ВАРАЖБА́,
магічныя спосабы і дзеянні, што нібыта прадказвалі будучыню і расказвалі пра былое. Узнікла ў першабытным грамадстве разам з раннімі формамі рэлігіі — верай у звышнатуральныя сілы, добрых і злых духаў, у лёс. Яшчэ стараж. земляробы прадказвалі надвор’е па зорках і сонцы; вавіланяне, этрускі, рымляне варажылі па печані ахвярнай жывёлы. У многіх народаў вядома варажба на касцях, бобе, арэхах, кававай гушчы, а таксама па лініях далоні, па картах і інш. Калі ў варажбе па прыкметах ёсць пэўнае рацыянальнае зерне (прыродныя назіранні), дык іншыя яе віды грунтуюцца на ўяўным знешнім падабенстве або процілегласці (напр., бачыць у сне ягады — слёзы, чыстую ваду — радасць, мутную ваду — смутак). Беларусы найчасцей варажылі на Каляды, на багатую куццю перад Новым годам. Варажба павінна была прадвызначыць надыходзячы год: з-пад каляднага абруса сена паказвала на даўжыню будучага лёну; перавага пэўнага віду зерня ў трыбуху заколатага парсюка — якое збожжа найбольш уродзіць. Дзяўчаты варажылі пра замужжа (упоцемку ў хляве зловіць баранчыка — выйдзе замуж; з якога боку пачуе брэх сабакі — там яе нарачоны і інш.). Гл. таксама Магія.
т. 3, с. 509
ВАРА́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ , адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр. Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс. г. назад (гл. Палеамагнетызм).
А.Ф.Санько.
т. 3, с. 509
ВАРА́ЖСКАЕ МО́РА,
адна з былых назваў Балтыйскага мора. Паходжанне назвы звязана з дзейнасцю стараж. скандынаваў, гал. чынам продкаў шведаў, якія жылі на берагах Балтыкі і ў 9—11 ст. рабілі марскія паходы ва Усх. Еўропу (гл. Варагі). Згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў», як «Бахр-Варанк» у працах араб. аўтараў Біруні (пач. 11 ст.), Шыразі (пач. 14 ст.), Хаджы-Хальфы (17 ст.). У рус. мове выкарыстоўвалася да 18 ст.
т. 3, с. 509
ВАРАЖЦО́Ў Мікалай Мікалаевіч
(28.4.1881, г. Іркуцк, Расія — 9.8.1941),
савецкі хімік-арганік, адзін з арганізатараў анілафарбавальнай прам-сці. Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1904). У 1904—18 выкладаў у розных ун-тах Расіі (праф. з 1917). З 1916 арганізатар і кіраўнік лабараторыі «Рускафарба», з 1924 у Маскоўскім хіміка-тэхнал. ін-це. Навук. працы па хіміі фарбавальнікаў, іх будове, здольнасці афарбоўваць прыродныя валокны. Аўтар манаграфіі «Асновы сінтэзу прамежкавых прадуктаў і фарбавальнікаў» (1934). Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 3, с. 509
ВАРАКО́МСКІ (Warakomski) Адам, польскі пісьменнік 1-й пал. 18 ст. Жыў на Віцебшчыне. Аўтар паэмы «Гісторыя пра блаславёных мучанікаў» (1738, рукапіс захоўваецца ў архіве С.-Пецярбургскага аддзялення Ін-та гісторыі Рас. АН) пра знаходжанне ў Полацку Пятра І, яго расправу з уніяцкім духавенствам; Пятра І у ёй параўноўваў з біблейскім царом Давідам. У мове твора сустракаюцца беларусізмы.
А.В.Мальдзіс.
т. 3, с. 509
ВАРА́КСІН Уладзімір Мікалаевіч
(5.7.1901, г. Омск, Расія — 2.1.1980),
бел. архітэктар, педагог. Засл. Будаўнік Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1934). З 1952 у БПІ. У 1971—75 у Брэсцкім буд. ін-це. Асн. работы: Палац піянераў (1935—36) і будынак ЦК КПБ (1940—41, закончаны ў 1947; абодва ў сааўт.), Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1954), жылыя дамы на вуліцах К.Маркса, Маскоўскай, Захарава (1949—55) у Мінску; педтэхнікум у Крычаве (1938), кінатэатр «Радзіма» (1939) у Магілёве; клуб запалкавай ф-кі ў Рэчыцы (1939) і інш.
т. 3, с. 509
ВАРА́КУШКА
(Luscinia svecica),
птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ва Усх. і Паўн. Еўропе, Паўн. і Цэнтр. Азіі. На Беларусі падвід — варакушка сярэднееўрапейская (L. s. cyanecula). Пералётная. Жыве скрытна ў хмызняках паблізу вадаёмаў, на балотах і забалочаных месцах.
Даўж. цела 14—15 см, маса каля 20 г. Палавы дымарфізм добра выяўлены. У самца горла і грудзі ярка-сінія, акаймаваныя чорнай вузкай паласой, з белай плямкай пасярэдзіне. Верх цела аліўкавы, ніз светлы. У самкі горла і грудзі светлыя з чорнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі пад кустамі ў густой траве, на купінах. Корміцца насякомымі, ягадамі. Пераймае галасы інш. птушак. Зімуе на Пд Азіі, у Паўн. Афрыцы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
т. 3, с. 509
ВАРАНА́СІ,
Бенарэс, горад на Пн Індыі, на р. Ганг, паміж яго прытокамі Варан і Асі (адсюль назва), у штаце Утар-Прадэш. Узнік каля 7 ст. да н.э. 932,4 тыс. ж. (1991). Важны трансп. вузел (чыгункі, аўтадарогі, водныя шляхі). Баваўняная, шаўкаткацкая, шкляная, харч., хім. прам-сць. 3-д цеплавозаў. Саматужная вытв-сць маст. вырабаў (парча, дываны, ювелірныя вырабы і інш.). Цэнтр кнігадрукавання на мове хіндзі. 2 ун-ты. Найбуйнейшая б-ка кніг на мове хіндзі. Гіст., культ. і рэліг. цэнтр краіны. Месца паломніцтва (каля 1 млн. чал. штогод) індусаў і будыстаў. Шматлікія палацы і індуісцкія храмы (пераважна 16—18 ст.). «Залаты храм Шывы» (каля 1750), комплекс палацаў 16—19 ст., іншыя арх. помнікі.
т. 3, с. 509
ВАРАНГА́Л,
горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш. Каля 400 тыс. ж. (1990). Цэнтр с.-г. раёна. Вытв-сць баваўняных тканін і дываноў.
т. 3, с. 510