АЎДЫ́Т
(ад англ. audit праверка, рэвізія),
праверка аўдытарскай службай бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці і інш. дакументаў фінансава-гасп. дзейнасці кампаній, прадпрыемстваў, устаноў, каб пацвердзіць іх дакладнасць. Праводзіцца спец. аўдытарскімі карпарацыямі ці аўдытарамі-прадпрымальнікамі. Задача аўдыту — абарона інтарэсаў уласніка, дапамога суб’ектам гаспадарання ў разліку падаткаў, павышэнні эфектыўнасці вытв.-гасп. дзейнасці. Аўдыт бывае знешні (незалежны), унутраны (ведамасны) для ацэнкі работы па маркетынгу, эфектыўнасці структуры кампаніі, праверкі дзейнасці фірмы па выкананні законаў і рашэнняў вышэйстаячых органаў і інш., а таксама абавязковы (вызначаны заканадаўствам) і ініцыятыўны (паводле рашэння суб’екта гаспадарання ці ўласніка).
Г.І.Краўцова.
т. 2, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)