Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫ́ШЛЕРА ПРЫ́НЦЫП ЭКВІВАЛЕ́НТНАСЦІ ў экалогіі,

прынцып, паводле якога ў геаграфічна розных, але экалагічна канвергентных біятопах розныя віды арганізмаў, што займаюць эквівалентныя нішы экалагічныя, выконваюць ідэнтычныя экалагічныя функцыі. Сфармуляваны ням. эколагам В.​Тышлерам (1955). Эквівалентнымі з’яўляюцца эдафічныя ўмовы (гл. Эдасфера), біятычныя спектры і біяцэнатычная структура экасістэм шыракалістых лясоў Еўропы і Канады, і ў выніку расліннаедныя млекакормячыя Паўн. Амерыкі (алень вапіці, вавёрка гудзонская, хамячок аленевы) выконваюць тыя ж экалагічныя функцыі, што і адпаведныя млекакормячыя Еўропы (алень высакародны, вавёрка звычайная, мыш лясная). Пры наяўнасці мноства эквівалентных ніш утвараюцца аналагічныя біяцэнозы — ізацэнозы, або ізацэны (напр., амер. прэрыі і афр. саванны, паўночнаамер. і еўрап. лясы і інш.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 87

ТЫШЫ́НСКІ (Tyszyński) Аляксандр (21.5.1811, С.-Пецярбург — 5.11.1880),

польскі літаратуразнавец, крытык, празаік. Чл. АН у Кракаве (з 1873). Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829—38 жыў у в. Мясата (Маладзечанскі р-н) і Мінску. Адзін з заснавальнікаў (1841) і вядучых аўтараў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). У 1866—69 выкладчык Гал. школы ў Варшаве. Апошнія гады жыцця правёў у Мясаце. Развіваў тэорыю рэгіянальных, у т. л. бел., школ у польскай л-ры. Упершыню яе абгрунтаваў у даследаванні «Пра школы ў польскай паэзіі», уключыў у яго свой раман у лістах «Амерыканка ў Польшчы» (1837). Матэрыялы пра літ. жыццё Беларусі ў асн. яго працах: «Даследаванні і крытыка» (т. 1—3, 1854), «Польскія вобразы» (1875), «Крытычныя працы» (т. 1—2, 1904). Аўтар «Гістарычнага нарыса асветы славян» (1841), «Дзённіка за 1829—1878 гг.», дзе падрабязна расказаў пра гады жыцця на Беларусі (лёс рукапісу невядомы).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 16, с. 87

ТЫШЭ́ВІЧ Уладзімір Аляксандравіч (29.5.1923, г. Віцебск — 10.12.1980). Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1940),

Омскую ваен. авіяшколу пілотаў (1942), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1943 на фронце, лётчык-штурмавік, удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Зрабіў 114 баявых вылетаў, знішчыў 5 самалётаў, шмат баявой тэхнікі, 3 ваен. склады, некалькі скопішчаў войск праціўніка. Да 1961 у Сав. Арміі.

У.А.Тышэвіч.

т. 16, с. 87