Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎЦЮКІ́,

вадасховішча ў Беларусі, у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, каля в. Малыя Аўцюкі. Створана ў 1980 для патрэб сельскай гаспадаркі. Пл. 0,62 км², даўж. каля 1,5 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 4,3 м, аб’ём вады каля 1,9 млн. м³. Дно пясчанае. Наліўное, напаўняецца за кошт сцёку р. Закованка і меліярацыйных каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2,7 м.

т. 2, с. 124

АЎЧА́РКІ,

група парод службовых сабак. Пашыраны ва ўсім свеце. Гадуюць для пастухоўскай, каравульнай, вышуковай і інш. службы. Вызначаюцца моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным складам цела, багатым шэрсным покрывам. Смелыя, вынослівыя сабакі, якія лёгка дрэсіруюцца. Вядомыя пароды: каўказская, сярэднеазіяцкая, паўднёваруская, шатландская (колі) і інш. Найб. пашыраная — нямецкая аўчарка, на аснове якой створаны ўсх.-еўрап. тып.

Нямецкая аўчарка — адна з лепшых вартавых сабак, моцная, з добра развітой мускулатурай, выш. ў карку ў сярэднім каля 60 см. Вызначаецца развітым інстынктам аховы гаспадара, яго рэчаў, двара, жывёлы і інш. Усходнееўрапейская аўчарка буйнейшая за ням., з больш сухім і моцным складам цела, выш. ў карку 62—70 см; галава клінападобная, вушы стаячыя, хвост шаблепадобны; масць цёмна- і светла-шэрая, чорная з падпалінамі, рыжая розных адценняў. Каўказская, сярэднеазіяцкая і паўднёваруская аўчаркі — пастухоўскія пароды стараж. паходжання, з масіўнай шырокай галавой, грубым касцяком, магутнымі лапамі; вушы вісячыя, хвост серпападобны. Выш. ў карку 60—65 см. Гадуюць іх пераважна ва ўсходнееўрап. і сярэднеазіяцкіх краінах. У многіх краінах свету пашыраны даўгашэрсны і барадаты колі, у прыдунайскіх краінах — чорныя кудлатыя пулі і пумі, белыя кувасы, камандоры і інш.

т. 2, с. 124

АЎЧА́РНЯ,

кашара, пабудова для ўтрымання авечак, асноўны вытворчы будынак авечкагадоўчых фермаў і комплексаў. Звычайна маюць аддзяленні для розных груп авечак: бараноў-вытворнікаў, матак з ягнятамі, рамонтнага, адкормачнага пагалоўя; памяшканні для ягнення, штучнага кармлення ягнят і інш.

т. 2, с. 124

АЎЧАРЭ́НКА Аляксандр Іванавіч

(28.1.1922, с. Грыгор’еўка Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан — 20.7.1988),

рускі літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1958), праф. (1965). Скончыў Маскоўскі абл. пед. ін-т (1942). Даследаваў творчасць М.Горкага, сацыяліст. рэалізм, суадносіны нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў мастацтве. Аўтар артыкулаў пра творчасць рус., бел. і ўкр. пісьменнікаў. У кн. «Сучасны беларускі раман» (1971, 2-е выд. 1978) разглядаў творы І.Мележа, А.Адамовіча, Я.Брыля, В.Быкава, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі, І.Шамякіна, І.Чыгрынава і інш. У 1969—88 старшыня савета па бел. л-ры Саюза пісьменнікаў СССР.

т. 2, с. 124

АЎЧЫ́НА,

шкура, знятая з авечкі. У залежнасці ад якасці аўчыну выкарыстоўваюць на кажухі, паўкажушкі (аўчына грубашэрсных і паўгрубашэрсных авечак; найлепшая кажуховая аўчына з раманаўскай пароды авечак), на футра (з авечак танкарунных і паўтанкарунных парод). Аўчыну можна імітаваць пад дарагое футра — выдры, нутрыі, коціка. З астатняй аўчыны вырабляюць скуру для абутку, адзення, галантарэі.

