БРОМ

(лац. Bromum),

Br, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы. Ат. н. 35, ат. м. 79,904; належыць да галагенаў. Прыродны складаецца са стабільных ізатопаў ​79Br (50,56%) і ​81Br (49,44%). Вядомы штучныя радыеактыўныя ізатопы (​80Br, ​82Br). Адкрыты франц. хімікам Ж.Баларам (1826).

Бром — чырвона-бурая вадкасць з непрыемным рэзкім пахам, лёгка выпараецца, tпл -7,25 °C, tкіп 59,2 °C, шчыльн. 3105 кг/м³. Слаба раствараецца ў вадзе (насычаны водны раствор наз. бромнай вадой), добра ў арган. растваральніках. Малекула двухатамная. Бром непасрэдна рэагуе з большасцю металаў (акрамя плаціны і танталу) і з некаторымі неметаламі (сера, фосфар) з утварэннем брамідаў. З вадародам пры награванні ўтварае бромісты вадарод. З кіслародам і азотам непасрэдна не рэагуе. Моцны акісляльнік Атрымліваюць з марской вады, азёрных і падземных расолаў, шчолаку калійнай вытв-сці акісленнем брамідаў хлорам. Бром і яго злучэнні выкарыстоўваюць у вытв-сці антыдэтанатараў (для бензіну), фота- і кінаматэрыялаў, медыкаментаў, інсектыцыдаў, фарбавальнікаў. Ядавіты; ГДК у паветры 0,5 мг/м³.

Літ.:

Ксензенко В.И., Стасиневич Д.С. Химия и технология брома, иода и их соединений. М., 1979.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)