Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́ЛГА

(у старажытнасці Ра, у сярэднія вякі Ітыль),

рака ў еўрапейскай ч. Расіі, адна з самых вял. рэк на зямным шары, буйнейшая ў Еўропе. Даўж. 3530 км, пл. бас. 1360 тыс. км². Пачынаецца на Валдайскім узв., цячэ да г. Казань амаль у шыротным, а потым у мерыдыянальным напрамку. Упадае ў Каспійскае м., утварае вял. (пл. 19 тыс. км²) дэльту.

Выток Волгі — крыніца каля в. Волга-Вярхоўе ў Калінінскай вобл. У вярхоўях Волгі працякае цераз Верхняволжскія азёры (найб. — Сцерж, Усялуг, Пена, Волга), сцёк якіх рэгулюецца плацінай (бейшлотам); ніжэй — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Іванькаўская, Угліцкая, Рыбінская, Горкаўская, Чэбаксарская, Волжская (Самарскае вадасх.), Саратаўская, Волжская імя XXII з’езда КПСС (Валгаградскае вадасховішча). У раёне Рыбінск—Яраслаўль і ніжэй г. Кастрама цячэ ў вузкай даліне сярод высокіх берагоў, перасякае Угліцка-Данілаўскае і Галіцка-Чухломскае ўзвышшы, далей — уздоўж Унжанскай і Балахнінскай нізін. У сярэднім цячэнні, ніжэй упадзення Акі, цячэ ўздоўж паўн. краю Прыволжскага ўзв., даліна асіметрычная. Правы бераг ракі высокі, левы — нізінны. У ніжнім цячэнні, пасля ўпадзення Камы, да Валгаграда асіметрычнасць даліны захоўваецца. Каля г. Тальяці Волга з У агінае Жыгулёўскія горы і ўтварае Самарскую Луку. У выніку стварэння вадасховішчаў рэжым Волгі ў значнай ступені зарэгуляваны. Ніжэй Валгаграда рака цячэ ў сваіх натуральных берагах. Волга прымае каля 200 прытокаў, найбольшыя: Ака, Сура, Свіяга (справа); Малога, Вятлуга, Кама, Самара, Вял. Іргіз (злева). Жыўленне снегавымі (80% гадавога сцёку), грунтавымі (30%) і дажджавымі (10%) водамі. Для рэжыму Волгі характэрны веснавое разводдзе (Крас.чэрв.), летняя і зімовая межані, дажджавыя паводкі ўвосень і часткова летам. Ледастаў з канца ліст. ў верхнім і сярэднім цячэнні да пач. Крас., у ніжнім з пач. снеж. да сярэдзіны сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля г. Валгаград 7240 м³/с, у вусці — 7710 м³/с. Па берагах Волгі Астраханскі запаведнік, Волжска-Камскі і Жыгулёўскі запаведнікі, прыродныя нац. паркі Марый Чодра і Самарская Лука. Волга злучана з Балтыйскім м. Волга-Балтыйскім водным шляхам, з Белым м.Паўночна-Дзвінскай воднай сістэмай і Беламорска-Балтыйскім каналам, з Азоўскім і Чорным марамі — Волга-Данскім суднаходным каналам, з р. Масква — Масквы імя каналам. Буйнейшая трансп. артэрыя еўрап. ч. Расіі, выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння. У Волзе каля 70 відаў рыб, з іх 40 прамысловых (вобла, селядзец, лешч, судак, сазан, сяўруга, сом, бялуга, асетр і інш.). Рэгулярнае суднаходства ад г. Ржэў (3256 км). Важнейшыя прамысл. цэнтры і парты: Цвер, Рыбінск, Яраслаўль, Кастрама, Ніжні Ноўгарад, Чэбаксары, Казань, Ульянаўск, Тальяці, Самара, Саратаў, Валгаград, Астрахань. Турызм. З абвастрэннем экалагічных праблем Волгі ў 1989 пачаў дзейнасць Камітэт выратавання Волгі.

Літ.:

Кублицкий Г.И. На Волге широкой. М., 1986;

Рыжавский Г.Я. Бассейн верхней Волги. М., 1981.

В.П.Кісель.

т. 4, с. 261

«ВО́ЛГА»,

легкавы аўтамабіль сярэдняга класа. Выпускаецца вытв. аб’яднаннем «ГАЗ» (г. Ніжні Ноўгарад, Расія) з 1956. Базавая мадэль — 4-дзверны седан ГАЗ-31029 з 4-цыліндравым рухавіком (рабочы аб’ём 2,4 л, магутнасць 74 кВт; скорасць да 145 км/гадз). Асвоена поўнапрыводная мадэль ГАЗ-3105 з рухавіком магутнасцю да 125 кВт.

