АПТЫ́ЧНЫ КВА́НТАВЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК,
узмацняльнік электрамагнітных хваляў аптычнага дыяпазону спектра, дзеянне якога заснавана на вымушаным выпрамяненні ўзбуджаных атамаў, малекул або іонаў. Першасная эл.-магн. хваля пры распаўсюджванні ў актыўным асяроддзі стымулюе вымушанае выпрамяненне, тоеснае з ёй па частаце, фазе, напрамку распаўсюджвання і характары палярызацыі. Для павелічэння каэфіцыента ўзмацнення актыўнае асяроддзе змяшчаюць у аб’ёмны рэзанатар. Аптычны квантавы ўзмацняльнік мае малы ўзровень шумаў і высокую адчувальнасць. Выкарыстоўваецца ў выхадных каскадах магутных лазераў, сістэмах аптычнай і далёкай касм. сувязі, радыёастраноміі і інш.
В.В.Валяўка.
т. 1, с. 439
АПТЫ́ЧНЫ РЭЗАНА́ТАР,
сістэма люстраных адбівальных паверхняў, у якой узбуджаюцца і падтрымліваюцца стаячыя ці бягучыя электрамагнітныя хвалі аптычнага дыяпазону. У адрозненне ад аб’ёмнага рэзанатара аптычны з’яўляецца адкрытым (няма бакавых сценак). Аптычны рэзанатар — адзін з важнейшых элементаў лазера. Асн. характарыстыка аптычнага рэзанатара — дыхтоўнасць (вызначае страты светлавой энергіі і характарызуе рэзанансныя ўласцівасці).
Прасцейшы аптычны рэзанатар — інтэрферометр Фабры—Перо, які складаецца з 2 плоскіх строга паралельных люстэркаў, што знаходзяцца на адлегласці L, значна большай за даўжыню хвалі λ. Калі паміж люстэркамі ўздоўж восі рэзанатара распаўсюджваецца плоская светлавая хваля, то ў выніку адбіцця ад люстэркаў і інтэрферэнцыі адбітых хваляў утвараецца стаячая хваля. Умова рэзанансу: L = q∙λ/2. дзе q — падоўжны індэкс ваганняў (колькасць паўхваляў, што ўкладаюцца ўздоўж восі аптычнага рэзанатара). У лазернай тэхніцы выкарыстоўваюцца канфакальныя рэзанатары, утвораныя сферычнымі люстэркамі, якія разнесены на адлегласць, роўную радыусу іх крывізны, а таксама кальцавыя аптычныя рэзанатары, што складаюцца з 3 і болей плоскіх або сферычных люстэркаў. У аптычным рэзанатары са сферычнымі люстэркамі ўзбуджаюцца таксама незалежныя бягучыя насустрач адна адной хвалі.
Літ.:
Ананьев Ю.А. Оптические резонаторы и проблема расходимости лазерного излучения. М., 1979.
В.В.Валяўка.
т. 1, с. 439
АПТЭ́КА
(ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),
медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л. цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.
Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.
Л.П.Ражкіна.
т. 1, с. 439
АПТЭ́КАРСКАЯ ВАГА́,
сістэма мер (адзінак) масы для ўзважвання лекаў. Асн. адзінка — аптэкарскі фунт, які падзяляўся на 12 унцый, унцыя — на 8 драхмаў, драхма — на 3 скрупулы, скрупул на 20 гранаў. У 19 і пач. 20 ст. на Беларусі карысталіся аптэкарскай вагой: 1 рус. аптэкарскі фунт = 358,323 г, 1 унцыя = 29,860 г, 1драхма = 3,732 г, 1 скрупул = 1,244 г, 1гран = 62,209 г. У англ. сістэме мер гэтыя адзінкі маюць інш. значэнні.
т. 1, с. 439
АПТЭРЫЁЗ
(ад а... + грэч. pteron пяро + ...оз),
хвароба птушак, якая характарызуецца затрымкай або поўным прыпыненнем росту пер’я. Часцей сустракаецца ў маладняку вадаплаўнай птушкі пры антысанітарным утрыманні, адсутнасці водных выгулаў, недахопе ў рацыёне амінакіслот (цысціну, лізіну, метыяніну). Пры аптэрыёзе прыпыняецца функцыя хвастцовай залозы, намакае покрыўнае пер’е, зніжаецца імунна-біял. рэактыўнасць арганізма, у выніку ўзнікаюць дэрматозы скуры і прастудныя захворванні.
т. 1, с. 439
АПУ́КА,
бел. нар. гульня. Гуляюць 2 каманды. Кожная выбірае вядучага. На пляцоўцы паміж камандамі праводзяць 2 лініі на адлегласці 30—40 м. Удзельнікі каманды «горада» па чарзе бітай кідаюць апуку (мяч памерам з тэнісны) у бок праціўніка (у «поле»). Калі гульцы «палявой» каманды зловяць мяч з лёту, каманды мяняюцца месцамі. Калі мяч не злоўлены, «палявыя» гульцы падхопліваюць яго і ад сваёй лініі кідаюць у гульца «гарадской» каманды, які ў гэты час павінен дабегчы да чужой лініі і вярнуцца да сваіх; калі мяч пападзе ў гульца, каманды таксама мяняюцца месцамі. Лакальныя назвы перагон, салавей, ілкі, лавец і інш.
т. 1, с. 440
АПУКО́ВА,
возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль. За 34 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,28 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 0,35 км. Пл. вадазбору 4,25 км². Берагі нізкія, паўд.-ўсх. забалочаныя. Схілы катлавіны выш. да 25 м, зарослыя хмызняком. Востраў пл. 0,7 га.
т. 1, с. 440
АПУЛЕ́Й
(Apuleius) Луцый (каля 125, г. Мадаўра, Паўн. Афрыка — каля 180),
старажытнарымскі пісьменнік, аратар. Адукацыю атрымаў у Карфагене і Афінах. З яго літ. спадчыны дайшла невял. частка: авантурна-алегарычны раман «Метамарфозы» («Залаты асёл») у 11 кнігах з устаўнымі навеламі (у т. л. казка пра Амура і Псіхею, кн. 4—6), у якім рэаліст. і сатыр. малюнкі з жыцця рымскай правінцыі 2 ст. н.э. спалучаюцца з эротыкай, фантастыкай і містыкай, — адзін з першых псіхал. раманаў у еўрап. л-ры; «Апалогія, ці Слова ў абарону супраць абвінавачання ў магіі»; зб. урыўкаў з рытарычных прамоў Апулея «Фларыды»; навукова-філас. трактаты і інш. На бел. мову «Метамарфозы» пераклаў П.Бітэль.
Тв.:
Бел. пер. — Метамарфозы, ці Залаты асёл // Лонг. Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою...: Раманы. Мн., 1991;
Рус. пер. — «Метаморфозы» (и другие сочинения): Пер. с лат. М., 1988.
т. 1, с. 440