МІРА́НКА,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёман і Уша. Пл. 3107 га.

Асн. ч. займае тарфяное радовішча Воўчае балота. На астатняй тэрыторыі рэльеф спадзісты, на краявых участках сярэднеўзвышаны, месцамі перасечаны рэкамі, лагчынамі, ярамі. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя. Ельнікі, беразнякі, чорнаалешнікі; участкі дубу, клёну. Травяністыя расліны купальнік горны, кураслеп лясны, лінея паўночная, сон лугавы, валжанка двухдомная, шалфей лугавы занесены ў Чырв. кнігу. У фауне: лось, алень, казуля, дзік, заяц русак і бяляк, куніца, ліс, андатра, норка, выдра, глушэц, цецярук; барсук, сіпуха, пустальга звычайная, бусел чорны і чайка малая занесены ў Чырв. кнігу.

П.​Л.​Лабанок.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)