АЎТАЖЫ́Р
(франц. autogyre ад грэч. autos сам + gyros круг),
вінтакрылы лятальны апарат, цяжэйшы за паветра, папярэднік верталёта. Выкарыстоўвалі аўтажыр для сувязі, разведкі, карэкціроўкі артыл. агню і інш. Вынаходнік аўтажыра — іспанскі інж. Хуан дэ ла Сіерва (1922). У б. СССР будаваліся ў 1929—40.
Пад’ёмная сіла аўтажыра стваралася нясучым вінтом-ротарам, што знаходзіўся на верт. восі і свабодна круціўся ў гарыз. плоскасці пад дзеяннем патоку паветра. Цягу для гарыз. палёту забяспечваў самалётны вінт, аўтажыр не меў патрэбы ў вял. узлётнай (пасадачнай) скорасці і даўжыні разбегу, не зрываўся ў штопар. Выцеснены верталётамі.
т. 2, с. 109
АЎТАЗАПРА́ВАЧНАЯ СТА́НЦЫЯ
(АЭС),
комплекс збудаванняў для запраўкі аўтамабіляў, матацыклаў і інш. самаходных машын гаруча-змазачнымі матэрыяламі, вадой і паветрам. АЭС уключае: тэхн. абслугоўванне машын, заправачныя ўчасткі, участкі з падземнымі рэзервуарамі, кампрэсарнае і проціпажарнае абсталяванне, тэрыторыю для тэхн. абслугоўвання машын і інш. службовыя памяшканні. Размяшчаюць пераважна на аўтадарогах з інтэнсіўным рухам транспарту, у населеных пунктах.
т. 2, с. 109
АЎТАІМУ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ,
захворванні, абумоўленыя рэакцыямі імунітэту, што накіраваны супраць уласных тканак і органаў арганізма. Да аўтаімунных хвароб належаць калагеноз, нефрыт, панкрэатыт, сістэмная склерадэрмія, набытая гемалітычная анемія; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД). Механізм многіх аўтаімунных хвароб вывучаны недастаткова.
т. 2, с. 109
АЎТАІНТАКСІКА́ЦЫЯ
(ад аўта... + інтаксікацыя),
самаатручэнне, эндагенная інтаксікацыя, пашкоджанне арганізма ядамі, што ўтварыліся ў арганізме (у адрозненне ад атручэння, калі яны паступаюць звонку). Асн. групы эндагенных таксінаў складаюць рэчывы, якія ўзнікаюць або назапашваюцца ў арганізме ў празмернай колькасці пры цяжкіх захворваннях печані, нырак (дыябет, урэмія), парушэннях абмену рэчываў і дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі (тырэатаксікоз), пры шэрагу ўнутр. інфекцый (напр., дыфтэрыі), пры некрозе тканак пад уплывам злаякасных новаўтварэнняў і вял. апёкаў, пры парушэннях цячэння цяжарнасці і інш. Дзеянне эндатаксінаў рэалізуецца непасрэдна ў месцы іх утварэння або праз адмоўны ўплыў на функцыі органаў сардэчна-сасудзістай, нерв., крывяноснай і інш. сістэм. У найб. цяжкіх выпадках для ачышчэння арганізма ад іх выкарыстоўваюць складаныя тэхн. сістэмы (апараты «штучная нырка», «штучнае лёгкае», дыялізатары і інш.).
т. 2, с. 109
АЎТАКА́Р
(ад аўта... + англ. car цялежка),
самаходная цялежка з рухавіком унутранага згарання і грузавой платформай. На іх могуць устанаўліваць пад’ёмныя платформы, грузапад’ёмныя краны і інш. Прызначаны для ўнутрызаводскай перавозкі грузаў, механізацыі пагрузачна-разгрузачных работ на чыг. станцыях, складах, у портах і інш.
т. 2, с. 110
АЎТАКЕФА́ЛІЯ
(ад аўта... + грэч. kephale галава),
аўтакефальная царква, у праваслаўі самастойная, арганізацыйна незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха царква. Першыя аўтакефальныя цэрквы ўзніклі ў 4 ст. ў працэсе адасаблення патрыярхій і мітраполій у правінцыях Візантыі (Александрыі, Антыёхіі, Палесціне). Сёння ў свеце існуе 15 аўтакефальных правасл. цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэхаславацкая, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі). Аўтакефальныя цэрквы не маюць адзінага цэнтра і кіраўніка. Ні адзін з патрыярхаў не мае якіх-н. адм. пераваг у параўнанні з іншымі кіраўнікамі аўтакефаліі. Гл. таксама Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Епархія.
В.П.Оргіш.
т. 2, с. 110
АЎТАКЛА́Ў
(ад аўта... + лац. clavis ключ),
герметычны апарат для правядзення розных працэсаў пад ціскам (большым за атмасферны) і пры награванні. Выкарыстоўваецца ў хім. прам-сці, гідраметалургіі, вытв-сці буд матэрыялаў, харч. прам-сці, медыцыне.
т. 2, с. 110
АЎТАКРА́Н,
аўтамабільны кран, самаходная пагрузачна-разгрузачная машына, зманціраваная на аўтамаб. шасі. Бываюць поўнапаваротныя і непаваротныя (з абмежаваным вуглом павароту стралы). Для ўстойлівасці мае вынасныя апоры. Прывод кранавага абсталявання электрычны, гідраўлічны або механічны. Працуе ад аўтамаб. або ад спец. рухавіка на паваротнай платформе. З навясным абсталяваннем можа выконваць лёгкія земляныя работы і грузіць сыпкія матэрыялы. Грузападымальнасць 2,5—16 т.
т. 2, с. 110
АЎТАКРА́ТЫЯ
(ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),
сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферы дзярж. Дзейнасці.
т. 2, с. 110