ВАДАРО́ДНАЯ БО́МБА,
бомба выбуховага дзеяння вял. разбуральнай сілы. Прынцып дзеяння заснаваны на тэрмаядзернай рэакцыі. Гл. ў арт. Ядзерная зброя.
т. 3, с. 434
ВАДАРО́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу A—Hδ+... Bδ-, якая ўзнікае, калі атам вадароду H адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі A і B. З атамам A (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (A—Hδ+). З атамам B (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.
Атамы A і B могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і інш. біялагічна важных злучэнняў.
І.В.Боднар.
т. 3, с. 434
ВАДАРО́ДНЫ ПАКА́ЗЧЫК
(pH),
велічыня, якая характарызуе канцэнтрацыю (актыўнасць) іонаў вадароду ў растворах. Лікава роўны адмоўнаму дзесятковаму лагарыфму канцэнтрацыі [H+] (актыўнасці) вадародных іонаў H+, якая выражана ў молях на літр (моль/л): pH=-lg[H+]. Водныя растворы маюць pH ад 1 да 14: у нейтральных pH=7, у кіслых pH < 7, у шчолачных pH > 7. Пастаянства вадароднага паказчыку падтрымліваецца буфернымі растворамі. Вызначаюць pH з дапамогай кіслотна-асноўных індыкатараў, больш дакладна — патэнцыяметрычна (гл. Патэнцыяметрыя). Гл. таксама Кіслотна-шчолачная раўнавага.
т. 3, с. 434
ВАДАРЭ́ЗЫ
(Rynchopidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. 3 віды: вадарэз афрыканскі (Rynchops flavirostis), вадарэз амерыканскі, або чорны (R. nigra), вадарэз індыйскі (R. albicollis). Жывуць у тропіках у вусцях вял. рэк, каля марскіх узбярэжжаў і на вял. унутр. вадаёмах Афрыкі, Паўд. Амерыкі, ПдУ Паўн. Амерыкі, Індастана і часткі Індакітая.
Даўж. да 45 см. Зверху чорныя, знізу белыя. Крылы доўгія і вострыя. Дзюба доўгая, ніжняя частка на 1/3 даўжэйшая за верхнюю. Ногі кароткія. Шчылінападобная зрэнка — выключэнне ў класе птушак Лятаюць над вадой у пошуках корму, здабываюць дробную рыбу, вадзяных насякомых, рачкоў. Гнёзды на водмелях пясчаных астравоў. Нясуць 2—5 яец.
т. 3, с. 434
ВАДАСВІ́НКА,
капібара (Hydrochoerus hydrochaeris), млекакормячае сям. вадасвінкавых атр. грызуноў. Пашырана ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Жыве на берагах вадаёмаў і на балотах у трапічных лясах.
Самы буйны з сучасных грызуноў — даўж. цела 100—130 см, выш. ў карку каля 50 см, маса да 60 кг і больш. Укрыта рэдкімі, доўгімі (да 10 см) і грубымі валасамі. Спіна рыжавата-бурая або шараватая, бруха жаўтавата-бурае. Канечнасці доўгія, галава выцягнутая, спераду тупая. Паміж пальцамі няпоўныя плавальныя перапонкі. Вядзе паўводны спосаб жыцця, добра плавае і нырае. Жыве групамі. Раз у год нараджае 2—8 дзіцянят. Корміцца прыбярэжнай і воднай расліннасцю. Аб’ект промыслу (мяса, скура). Добра прыручаецца, ёсць спробы зрабіць свойскай. Колькасць скарачаецца.
т. 3, с. 434
ВАДАСКІ́Д,
вадаскіднае збудаванне, гідратэхнічнае збудаванне для пропуску залішняй вады з вадасховішча (пры паводцы) у ніжні б’еф. Вадаскід з паверхневым скідам вады наз. вадазлівам, з глыбінным — вадаспускам. Некат. тыпы вадаскідаў могуць выкарыстоўвацца для пропуску крыг, шугі, смецця, для прамыўкі донных адкладаў у верхнім б’ефе і інш. Усе вадаскіды маюць вадазборную, водаправодную і злучальную з ніжнім б’ефам часткі.
