Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПО́ЛЛІ,

узвышаныя слабахвалістыя раўніны (звычайна зандравыя) з урадлівымі цемнаколернымі карбанатнымі і шэрымі ляснымі глебамі на Пд тайгі і ў зонах мяшаных і шыракалістых лясоў Усх.-Еўрапейскай раўніны. Амаль цалкам узараны і густа заселены (напр., Уладзімірскае аполлі ў Рас. Федэрацыі). На Прыкарпацкай Украіне аполлі — ландшафты лясістай пагорыстасці.

т. 1, с. 431

АПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА

(Województwo Opolskie),

на Пд Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км², нас. 1023 тыс. чал., гарадскога каля 52% (1987). Адм. ц.г. Аполе. Найб. гарады: Кендзежын-Козля, Аполе, Бжэг, Ныса, Крапкавіцы і інш. Размешчана ў Ніжнім Шлёнску, на Апольскай раўніне, Глубчыцкім плато, на Пд заходзяць Судэты (выш. Да 889 м), на У — частка Шлёнскага ўзв. (выш. да 400 м). Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,6 °C, ападкаў 650 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі. Прам-сць: горназдабыўная, электратэхн., хім., лёгкая, харчовая. Вырошчваюць ячмень, кармавыя культуры, цукр. буракі, бульбу, рапс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Турызм.

т. 1, с. 431

АПО́РНАЕ СВІДРАВА́ННЕ,

праходка глыбокіх свідравін з мэтай вывучэння геал. будовы пэўнай тэрыторыі і вызначэння напрамку пошукава-разведвальных работ. Выконваецца з адборам керну да глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў (у найб. спрыяльных структурных і стратыграфічных умовах). Адрозніваецца дэталёвым паслойным вывучэннем геал. разрэзу комплексам метадаў: геафіз., літолага-петраграфічных, геахім., гідрагеал., палеанталагічных, геахраналагічных і інш. Да апорнага свідравання таксама належыць свідраванне звышглыбокіх свідравін (да 10—15 км) для вывучэння будовы зямной кары і верхняй мантыі Зямлі. На Беларусі планамерна праводзіцца з 1960-х г. з мэтай вывучэння стрататыпаў геал. падраздзяленняў, тэктанічных структур і адкладаў, перспектыўных на карысныя выкапні (нафта, солі, жал. руды, алмазы і інш.).

т. 1, с. 432

АПО́РНАЯ ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,

сістэма замацаваных на мясцовасці арыенціраў, якія служаць апорнымі пунктамі пры здымках і геад. вымярэннях. Вылучаюць апорную геадэзічную сістэму планавую і вышынную. Планавая складаецца пераважна метадамі трыянгуляцыі і паліганаметрыі, узаемнае размяшчэнне яе пунктаў вызначаецца прамавугольнымі каардынатамі (Х і У); вышынная — метадам геам. нівеліравання. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні формы Зямлі, складанні тапаграфічных картаў, інж. пошуках, у буд-ве і г.д., дзе неабходны дакладныя разлікі на мясцовасці.

А.В.Саломка.

т. 1, с. 432

АПО́РНЫ ГАРЫЗО́НТ,

гл. Маркіроўны гарызонт.

т. 1, с. 432

АПО́РНЫ ПУНКТ,

1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.

2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл. Апорная геадэзічная сетка).

т. 1, с. 432

АПО́РТА

(Oporto),

горад у Партугаліі, гл. Порту.

т. 1, с. 432

АПО́РТЫ,

маёмасць, што паступіла акцыянернаму таварыству ў лік аплаты акцый. Могуць быць тавары, гандл. і прамысл. прадпрыемствы на поўную суму грашовага капіталу. Часта заснавальнікі акц. т-ваў як апорты. перадаюць гэтым т-вам свае тавары і прадпрыемствы па завышанай цане, каб атрымаць акцый больш, чым каштуе здадзеная маёмасць.

т. 1, с. 432

АПО́РЫ 1) канструкцыі

(часткі збудаванняў),

якія прымаюць нагрузку ад адных элементаў (дэталяў) і перадаюць яе на інш. элементы ці асновы збудаванняў. У будынках апоры бэлек і фермаў служаць калоны, нясучыя сцены, верт. стойкі, арак і рам — пераважна фундаменты, мастоў — быкі і ўстоі (крайнія апоры). Спец. слупы і мачты, замацаваныя на фундаменце ці непасрэдна ў грунце, з’яўляюцца апорамі ліній электраперадачы і кантактавай сеткі.

На апоры кантактавай сеткі замацоўваюць правады і нясучыя тросы гарадскога электратранспарту, правады паветр. ліній электрыфікаваных чыгунак. Гэтыя апоры падзяляюцца на падтрымныя (прамежкавыя, пераходныя), анкерныя (прымаюць нацяжэнне правадоў), фіксавальныя (падтрымліваюць правады ў пэўным становішчы адносна токаздымальніка) і фідэрныя (сілкавальных ліній). Бываюць саманясучыя, з адцяжкамі, кансольныя і інш. Робяцца з жалезабетону, сталі, драўніны (часовыя).

2) У будаўнічай механіцы пры разліку канструкцый разглядаюцца не сапраўдныя апоры збудаванняў, а іх разліковыя схемы. У найб. пашыраных стрыжнёвых сістэмах адрозніваюць апоры шарнірныя, зашчэмленыя, рухомыя і нерухомыя.

т. 1, с. 432

АПО́РЫ ЛІ́НІЙ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ,

канструкцыі (збудаванні) для падвешвання правадоў і маланкаахоўных тросаў паветр. ліній электраперадачы. Бываюць прамежкавыя (пераважна на прамых участках трасы ЛЭП) і анкерныя (у пачатку і канцы прамых участкаў ЛЭП, на паваротах, пры пераходах праз водныя і інш. перашкоды). Анкерныя апоры ліній электраперадачы прымаюць нацяжэнне правадоў і тросаў, маюць больш жорсткую і трывалую канструкцыю. У залежнасці ад колькасці падвешаных правадоў (ланцугоў) апоры ліній электраперадачы падзяляюцца на адна- і многаланцуговыя; ад канструкцыі — на аднастоечныя, А-, П- і АП-падобныя, свабоднастаячыя, з адцяжкамі. Робяцца з жалезабетону і металу, пераважна са сталі (у асн. для ЛЭП напружаннем 220 кВ і болей), а таксама з дрэва (да 110 кВ у лясных мясцовасцях).

т. 1, с. 432