горад, сталіца Японіі. Знаходзіцца на ПдУ в-ва Хонсю, на раўніне Канто, каля ўпадзення рэк Суміда і Тама ў бухту Сінагава Такійскага зал. Ціхага акіяна. Адзін з найбуйнейшых гарадоў свету. У т.зв. сталічны раён уваходзяць гарады і нас. пункты 4 прэфектур, 34 750 тыс.ж. (2000). Т. — гал. вузел чыгунак і аўтадарог краіны, буйны порт (штогадовы грузаабарот больш за 80 млн.т). Міжнар. аэрапорты Ханеда і Нарыта. Вузел скорасных чыгунак і нац. аўтастрад. У Т. ствараецца каля 30% валавога ўнутр. прадукту краіны. Таварныя, фондавыя і валютныя біржы, штаб-кватэры яп. і замежных манаполій, банкі, страхавыя і трансп. кампаніі. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (трансп. сродкі, станкі, дакладныя прылады, эл.-тэхн. і электроннае абсталяванне), металургічная, хім. (лякарствы, касметыка, фотатавары, лакі, фарбы і інш.), нафтаперапр. і нафтахім. (у т. л. валокны, пластмасы), паліграф. (каля 50% вытв-сці ў краіне), харч., лёгкая, вытв-сць цацак і інш. Метрапалітэн. Такійскія дзярж. і муніцыпальны ун-ты, прыватныя ун-ты Васэда, Кэйо, Мэйдзі. Яп.АН. Яп. акадэмія мастацтваў. Нац. даследчы цэнтр абароны ад стыхійных бедстваў. Тэатры, у т. л.нац. тэатр Кабукі. Больш за 30 музеяў. Цэнтр турызму міжнар. значэння.
У 1457 на месцы сучаснага Т. пабудаваны замак Эда, вакол якога пачалі расці пасяленні рамеснікаў і гандляроў. У канцы 16 ст. замкам завалодаў заснавальнік 3-й дынастыі сёгунаў (правіцеляў) Японіі Іэясу Такугава. На працягу перыяду праўлення сёгунаў Такугава (1603—1867) Эда быў іх рэзідэнцыяй (афіц. сталіца г. Кіёта). У 18 ст. Эда — адзін з найбуйн. гарадоў свету (у 1787—1,3 млн.чал.). У 1869 у Эда перанесена з Кіёта рэзідэнцыя імператара, горад стаў сталіцай Японіі і перайменаваны ў Т. («усходняя сталіца»), У 2-й пал. 19 ст. тут развіваліся шаўковая, лакавая, фаянсавая і эмалевая, з канца 19 ст. — машына- і суднабудаўнічая прам-сць. У 1923 амаль палавіна горада знішчана землетрасеннем і пажарамі. У 1944—45 многія кварталы зруйнаваны бамбардзіроўкамі амер. авіяцыі. У 1948 у Т. адбыўся судовы працэс над гал. японскімі ваен. злачынцамі (гл.Такійскі працэс). Месца правядзення XVIII Алімп. гульняў (1964).
Гістарычна Т. падзяляецца на Стары горад і Новы горад. Цэнтр забудаваны шчыльна, ускраіны — нераўнамерна. У цэнтры знаходзяцца: комплекс імператарскага палаца (1457, пашыраны ў 1624—44, да 1869 замак Эда — узор яп. замкавай архітэктуры перыяду Эда); палацавы комплекс (каля 1600, перабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст.), новы палац (1960); паркі Рыкугіен (1695—1702) і Уэна са званіцай 17 ст.; сінтаісцкія храмы Тосёгу (сучасны выгляд з 17 ст.) і Мэйдзі (канец 19 ст.), свяцілішча Ясукуні (1919); будыйскі храм Канон (засн. у 7 ст., адноўлены ў 1955).
Сярод значных будынкаў: палац Акасака (1899—1908, арх. А.Катаяма), парламент (1918—36), т-р Кабукі (1924, арх. С.Акада), цэнтр. тэлеграф (1925, арх. М.Ямада). Вылучаюцца пабудовы К.Тангэ, К.Маэкава — шпіталь Кэйо (1948), Метраполітэн фестывал хол (1958—61), комплекс ун-та Гакусёін (1959—60), грамадскія і жылыя будынкі. У 2-й пал. 20 ст. створаны новыя гар. цэнтры Т. з вышыннымі і падземнымі збудаваннямі, жылымі дамамі.