёта рэзідэнцыя імператара, горад стаў сталіцай Японіі і перайменаваны ў Т. («усходняя сталіца»), У 2-й пал. 19 ст. тут развіваліся шаўковая, лакавая, фаянсавая і эмалевая, з канца 19 ст. — машына- і суднабудаўнічая прам-сць. У 1923 амаль палавіна горада знішчана землетрасеннем і пажарамі. У 1944—45 многія кварталы зруйнаваны бамбардзіроўкамі амер. авіяцыі. У 1948 у Т. адбыўся судовы працэс над гал. японскімі ваен. злачынцамі (гл. Такійскі працэс). Месца правядзення XVIII Алімп. гульняў (1964).

Гістарычна Т. падзяляецца на Стары горад і Новы горад. Цэнтр забудаваны шчыльна, ускраіны — нераўнамерна. У цэнтры знаходзяцца: комплекс імператарскага палаца (1457, пашыраны ў 1624—44, да 1869 замак Эда — узор яп. замкавай архітэктуры перыяду Эда); палацавы комплекс (каля 1600, перабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст.), новы палац (1960); паркі Рыкугіен (1695—1702) і Уэна са званіцай 17 ст.; сінтаісцкія храмы Тосёгу (сучасны выгляд з 17 ст.) і Мэйдзі (канец 19 ст.), свяцілішча Ясукуні (1919); будыйскі храм Канон (засн. у 7 ст., адноўлены ў 1955).

Сярод значных будынкаў: палац Акасака (1899—1908, арх. А.​Катаяма), парламент (1918—36), т-р Кабукі (1924, арх. С.​Акада), цэнтр. тэлеграф (1925, арх. М.​Ямада). Вылучаюцца пабудовы К.Тангэ, К.​Маэкава — шпіталь Кэйо (1948), Метраполітэн фестывал хол (1958—61), комплекс ун-та Гакусёін (1959—60), грамадскія і жылыя будынкі. У 2-й пал. 20 ст. створаны новыя гар. цэнтры Т. з вышыннымі і падземнымі збудаваннямі, жылымі дамамі.

Літ.:

Иконников А.В., Заварухин Ю.И. Токио. Л., 1978.

Цэнтральная частка Токіо.
Панарама Токіо.

т. 15, с. 482

ТОК ЗРУШЭ́ННЯ,

фізічная велічыня, што характарызуе магн. дзеянне пераменнага электрычнага поля. Уведзены Дж.К.Максвелам у яго тэорыі эл.-магн. поля: пераменнае эл. поле стварае адпаведнае магнітнае поле па такіх жа законах, што і ток праводнасці. Шчыльнасць Т.з. Jзруш = ∂D→ / ∂t , дзе D — вектар электрычнага зрушэння (гл. Максвела ўраўненні).

Поўны Т.з. складаецца з вакуумнага Т.з., абумоўленага скорасцю змены напружанасці электрычнага поля ў вакууме (без руху эл. зарадаў; не суправаджаецца выдзяленнем джоўлевай цеплаты), і палярызацыйнага Т.з. ў дыэлектрыках, абумоўленага зрушэннем звязаных эл. зарадаў у рэчыве (суправаджаецца выдзяленнем джоўлевай цеплаты; гл. Дыэлектрычныя страты). Т.з. забяспечвае замкнёнасць ланцугоў любых непастаянных токаў, напр., пры зарадцы (разрадцы) кандэнсатара паміж яго абкладкамі ўзнікае Т.з., што замыкае эл. ланцуг.

т. 15, с. 482

ТОЛ,

тое, што трынітраталуол.

т. 15, с. 483

ТО́ЛА,

рака ў Манголіі, правы прыток р. Архон (бас. р. Селенга). Даўж. 704 км, пл. бас. 53,2 тыс. км². Пачынаецца на нагор’і Хэнтэй, цячэ пераважна па нізкагор’ях і ўзгорыстых раўнінах. Летнія паводкі, зімой нізкі сцёк. Сярэдні расход вады каля 25 м³/с. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны красавіка. На Т. — г. Улан-Батар.

