АЎТАЖЫ́Р
(франц. autogyre ад грэч. autos сам + gyros круг),
вінтакрылы лятальны апарат, цяжэйшы за паветра, папярэднік верталёта. Выкарыстоўвалі аўтажыр для сувязі, разведкі, карэкціроўкі артыл. агню і інш. Вынаходнік аўтажыра — іспанскі інж. Хуан дэ ла Сіерва (1922). У б. СССР будаваліся ў 1929—40.
Пад’ёмная сіла аўтажыра стваралася нясучым вінтом-ротарам, што знаходзіўся на верт. восі і свабодна круціўся ў гарыз. плоскасці пад дзеяннем патоку паветра. Цягу для гарыз. палёту забяспечваў самалётны вінт, аўтажыр не меў патрэбы ў вял. узлётнай (пасадачнай) скорасці і даўжыні разбегу, не зрываўся ў штопар. Выцеснены верталётамі.
т. 2, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)