АЎЧЫ́НА,

шкура, знятая з авечкі. У залежнасці ад якасці аўчыну выкарыстоўваюць на кажухі, паўкажушкі (аўчына грубашэрсных і паўгрубашэрсных авечак; найлепшая кажуховая аўчына з раманаўскай пароды авечак), на футра (з авечак танкарунных і паўтанкарунных парод). Аўчыну можна імітаваць пад дарагое футра — выдры, нутрыі, коціка. З астатняй аўчыны вырабляюць скуру для абутку, адзення, галантарэі.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)