Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎДЗЕ́ЕЎ Міхаіл Васілевіч

(22.11.1913, в. Гарадзецк Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобласці — 22.6.1979),

Герой Сав. Саюза (1942), ген.-маёр авіяцыі (1957). У Чырв. Арміі з 1932. Скончыў школу ваен. пілотаў (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, удзельнік абароны Перакопа, вызвалення Каўказа, Новарасійска, Румыніі і Балгарыі. Вызначыўся пры абароне Севастопаля, дзе ў паветр. баях збіў 6 самалётаў праціўніка. За час вайны зрабіў 498 баявых вылетаў, правёў 141 паветр. бой, збіў 17 самалётаў праціўніка.

т. 2, с. 84

АЎДЗЕ́ЕЎСКАЯ СТАЯ́НКА,

познапалеалітычная стаянка каля в. Аўдзеева Курскай вобл.; адзін з эпонімных помнікаў касцёнкаўска-аўдзееўскай культуры. Найб. ранняя радыевугляродная дата — 27 700 ± 700 г. Раскопкамі выяўлены рэшткі доўгага касцёва-землянога наземнага жытла з ачагамі ў цэнтры, абкружанага невялікімі зямлянкамі і ямамі-кладоўкамі; каменныя і касцяныя прылады (разцы, скрабкі, цёслы і інш.), жаночыя статуэткі і фігурка маманта з косці.

т. 2, с. 85

Аўдзееў Сяргей Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 338

АЎДЗЕ́Й Леанід Вікенцьевіч

(7.4.1929, г. Вілейка Мінскай вобл — 5.7.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1959 працаваў у ім і адначасова з 1968 гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па хірург. метадах лячэння хвароб гепатабіліярнай сістэмы і падстраўнікавай залозы, партальнай гіпертэнзіі і гастраэнтэралогіі, па экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі ў хірургіі.

Тв.:

Клиника и хирургическое лечение холецистита. Мн., 1963.

т. 2, с. 85

«А́ЎДЗІ»

(Audi),

легкавыя аўтамабілі аднайменнай фірмы (ФРГ). Выпускаліся ў 1909—40, з 1966 вытворчасць адноўлена. Вырабляюцца аўтамабілі малога і сярэдняга класаў 35 мадыфікацый (рабочая ёмістасць рухавіка 1,6—2,2 л, магутнасць 66—206 кВт, максімальная скорасць 177—250 км/гадз; 1994). Асаблівасць некаторых мадыфікацый — вядучыя ўсе колы.

т. 2, с. 85

АЎДЗІЕ́ЎСКІ Анатоль Цімафеевіч

(н. 16.8.1933, г. Знаменка Кіраваградскай вобл., Украіна),

украінскі харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1983). Праф. Кіеўскага пед. ін-та (1986). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1958). У 1958—63 арганізатар і маст. кіраўнік Палескага нар. хору «Лянок» (Жытомір). З 1966 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Украінскага народнага хору імя Р.Г.Вяроўкі. Аўтар харавых твораў, апрацовак укр. нар. песень. Дзярж. прэміі Украіны 1968 і СССР 1978.

т. 2, с. 85

АЎДО́ТКА

(Burhinus oedicnemus),

птушка сям. аўдоткавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўропе, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн. Афрыцы. Рэлікт чацвярцічнага перыяду. На Беларусі вельмі рэдкі пералётны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Чырвоную кнігу. Трапляецца пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Палесся.

Птушка даўж. 40—45 см, маса да 440 г. Жыве на бязлесных пясчаных землях. Апярэнне шэра-пясочнае з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, на бруху — белаватае. Ногі трохпальцыя. Прылятае ў сярэдзіне красавіка. Актыўная ноччу. Трымаецца парамі, восенню чародамі. Хутка бегае, выцягнуўшы шыю. Гнёзды на пяску. Нясе 2 жаўтавата-пясочнага колеру яйцы. Корміцца насякомымі, дробнымі яшчаркамі, грызунамі. Адлятае ў вер.—кастрычніку. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Аравійскага п-ва.

т. 2, с. 85

АЎДЫЕ́НЦЫЯ

(ад лац. audientia слуханне),

афіцыйны прыём у высокапастаўленай асобы.

т. 2, с. 85

АЎДЫЁВІЗУА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

аўдыёвідэатэхніка, сукупнасць тэхн. сродкаў, прызначаных для запісу, захоўвання, перадачы і ўзнаўлення інфармацыі, якая адначасова можа ўспрымацца органамі слыху і зроку чалавека.

Да аўдыёвізуальнай тэхнікі адносяць кіназдымачныя апараты, тэлевізійныя перадавальныя камеры, кінапраекцыйныя апараты, тэлевізары, магнітафоны (у тым ліку відэамагнітафоны), відэатэлефоны, некаторыя персанальныя камп’ютэры і інш. Носьбіты аўдыёвізуальнай інфармацыі: дыяфільмы, кінафільмы, галаграмы, магн. стужкі і касеты, дыскі (у тым ліку аптычныя дыскі) гука- і відэазапісу.

т. 2, с. 85

АЎДЫ́Т

(ад англ. audit праверка, рэвізія),

праверка аўдытарскай службай бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці і інш. дакументаў фінансава-гасп. дзейнасці кампаній, прадпрыемстваў, устаноў, каб пацвердзіць іх дакладнасць. Праводзіцца спец. аўдытарскімі карпарацыямі ці аўдытарамі-прадпрымальнікамі. Задача аўдыту — абарона інтарэсаў уласніка, дапамога суб’ектам гаспадарання ў разліку падаткаў, павышэнні эфектыўнасці вытв.-гасп. дзейнасці. Аўдыт бывае знешні (незалежны), унутраны (ведамасны) для ацэнкі работы па маркетынгу, эфектыўнасці структуры кампаніі, праверкі дзейнасці фірмы па выкананні законаў і рашэнняў вышэйстаячых органаў і інш., а таксама абавязковы (вызначаны заканадаўствам) і ініцыятыўны (паводле рашэння суб’екта гаспадарання ці ўласніка).

Г.І.Краўцова.

т. 2, с. 85