т. 15, с. 483

ТО́ЛАНД (Toland) Джон (30.11.1670, каля г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 11.3.1722),

англійскі філосаф. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1687—90), Эдынбурга (1690), Лейдэна (1691—92), Оксфарда (1693—95). У творах «Племя левітаў» (1691, не захаваўся), «Хрысціянства без таямніц» (1696) выступіў з крытыкай хрысціянства, за што абвінавачаны ў нападках на рэлігію і маральнасць і прыгавораны да зняволення, але схаваўся. Выдаў паліт. творы англ. рэспубліканцаў Дж.​Мільтана (1699) і Дж.​Гарынгтана (1700). У асн. філас. працах «Лісты да Серэны» (1704) і «Пантэістыкан» (1720) развіваў ідэі матэрыяльнасці бясконцага і вечнага Сусвету, адзінства руху і матэрыі. Рух разглядаў як сутнасную, універсальную ўласцівасць матэрыі, якая характарызуецца спрадвечнай актыўнасцю, але не выходзіў за межы механіст. матэрыялізму, адмаўляў развіццё прыроды і ўзаемасувязь руху матэрыі і яе якасных змен. Абвяргаў вучэнні Б.Спінозы пра нерухомасць і нязменнасць субстанцыі і пра мысленне як яе ўсеагульны атрыбут і канцэпцыю І.​Ньютана пра абсалютную прастору. Абгрунтаваў палажэнне пра непарыўную сувязь прасторы і часу з рухам і матэрыяй.

А.​Б.​Савеня.

т. 15, с. 483

ТО́ЛЕР (Toller) Эрнст (1.12.1893, Шамоцын Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча — 22.5.1939),

нямецкі пісьменнік; адзін з лідэраў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Грэноблі (да 1914), у Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. За ўдзел у рэв. падзеях зняволены ў турму (1919—24). З 1933 у эміграцыі. Чалавек і рэвалюцыя — гал. тэма яго драм «Чалавек-маса» (1921), «Разбуральнікі машын» (1922), «Хінкеман», «Вызвалены Вотан» (абедзве 1923), «Гоп-ля, мы жывём» (1927), «Тушыць катлы!» (1930), «Пастар Галь» (1939). Аўтар зб. вершаў «Кніга ластавак» (1924), аўтабіягр. нататак «Юнацтва ў Германіі» (1933), кн. «Лісты з турмы» (1935), публіцыстыкі. У творах праблемы гуманнасці і жорсткасці, асобы і гісторыі, рэв. масы і яе правадыра, небяспекі нацызму; для іх характэрны абстрагаваныя вобразы-сімвалы, гратэск, настроі адзіноты, бездапаможнасці, катастрафізму.

Тв.:

Рус. пер. — Тюремные песни. М., 1925;

Штурм голода: Воспоминания и наброски. М., 1926;

Живем, живем! Л., 1928;

Дело об убийстве. М., 1934.

Літ.:

Экспрессионизм. М., 1966.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 483

ТО́ЛКІН, Толкіен (Tolkien) Джон Рональд Руэл (3.1.1892, г. Блумфантэйн, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 2.9.1973), англійскі пісьменнік, вучоны-філолаг. У Англіі з 1895. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1911—14). З 1920 праф. Лідскага, з 1925 Оксфардскага ун-таў. Вядомасць прынесла казачна-гераічная эпапея «Валадар Кольцаў» (раманы «Брацтва Кальца», «Дзве крэпасці», абодва 1954; «Вяртанне караля», 1955; перапрацаванае выд. 1966; экранізаваны ў 2001), у якой праблемы гіст. лёсу чалавецтва, прыроды і шматаблічнасці зла, суадносін улады і дыктату. Эпічным сюжэтам і вобразам яго твораў адпавядаюць патэтычны стыль і насычанасць фантастыкай; у іх фалькл. вобразы суіснуюць з народжанымі ўласнай фантазіяй, у маст. тканку якой уплецены каламбуры, загадкі, шматсэнсавыя сімвалы. Аўтар аповесці-казкі «Хобіт, або Туды і назад» (1937), незавершаных твораў «Сільмарыліён» (выд. 1977), «Кніга згубленых паданняў» (выд. 1983—84). Апублікаваў манаграфіі пра Дж.​Чосера (1934), пра эпас «Беавульф» (1937), слоўнік сярэднеангл. мовы, зб. артыкулаў і эсэ «Дрэва і ліст» (1964).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. Тула, 1994.

Літ.:

Кошелев С.Л. Жанровая природа «Повелителя Колец» Дж.Р.​Р.​Толкина // Проблемы метода и жанра в зарубежной литературе. М., 1981. Вып. 6.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 483

ТОЛЬ (ад франц. tôle),

рулонны дахавы гідраізаляцыйны матэрыял. Атрымліваюць апрацоўкай дахавага кардону дзёгцевымі прадуктамі. Выкарыстоўваецца для пакрыцця дахаў часовых збудаванняў (менш даўгавечны, чым руберойд), гідра- і параізаляцыі буд. канструкцый.

т. 15, с. 483