Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРАЧЫСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ

(? — 1044),

князь полацкі (1003—44), сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды Рагвалодаўны і Уладзіміра Святаславіча. Як адзін з першых князёў адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі ад улады кіеўскіх князёў. У 1021 захапіў Ноўгарад і вывеў у Полацк шмат палонных. У адказ вял. князь кіеўскі Яраслаў Мудры з войскам пайшоў з Кіева на Брачыслава Ізяславіча і разбіў палачан на р. Судаміры. Аднак паводле заключанага пагаднення Брачыслаў Ізяславіч атрымаў гарады Віцебск і Усвяты. Да 1026 Брачыслаў Ізяславіч і Яраслаў кіравалі Кіеўскай Руссю са сваіх вотчын Полацка і Ноўгарада праз намеснікаў у Кіеве, што азначала прызнанне Яраславам паліт. незалежнасці Полацкай зямлі. Уладу дуумвірата парушыў захоп у 1024 кн. Мсціславам Уладзіміравічам Чарнігава і ўсталяванне ў 1026 Яраслава ў Кіеве. Брачыслаў Ізяславіч значна пашырыў межы Полацкай зямлі на Пд і Пн, заснаваў г. Брачыслаўль (Браслаў). Брачыслаў Ізяславіч быў вядомы ў Скандынавіі, пра што сведчыць «Эймундава сага».

С.В.Тарасаў.

т. 3, с. 255

БРАЧЫСЛА́Ў СВЯТАПО́ЛЧЫЧ

(1104—18.3.1128),

князь з тураўскай дынастыі Ізяславічаў. Верагодна, валодаў удзелам у Тураўскай або Валынскай зямлі.

т. 3, с. 255

БРАШО́Ў

(Braşov),

горад у цэнтр. ч. Румыніі. Адм. ц. жудэца Брашоў. Засн. ў 1211. 323,8 тыс. ж. (1993). Буйны вузел чыгунак і аўтадарог. Другі (пасля Бухарэста) прамысл. цэнтр краіны, які ўключае больш за 10 гарадоў-спадарожнікаў. Разнастайнае машынабудаванне (у т. л. аўта-, трактара-, прыладабудаванне), хім. (нафтахім., гумавая), парфумерна-касметычная, цэм., дрэваапр., тэкст. (пераважна шарсцяная), гарбарна-абутковая, харч., паліграф. прам-сць. Турызм. Ун-т. Гатычная «горная царква» 14—15 ст., цытадэль 17 ст.

т. 3, с. 255

БРА́ШПІЛЬ

(галанд. braadspil),

лябёдка з гарыз. валам для пад’ёму якара, падцягвання судна з дапамогай тросаў да прычала (пірса, сценкі) пры яго швартоўцы. Бываюць ручныя, паравыя, эл. і гідраўлічныя. На вял. ваен. караблях замест брашпіля ўстанаўліваецца шпіль — механізм лябёдачнага тыпу з верт. валам і пераважна эл. Прыводам.

т. 3, с. 255

БРАШУ́РА

(франц. brochure),

неперыядычнае друкаванае выданне памерам ад 5 да 48 старонак, як правіла, у мяккай вокладцы.

т. 3, с. 255

БРАШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Драгічын. 2080 ж., 830 двароў (1995). Лясніцтва, швейнае атэлье. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (пач. 20 ст.). Курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. Вайну.

т. 3, с. 255

БРАЯНКО́Ў Віктар Міхайлавіч

(15.9.1914, г. Самара, Расія — 24.12.1976),

бел. віяланчэліст. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Бел. кансерваторыю (1941). У 1940—75 артыст аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у 1946—57 канцэртмайстар групы віяланчэляў), выконваў адказныя сола, выступаў у канцэртах.

т. 3, с. 255

БРА́ЯНТ

(Bryant) Уільям Кален (3.11.1794, Камінгтан, штат Масачусетс, ЗША — 12.6.1878),

амерыканскі паэт-рамантык. З 1829 рэдактар нью-йоркскай газеты «Evening Post» («Вячэрняя пошта»). Пейзажная і філас. лірыка (паэма «Танатопсіс», у пер. з грэч. «Карціна смерці», 1817; зб-кі «Вершы», 1821 і 1832; «Фантан», 1842; «Лясны гімн», 1860; «Між дрэў», 1874; «Рака часу», 1878) здабыла Браянту славу «амерыканскага Вордсварта». Узоры паліт. лірыкі — паэма «Гібель Рабства» (1865). Аўтар падарожных нататкаў, тэарэтычных артыкулаў пра паэзію. Пераклаў з грэч. мовы «Іліяду» (1870) і «Адысею» (1872) Гамера.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Зенкевич М. Из американских поэтов. М., 1946.

Н.М.Саркісава.

т. 3, с. 255