т. 4, с. 262

ВО́ЛГА-БАЛТЫ́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХ імя У.І.Леніна

(б. Марыінская водная сістэма),

штучны водны шлях на тэр. Валагодскай і Ленінградскай абл. Расіі, які злучае Волгу з Балтыйскім м., а цераз Беламорска-Балтыйскі канал з Белым м. Створаны ў пач. 19 ст.; у 1964 закончана карэнная рэканструкцыя. Праходзіць цераз Рыбінскае вадасх., р. Шэксна, воз. Белае, р. Коўжа, Волга-Балтыйскі канал, р. Выцегра, Анежскі канал, р. Свір, Ладажскі канал і р. Нява. Даўж. каля 1100 км. Глыб. не менш як 4 м. Мае 9 шлюзаў, 6 гідравузлоў, 7 вадасховішчаў. Па Волга-Балтыйским водным шляху праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.

т. 4, с. 262

ВО́ЛГА-ДАНСКІ́ СУДНАХО́ДНЫ КАНА́Л імя У.І.Леніна, у Валгаградскай вобл. Расіі. Злучае р. Волга каля г. Валгаград з р. Дон каля г. Калачна-Доне. Адкрыты ў 1952. Даўж. 101 км, з іх 45 км праходзяць па вадасховішчах. Глыб. не менш за 3,5 м. 13 шлюзаў. Па канале праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.

т. 4, с. 262

ВО́ЛГА-УРА́ЛЬСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у Расійскай Федэрацыі. Абмежаваны на У Уралам, на Пд Прыкаспійскай упадзінай, на Пн Ціманскім кражам, на З Сысальскім, Капельніцкім, Токмаўскім скляпеннямі і Варонежскім масівам. Агульная пл. 700 тыс. км². Першае радовішча нафты адкрыта ў 1929. Больш за 900 нафтавых і 500 газавых радовішчаў. Прамысл. паклады прыўрочаны да адкладаў дэвону, карбону, пярмі. Прадуктыўныя гарызонты на глыб. ад 0,5 да 5 км і больш. Асн. радовішчы: Рамашкінскае, Арэнбургскае, Туймазінскае, Шкапаўскае, Арланскае і інш.

т. 4, с. 262

ВО́ЛГІН Вячаслаў Пятровіч

(14.6.1879, в. Баршчоўка Курскай вобл., Расія — 3.7.1962),

савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1930). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908). Адзін з арганізатараў Сацыяліст. (пасля Камуніст.) акадэміі ў Маскве (1918). У 1919—30 праф., у 1921—25 рэктар Маскоўскага ун-та. У 1942—53 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па гісторыі сацыяліст. ідэй дамарксавага перыяду, перш за ўсё ў Францыі і Англіі. Ініцыятар і рэдактар шматтомнай серыі «Папярэднікі навуковага сацыялізму» (з 1947). Ленінская прэмія 1961.

т. 4, с. 262

ВО́ЛЖСКІ,

горад у Расіі, у Валгаградскай вобл. Узнік у 1951 у сувязі з буд-вам Волжскай ГЭС. 283,3 тыс. ж. (1994). Порт на р. Волга. Нафтаперапр., нафтахім., хім. (шыны, гумава-тэхн. вырабы; мыйныя сродкі), машынабуд. і металаапр. (абсталяванне для сельскай гаспадаркі, падшыпнікі, запасныя часткі да аўтамабіляў; вытв-сць труб; рамонт рачных суднаў і інш.), харч. прам-сць. Краязнаўчы музей.

т. 4, с. 262

ВО́ЛКА,

рака ў Мінскай і Гродзенскай абласцях, левы прыток Бярэзіны (бас. Нёмана). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 391 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПнЗ ад хутара Рудня Валожынскага р-на. Цячэ праз Налібоцкую пушчу. Даліна невыразная. Пойма вузкая, забалочаная, пад лесам і хмызняком. Рэчышча звілістае, разгалінаванае ў сярэднім цячэнні, на працягу 5 км ад вытоку каналізаванае. Берагі абрывістыя, невысокія.

т. 4, с. 262

ВО́ЛКА,

рака ў Слуцкім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Морач (бас. Прыпяці). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 250 км². Пачынаецца каля в. Славіна ў Слуцкім р-не, далей цячэ ў Капыльскім р-не па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна невыразная, месцамі скрынкападобная або трапецападобная, шыр. 2—3 км. Пойма двухбаковая, шыр. 500 м — 3 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае; на рацэ плаціна і 2 сажалкі.

т. 4, с. 262

ВО́ЛКАВА Ірына Анатолеўна

(н. 17.12.1940, Мінск),

бел. мастак. Дачка А.В.Волкава, унучка В.В.Волкава. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1963), Бел. тэатр.-маст: ін-т (1968). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1993). Работы ў каляровай літаграфіі «Рамонкі», «Півоні», «Восень» (1989), станковыя лісты «Наша Радзіма» (1991); афорты «Юнацтва Палесся» (1981), трыпціх «Ратамка» (1990); акварэлі «Дзіцячыя цацкі», «Кветкі на падаконніку» (1969), «Беларускі лён і руская гжэль» (1975), «Цюльпаны» (1980) і інш. Аформіла дыяфільмы «Каток — залаты лабок», «Заяц-хвалько», «Мілавіца», «Ад А да Я», «Дундзік у гасцях у беларускіх сяброў» і інш.

т. 4, с. 262