МІРА́НДА ((Miranda) Франсіска) (28.3.1750, Каракас — 14.7.1816),

адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Паўд. Амерыцы. Генералісімус Венесуэлы (1812). Скончыў ун-т у Каракасе (1764). З 1773 у ісп. арміі. З пач. 1780-х г. удзельнік антыісп. сепаратысцкага руху. У 1783 эмігрыраваў у Паўн. Амерыку, дзе ўдзельнічаў у барацьбе за незалежнасць англ. калоній. У 1786—87 у Расіі вёў перагаворы пра фін. дапамогу і дыпламат. падтрымку. У 1792—97 у Францыі, зблізіўся з жырандыстамі і ўступіў у франц. армію. З 1798 у Англіі, потым у ЗША. У 1806 арганізаваў няўдалую экспедыцыю ў Венесуэлу з мэтай узняць там паўстанне. У 1810 узначаліў барацьбу за незалежнасць Венесуэлы. У пач. 1812 кангрэс краіны даў яму паўнамоцтвы дыктатара. Пасля паражэння венесуэльскай арміі (ліп. 1812) высланы ісп. ўладамі ў Іспанію, дзе і памёр у турме.

Літ.:

Лаврецкий И.Р. Миранда. М., 1965.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)