Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРО́ДНЯ,

рака ў Беларусі, у Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Прысынак Смалявіцкага р-на, цячэ пераважна па Верхнебярэзінскай нізіне. Асн. прытокі: Сойка (справа) і Каўпеніца (злева).

Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. 3—4 км) са спадзістымі схіламі, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з далінамі рэк Гайна і Бярэзіна. Пойма забалочаная, у верхнім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча ад вытоку на 12 км каналізаванае, ніжэй слаба ўтварае меандры. Берагі невысокія, забалочаныя.

т. 3, с. 257

БРО́ДСКІ Аляксандр Ільіч

(19.6.1895, г. Днепрапятроўск, Украіна — 21.8.1969),

украінскі фізікахімік. Чл.-кар. АН СССР (1943), акад. АН УССР (1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1927 у Ін-це фіз. хіміі АН УССР, з 1939 яго дырэктар. Навук. працы па фіз. хіміі. Упершыню ў СССР атрымаў цяжкую ваду (1934) і выкарыстаў ізатопы для даследавання механізму хім. рэакцый. Аўтар падручніка «Фізічная хімія» (1928; т. 1—2. 6-е выд. 1948), манаграфій «Сучасная тэорыя электралітаў» (1934) і «Хімія ізатопаў» (2-е выд. 1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 71—72.

т. 3, с. 257

БРО́ДСКІ Іосіф Аляксандравіч

(24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),

рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.Ахматавай, С.Маршака, Дз.Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.

Тв.:

Соч.: В 4 т. Т. 1—2. СПб., 1992—94;

Назидание. 1990;

Форма времени. Т. 1—2. Мн., 1992.

т. 3, с. 257

БРО́ДСКІ Ісак Ізраілевіч

(6.1.1884, с. Сафіеўка Запарожскай вобл., Украіна — 14.8.1939),

расійскі жывапісец і графік. Засл. дз. маст. РСФСР (1932), праф. (1934). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1902—08) у І.Рэпіна. Член Т-ва паўн.-рус. мастакоў (з 1910). У 1934—39 дырэктар Усерасійскай АМ у Ленінградзе. Адзін з заснавальнікаў ленінскай тэмы ў сав. мастацтве. Творы: «Урачыстае адкрыццё II кангрэса Камінтэрна» (1920—24), «У.І Ленін у Смольным» і інш.; партрэты, пейзажы («Апалае лісце»), малюнкі.

Літ.:

Бродский И.А. И.И.Бродский: Статьи, письма, документы. М., 1956.

т. 3, с. 257

БРО́ЕР

(Breuer) Марсель Лаяш (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),

амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.Зерфюсам і П.Л.Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.

т. 3, с. 258

БРО́ЖА,

Продзвінка, Брожка, рака ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 390 км². Пачынаецца паміж вёскамі Мачулкі і Мартынаўка, вусце за 1,5 км на У ад в. Продзвіна. У верхнім цячэнні 10 км рэчышча каналізавана.

т. 3, с. 258

БРО́ЖА,

пасёлак у Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Брожа. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Бабруйск—г.п. Акцябрскі. За 25 км на Пд ад Бабруйска, 135 км ад Магілёва. 737 ж., 355 двароў (1995). Аддзяленне Бабруйскай птушкафабрыкі «Брожа», лесаўчастак Бабруйскага леспрамгаса, лясніцтва, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 3, с. 258

БРО́ЖСКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1916—20 на чыг. станцыі Брожа Лібава-Роменскай чыгункі (цяпер у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл.). Працавалі 75 рабочых (1918).

т. 3, с. 258

БРОЗ ЦІ́ТА (Broz Tito) Іосіп, гл. Ціта Іосіп.

т. 3, с. 258

БРО́ЙЛЕР

(англ. broiler ад broil смажыць на агні),

адкормленае на мяса кураня ва ўзросце да 70 сутак, з жывой масай да 2 кг. Для вытв-сці бройлераў выкарыстоўваюць мяса-яечныя, мясныя пароды курэй і мясныя лініі гэтых курэй (бацькаўскай формай у скрыжаваннях служыць парода корніш, мацярынскай — белы плімутрок). Бройлеры вызначаюцца інтэнсіўным ростам, скараспеласцю, нізкімі затратамі корму. Мяса бройлера — дыетычны прадукт, які мае да 22,5% бялку, далікатнае і сакаўное. Бройлерам наз. таксама гібрыдны маладняк інш. відаў птушкі, які гадуюць на мяса (качанят не старэй за 8 тыдняў, гусянят і цацаранят ва ўзросце да 12 тыдняў, індычанят — да 19 тыдняў).

т. 3, с. 258