ВАДАСХО́ВІШЧА,

штучны вадаём для збору і назапашвання вады. Звычайна вадасховішчы ствараюцца ў далінах рэк вышэй ад водападпорнага збудавання. Пад В. выкарыстоўваюцца таксама азёры, узровень якіх падымаюць плацінай на рацэ, якая пачынаецца з возера. Наліўныя вадасховішчы ў лагчынах, ярах і кар’ерах запаўняюцца вадой пры дапамозе падвадных каналаў і труб помпавымі станцыямі. Бываюць вадасховішчы ў марскіх залівах, адгароджаных дамбай. Аб’ём вады ў вадасховішчы звычайна больш за 1 млн. м³, пл. больш за 1 км² (меншыя вадасховішчы часцей наз. сажалкамі). Вадасховішчы выкарыстоўваюць для рэгулявання сцёку рэк, водазабеспячэння, рэкрэацыі, патрэб рыбаводства, лясной гаспадаркі, прам-сці, энергетыкі, воднага транспарту, у экалагічных мэтах. Адрозніваюць вадасховішчы шматгадовага, сезоннага (пераважаюць на Беларусі), тыднёвага і сутачнага рэгулявання сцёку. Вадасховішчы робяць уплыў на навакольнае асяроддзе, мяняюць гідралагічны рэжым вадацёкаў і вадаёмаў, узровень грунтавых водаў, расліннасць, мікраклімат і клімат у паласе ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У выніку буд-ва вадасховішчаў затапляюцца і падтапляюцца значныя плошчы зямель, існуе небяспека аварый і катастроф (нават антрапагенных землетрасенняў) пры прарыве вады праз плаціну ці дамбу. Патрабуецца пастаянны нагляд за берагамі і катлавінай вадасховішча, правядзенне работ супраць заглейвання, абмялення, зарастання воднай расліннасцю, замору рыбы і інш.

Першыя вадасховішчы ўзніклі да н.э. ў Стараж. Егіпце, на Б. Усходзе, у Кітаі, Японіі, Індыі і інш. краінах Усх. і Паўд. Азіі пераважна для арашэння. Самыя буйныя вадасховішчы створаны ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Паводле аб’ёму вады найб. Брацкае вадасховішча ў Азіі (каля 169 км³), па плошчы — Вольта ў Афрыцы (8480 км²). На Беларусі ў пач. 19 ст. невялікія вадасховішчы ўваходзілі ў воднатрансп. шляхі, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Інтэнсіўнае буд-ва іх пачалося ў 1950-я г, пабудавана 145 вадасховішчаў агульным аб’ёмам вады 3,1 км³ і пл. воднага люстра 814 км² (1995). Найб. Вілейскае вадасховішча і Заслаўскае вадасховішча, якія ўваходзяць у Вілейска-Мінскую водную сістэму.

Літ.:

Авакян А.Б., Салтанкин В.П., Шарапов В.А. Водохранилища. М., 1987.

В.В.Дрозд.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)