т. 3, с. 435
ВАДАСПА́Д,
падзенне вады ў рацэ з аднаго або некалькіх уступаў. Характэрны адрыў воднага патоку ад рэчышча. Уступы ўзнікаюць у месцах, дзе рака перасякае сучляненне ўстойлівых і падатлівых да размыву горных парод. Сіла падаючай вады павольна разбурае ўступ, асабліва каля падэшвы, ён абрушваецца, і вадаспад пастаянна адступае ўверх па цячэнні. Найб. вядомы Ніягарскі вадаспад у Паўн. Амерыцы штогод адступае на 0,7—0,9 м. Пры значным разбурэнні ўступу на месцы вадаспадаў могуць утварыцца парогі. Вадаспады найчасцей трапляюцца на горных рэках, але бываюць і на раўнінных. Самы высокі ў свеце вадаспад Анхель на р. Чурун у Паўд. Амерыцы (1054 м), самы шырокі — Вікторыя на р. Замбезі (шыр. 1800 м, выш. 120 м), найб. каскад вадападаў на р. Тугела (933 м) у Афрыцы. Вадаспады перашкаджаюць суднаходству і сплаву лесу. Выкарыстоўваюцца для буд-ва ГЭС (напр., вадаспад Ківач на р. Суна ў Карэліі). Штучныя вадаспады ствараюцца плацінамі і інш. гідратэхн. збудаваннямі.
т. 3, с. 435
ВАДАСПУ́СК,
напорнае гідратэхнічнае збудаванне з вежай, у якой зроблены адтуліны для зліву вады. Размяшчаецца ў целе бетоннай плаціны, у асновах грунтавых плацін або ў берагах (тунэльны вадаспуск). Прызначаны для рэгулявання ўзроўню вады ў вадаёмах, спуску вадасховішчаў, прамывання донных наносаў, а таксама для пропуску вады ў ніжні б’еф. Забяспечваецца засаўкамі для рэгулявання расходу вады.
т. 3, с. 435
ВАДАСХО́ВІШЧА,
штучны вадаём для збору і назапашвання вады. Звычайна вадасховішчы ствараюцца ў далінах рэк вышэй ад водападпорнага збудавання. Пад В. выкарыстоўваюцца таксама азёры, узровень якіх падымаюць плацінай на рацэ, якая пачынаецца з возера. Наліўныя вадасховішчы ў лагчынах, ярах і кар’ерах запаўняюцца вадой пры дапамозе падвадных каналаў і труб помпавымі станцыямі. Бываюць вадасховішчы ў марскіх залівах, адгароджаных дамбай. Аб’ём вады ў вадасховішчы звычайна больш за 1 млн. м³, пл. больш за 1 км² (меншыя вадасховішчы часцей наз. сажалкамі). Вадасховішчы выкарыстоўваюць для рэгулявання сцёку рэк, водазабеспячэння, рэкрэацыі, патрэб рыбаводства, лясной гаспадаркі, прам-сці, энергетыкі, воднага транспарту, у экалагічных мэтах. Адрозніваюць вадасховішчы шматгадовага, сезоннага (пераважаюць на Беларусі), тыднёвага і сутачнага рэгулявання сцёку. Вадасховішчы робяць уплыў на навакольнае асяроддзе, мяняюць гідралагічны рэжым вадацёкаў і вадаёмаў, узровень грунтавых водаў, расліннасць, мікраклімат і клімат у паласе ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У выніку буд-ва вадасховішчаў затапляюцца і падтапляюцца значныя плошчы зямель, існуе небяспека аварый і катастроф (нават антрапагенных землетрасенняў) пры прарыве вады праз плаціну ці дамбу. Патрабуецца пастаянны нагляд за берагамі і катлавінай вадасховішча, правядзенне работ супраць заглейвання, абмялення, зарастання воднай расліннасцю, замору рыбы і інш.
Першыя вадасховішчы ўзніклі да н.э. ў Стараж. Егіпце, на Б. Усходзе, у Кітаі, Японіі, Індыі і інш. краінах Усх. і Паўд. Азіі пераважна для арашэння. Самыя буйныя вадасховішчы створаны ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Паводле аб’ёму вады найб. Брацкае вадасховішча ў Азіі (каля 169 км³), па плошчы — Вольта ў Афрыцы (8480 км²). На Беларусі ў пач. 19 ст. невялікія вадасховішчы ўваходзілі ў воднатрансп. шляхі, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Інтэнсіўнае буд-ва іх пачалося ў 1950-я г, пабудавана 145 вадасховішчаў агульным аб’ёмам вады 3,1 км³ і пл. воднага люстра 814 км² (1995). Найб. Вілейскае вадасховішча і Заслаўскае вадасховішча, якія ўваходзяць у Вілейска-Мінскую водную сістэму.
Літ.:
Авакян А.Б., Салтанкин В.П., Шарапов В.А. Водохранилища. М., 1987.
В.В.Дрозд.
т. 3, с. 435