Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІРА́Ж (франц. mirage),

аптычныя з’явы ў атмасферы (часцей ва ўмовах пустыні), калі разам з аддаленымі прадметамі (або ўчасткам неба) бачны іх уяўныя адлюстраванні, перамешчаныя адносна саміх прадметаў. Бывае ніжні М., верхні (рэдка) і бакавы (вельмі рэдка). Ніжні М. (вобраз ніжэй за аб’ект) назіраецца ў гарачыя дні ў пустынях і стэпах, над асфальтавымі дарогамі. Верхні М. (вобраз вышэй за аб’ект) бывае звычайна ў палярных рэгіёнах або над паверхняй мора. Бакавы М. (вобраз побач з аб’ектам) можна назіраць, калі глядзець на пэўны прадмет уздоўж нагрэтай сцяны. Агульная прычына М. — скрыўленне светлавых прамянёў, што ідуць ад прадмета ў неаднолькава нагрэтых слаях атмасферы, якія маюць розную шчыльнасць. Складаныя з’явы М. з рэзкім скрыўленнем выгляду прадмета наз. Фата-Маргана.

т. 10, с. 462

МІ́РАЖСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік архітэктуры 12—19 ст. у г. Пскоў (Расія). Засн. ў 1156 наўгародскім архіепіскапам Ніфантам каля вусця р. Міража (адсюль назва). Уключае Спаса-Праабражэнскі сабор (каля 1156; з цэглы-плінфы і каменю) — крыжова-купальны храм з масіўным барабанам і вял. купалам (у інтэр’еры фрэскі, магчыма, грэч. майстра), каменныя палаты, надбрамную царкву св. Стафана (абодва 17 ст.). Манастырскі комплекс абнесены сценамі ў 1799—1805.

Панарама Міражскага манастыра.

т. 10, с. 462

МІРА́КЛЬ (франц. miracle ад лац. miraculum цуд),

жанр сярэдневяковай рэлігійна-дыдактычнай драмы ў вершах, звычайна невял. памеру, сюжэт якой заснаваны на цудзе, здзейсненым святым ці Дзевай Марыяй. У Францыі вядомы з 13 ст., пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы ў 14 ст. Прапагандаваў хрысц. мараль, аскетызм. З развіццём жанру рэліг. матывы выцясняліся, М. набываў свецкі характар, хоць агульная дыдактычная накіраванасць яго захоўвалася. На Беларусі існаваў у рэпертуары школьных т-раў у езуіцкіх калегіумах з канца 16 да сярэдзіны 18 ст. Паказы адбываліся ў Полацку, Віцебску, Навагрудку, Брэсце («Св. Ксаверы», «Св. Антоні Падуанскі») і інш.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 129—144.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 10, с. 462

МІ́РАН (Myrōn) з Элеўтэраў

(каля 500—400 г. да н.э.),

старажытнагрэчаскі скульптар, прадстаўнік ранняй класікі. Працаваў у Афінах. Праславіўся статуямі атлетаў-пераможцаў, выкананых пераважна ў бронзе (вядомы па рым. копіях), якія вылучаліся жыццёвасцю ў перадачы руху, гарманічнай ураўнаважанасцю кампазіцыі, экспрэсіяй (напр., «Дыскабол»). Звяртаўся да міфалагічных сюжэтаў (скульпт. група «Афіна і Марсій»).

С.​І.​Пракоп’ева.

Міран. Дыскабол. 5 ст. да н.э.

т. 10, с. 462

МІ́РАН (Казімір Феліксавіч) (6.8.1895, в. Дзянісы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1972),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Праф. (1963). Засл. лесавод Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі лясны ін-т (1925). У 1931—41 у Бел. НДІ лясной гаспадаркі (заг. сектара), у 1943—46 ва Усесаюзным НДІ лясной гаспадаркі (заг. сектара). У 1945—70 у Бел. тэхнал. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па штучным лесааднаўленні, інтрадукцыі каштоўных дрэвавых парод.

Тв.:

Мероприятия по реконструкции малоценных молодняков в лесах БССР. Мн., 1952;

Развитие лесокультурного дела в Белоруссии за 1917—1967 гг. // Лесоведение и лесное хозяйство. Мн., 1969. Вып. 2.

т. 10, с. 462

МІРА́НДА,

найбліжэйшы спадарожнік Урана. Адлегласць ад Урана 129,2 тыс. км, дыяметр каля 240 км, сідэрычны перыяд абарачэння 1,46 сут. Адкрыты Дж.​Койперам (ЗША, 1948).

т. 10, с. 463

МІРА́НДА ((Miranda) Франсіска) (28.3.1750, Каракас — 14.7.1816),

адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Паўд. Амерыцы. Генералісімус Венесуэлы (1812). Скончыў ун-т у Каракасе (1764). З 1773 у ісп. арміі. З пач. 1780-х г. удзельнік антыісп. сепаратысцкага руху. У 1783 эмігрыраваў у Паўн. Амерыку, дзе ўдзельнічаў у барацьбе за незалежнасць англ. калоній. У 1786—87 у Расіі вёў перагаворы пра фін. дапамогу і дыпламат. падтрымку. У 1792—97 у Францыі, зблізіўся з жырандыстамі і ўступіў у франц. армію. З 1798 у Англіі, потым у ЗША. У 1806 арганізаваў няўдалую экспедыцыю ў Венесуэлу з мэтай узняць там паўстанне. У 1810 узначаліў барацьбу за незалежнасць Венесуэлы. У пач. 1812 кангрэс краіны даў яму паўнамоцтвы дыктатара. Пасля паражэння венесуэльскай арміі (ліп. 1812) высланы ісп. ўладамі ў Іспанію, дзе і памёр у турме.

Літ.:

Лаврецкий И.Р. Миранда. М., 1965.

т. 10, с. 463

МІРАНЕ́НКА (Аляксей Віктаравіч) (5.3. 1911, с. Ільінка Белгародскай вобл., Расія — 22.4.1998),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1962), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Варонежскі пед. ін-т (1938). З 1949 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі (дырэктар), з 1952 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (да 1988 заг. лабараторыі). Навук. працы па заканамернасцях утварэння і намнажэння алкалоідаў, бялковых рэчываў і’ амінакіслот у лубіне.

Тв.:

Методы определения алкалоидов. Мн., 1966;

Биохимия люпина. Мн., 1975.

т. 10, с. 463

МІРА́НКА,

рака ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Уша (бас. р. Нёман). Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 85 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Сімакава, цячэ праз г.п. Мір. На працягу 7,2 км каналізаваная.

т. 10, с. 463

МІРА́НКА,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёман і Уша. Пл. 3107 га.

Асн. ч. займае тарфяное радовішча Воўчае балота. На астатняй тэрыторыі рэльеф спадзісты, на краявых участках сярэднеўзвышаны, месцамі перасечаны рэкамі, лагчынамі, ярамі. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя. Ельнікі, беразнякі, чорнаалешнікі; участкі дубу, клёну. Травяністыя расліны купальнік горны, кураслеп лясны, лінея паўночная, сон лугавы, валжанка двухдомная, шалфей лугавы занесены ў Чырв. кнігу. У фауне: лось, алень, казуля, дзік, заяц русак і бяляк, куніца, ліс, андатра, норка, выдра, глушэц, цецярук; барсук, сіпуха, пустальга звычайная, бусел чорны і чайка малая занесены ў Чырв. кнігу.

П.​Л.​Лабанок.

т. 10, с. 463