птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ва Усх. і Паўн. Еўропе, Паўн. і Цэнтр. Азіі. На Беларусі падвід — варакушка сярэднееўрапейская (L. s. cyanecula). Пералётная. Жыве скрытна ў хмызняках паблізу вадаёмаў, на балотах і забалочаных месцах.
Даўж. цела 14—15 см, маса каля 20 г. Палавы дымарфізм добра выяўлены. У самца горла і грудзі ярка-сінія, акаймаваныя чорнай вузкай паласой, з белай плямкай пасярэдзіне. Верх цела аліўкавы, ніз светлы. У самкі горла і грудзі светлыя з чорнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі пад кустамі ў густой траве, на купінах. Корміцца насякомымі, ягадамі. Пераймае галасы інш. птушак. Зімуе на Пд Азіі, у Паўн. Афрыцы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.