ТЫШЫ́НСКІ (Tyszyński) Аляксандр (21.5.1811, С.-Пецярбург — 5.11.1880),

польскі літаратуразнавец, крытык, празаік. Чл. АН у Кракаве (з 1873). Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829—38 жыў у в. Мясата (Маладзечанскі р-н) і Мінску. Адзін з заснавальнікаў (1841) і вядучых аўтараў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). У 1866—69 выкладчык Гал. школы ў Варшаве. Апошнія гады жыцця правёў у Мясаце. Развіваў тэорыю рэгіянальных, у т. л. бел., школ у польскай л-ры. Упершыню яе абгрунтаваў у даследаванні «Пра школы ў польскай паэзіі», уключыў у яго свой раман у лістах «Амерыканка ў Польшчы» (1837). Матэрыялы пра літ. жыццё Беларусі ў асн. яго працах: «Даследаванні і крытыка» (т. 1—3, 1854), «Польскія вобразы» (1875), «Крытычныя працы» (т. 1—2, 1904). Аўтар «Гістарычнага нарыса асветы славян» (1841), «Дзённіка за 1829—1878 гг.», дзе падрабязна расказаў пра гады жыцця на Беларусі (лёс рукапісу невядомы).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)