БРО́КЕН-ХІЛ
(Broken Hill),
назва да 1967 г. Кабве ў Замбіі.
т. 3, с. 258
БРО́КЕН-ХІЛ
(Broken Hill),
поліметалічнае радовішча ў Аўстраліі, унікальнае па колькасці свінцу і цынку. Адкрыта і распрацоўваецца з 1883. Складзена з кварц-палевашпатавых гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў, амфібалітаў ніжнепратэразойскага ўзросту. Гал. рудныя мінералы галеніт і сфалерыт, ёсць таксама халькапірыт, арсенапірыт, самароднае серабро і інш. Здабываюць свінец, цынк, серабро, кадмій, як спадарожныя — золата, медзь, сурму, кобальт.
т. 3, с. 258
БРО́КЕН-ХІ́ЛСКІ ЧАЛАВЕ́К,
радэзійскі чалавек, адна з формаў выкапнёвага чалавека, характарыстыкі якога блізкія да неандэртальцаў. Знойдзены ў 1921 у пячоры Брокен-Хіл у Замбіі. Выяўлены вял. чэрап, адметны прымітыўнымі асаблівасцямі (магутны надвочны валік, ссунуты назад лоб, масіўная частка твару). Аб’ём мозга невялікі (1280 см³). Адносіцца да палеаантрапаў, хоць некаторыя адзнакі набліжаюць яго да пітэкантрапаў. Жыў прыкладна 30 000 г. назад, верагодна, адначасова з раннімі прадстаўнікамі людзей сучаснага фіз. тыпу. Большасць вучоных лічыць яго бакавой формай у эвалюцыі чалавека.
т. 3, с. 258
БРО́КЕР
(англ. broker),
пасрэднік пры заключэнні здзелак паміж зацікаўленымі бакамі — кліентамі. Ролю брокера выконваюць асобы, фірмы і арг-цыі, якія найчасцей дзейнічаюць па даручэнні і за кошт кліента (могуць дзейнічаць і ад свайго імя), атрымліваюць плату ў выглядзе камісійных (пэўнага працэнта ад сумы здзелак).
Брокеры бываюць: біржавыя (ажыццяўляюць пасрэдніцкія аперацыі з каштоўнымі памерамі і таварамі на біржах), страхавыя (знаходзяць кліентам патрэбную фірму паводле пэўнага віду страхавання), суднавыя (арганізуюць заключэнне дагавораў па фрахтаванні суднаў), валютныя (купля-продаж замежных валют). Могуць аказваць кліентам і дадатковыя паслугі (у вывучэнні рынку, у рэкламе, даваць крэдыты). Брокера на фондавых біржах Вялікабрытаніі наз. сток-брокер, на англасакскіх біржах — джобер. Пасрэднікі, якія з’яўляюцца членамі фондавых біржаў і займаюцца перапродажам каштоўных папер, наз. дылерамі.
т. 3, с. 259
БРОМ
(лац. Bromum),
Br, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы. Ат. н. 35, ат. м. 79,904; належыць да галагенаў. Прыродны складаецца са стабільных ізатопаў 79Br (50,56%) і 81Br (49,44%). Вядомы штучныя радыеактыўныя ізатопы (80Br, 82Br). Адкрыты франц. хімікам Ж.Баларам (1826).
Бром — чырвона-бурая вадкасць з непрыемным рэзкім пахам, лёгка выпараецца, tпл -7,25 °C, tкіп 59,2 °C, шчыльн. 3105 кг/м³. Слаба раствараецца ў вадзе (насычаны водны раствор наз. бромнай вадой), добра ў арган. растваральніках. Малекула двухатамная. Бром непасрэдна рэагуе з большасцю металаў (акрамя плаціны і танталу) і з некаторымі неметаламі (сера, фосфар) з утварэннем брамідаў. З вадародам пры награванні ўтварае бромісты вадарод. З кіслародам і азотам непасрэдна не рэагуе. Моцны акісляльнік Атрымліваюць з марской вады, азёрных і падземных расолаў, шчолаку калійнай вытв-сці акісленнем брамідаў хлорам. Бром і яго злучэнні выкарыстоўваюць у вытв-сці антыдэтанатараў (для бензіну), фота- і кінаматэрыялаў, медыкаментаў, інсектыцыдаў, фарбавальнікаў. Ядавіты; ГДК у паветры 0,5 мг/м³.
Літ.:
Ксензенко В.И., Стасиневич Д.С. Химия и технология брома, иода и их соединений. М., 1979.
т. 3, с. 259
БРОМАРГІРЫ́Т , мінерал класа галагенідаў, брамід серабра, AgBr. Утварае цвёрдыя растворы з хлораргірытам, т.зв. эмбаліт Ag(Cl, Br), іншы раз з прымессю ртуці. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, жаўлакі, суцэльныя масы, радзей дробныя крышталі. Колер зялёны, жоўты, на паветры павольна цямнее. Бляск крышталёў алмазны, смаляны. Цв. каля 2,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных рудаў. Уваходзіць у састаў сярэбраных рудаў.
т. 3, с. 259
БРОМБЕНЗІЛЦЫЯНІ́Д,
таксічнае хім. злучэнне, C6H5CH(Br)CN, мал. м. 196,01. Жоўтыя крышталі, tпл 25,4 °C, tкіп 242 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1516 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра у арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы. Выклікае моцнае слёзацячэнне; непераносная канцэнтрацыя ў паветры 4 мг/м³. Выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну як атрутнае рэчыва (гл. Лакрыматары).
т. 3, с. 259
БРОМІНДЫ́ГА
(5,5′, 7,7′ — тэтраброміндыга),
кубавы фарбавальнік; вытворнае індыга. Цёмна-сінія крышталі; не раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца пры браміраванні індыга ў канцэнтраванай сернай кіслаце. Больш устойлівы і яркі, чым індыга. Выкарыстоўваюць для фарбавання баваўняных і віскозных тканін.
т. 3, с. 259