т. 2, с. 124

АЎЧЫ́ННІКАЎ Вячаслаў Аляксандравіч

(н. 29.5.1936, г. Варонеж),

рускі кампазітар і дырыжор. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1962, клас Ц.Хрэннікава). З 1962 дырыжор розных аркестраў, у тым ліку Усесаюзнага радыё і тэлебачання. Сярод твораў: 2 оперы; балеты; араторыі «Гімны Айчыне» і «Сергій Раданежскі»; кантата, 4 сімфоніі, 6 сіют і інш. для сімф. арк.; камерна-інстр. творы; хары; рамансы; музыка да кінафільмаў «Вайна і мір», «Андрэй Рублёў», «Яны змагаліся за Радзіму», «Іванава дзяцінства», «Барыс Гадуноў» і інш.

т. 2, с. 124

АЎЧЫ́ННІКАЎ Юрый Анатолевіч

(2.8.1934, Масква — 17.2.1988),

савецкі хімік і біяхімік. Акад. АН СССР (1970), віцэ-прэзідэнт АН СССР (1974). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). З 1960 у Ін-це біяарган. хіміі АН СССР (з 1970 дырэктар). Навук. працы па сінтэзе і будове розных тыпаў фізіялагічна актыўных злучэнняў, вывучэнні малекулярных механізмаў іх дзеяння. Распрацаваў мас-спектраметрычны метад вызначэння паслядоўнасці амінакіслотных рэшткаў у пептыдах і метад сінтэзу пептыдаў на палімерным носьбіце. Вызначыў будову шэрагу бялкоў — рыбасамальных, нейратаксінаў і інш.; адкрыў новы тып мембранаактыўных камплексонаў.

Тв.:

Мембрано-активные комплексоны. М., 1974 (разам з В.Ц.Івановым, А.М.Шкробам).

т. 2, с. 124

Аўчыннікаў Эльмар Віктаравіч

т. 18, кн. 1, с. 338

АЎЭ́ЗАЎ Мухтар Амарханавіч

(28.9.1897, урочышча Чынгістаў Сяміпалацінскай вобл., Казахстан — 27.6.1961),

казахскі пісьменнік і вучоны. Акад. АН Казахстана (1946). Засл. дз. нав. Казахстана (1957). Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). У трагедыі «Енлік-Кебек» (1917, новая рэд. 1957) паказаны звычаі і норавы феад.-радавога грамадства. У яго апавяданнях, аповесцях, п’есах, нарысах адлюстравана жыццё і побыт каз. аула. Стваральнік першага нац. гіст. рамана-эпапеі «Шлях Абая», які складаецца з 2 кн.: «Абай» (т. 1—2, 1942—47; Дзярж. прэмія СССР 1949) і «Шлях Абая» (т. 1—2,1952—56; Ленінская прэмія 1959). Аўтар рамана «Племя маладое» (незавершаны; апубл. 1962). Даследаваў гісторыю каз. і кірг. л-ры, фальклор.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. М., 1973—75.

Літ.:

Каратаев М. Мухтар Ауэзов: Заметки о творчестве. Алма-Ата, 1967.

Ж.Сахіеў.

т. 2, с. 124

А́ЎЭР Леапольд Сямёнавіч

(7.6.1845, г. Веспрэм, Венгрыя — 15.4.1930),

скрыпач, педагог, дырыжор. У 1868—1917 жыў у Расіі, праф. Пецярбургскай кансерваторыі. З 1918 у ЗША: праф. Ін-та муз. мастацтва ў Нью-Йорку і Муз. ін-та Кёртыс у Філадэльфіі. Шмат канцэртаваў. Аўтар п’ес і транскрыпцый для скрыпкі з арк., рэдакцый шматлікіх скрыпічных твораў, тэарэт. прац. Сярод вучняў Я.Хейфец, Я.Цымбаліст, В.Гольдфельд.

Тв.:

Рус. пер. — Моя школа игры на скрипке;

Интерпретация произведений скрипичной классики. М., 1965.

Літ.:

Раабен Л. Л.С.Ауэр: Очерк жизни и деятельности. Л., 1962.

т. 2, с. 125