Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́СТРАВА,

вёска ў Міжэвіцкім с/с Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр калгаса. За 33 км ад горада і чыг. ст. Слонім, 180 км ад Гродна. 449 ж., 156 двароў (1996). Базавая школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Міхайлаўская царква (19 ст.).

т. 4, с. 276

ВОСТРАПРЫПРА́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія назапашваюць у розных органах пахучыя вострасмакавыя рэчывы (эфірны алей, гліказіды, таніны, алкалоіды, фітанцыды) і ўжываюцца як прыправа. Вядома каля 150 відаў, пашыраных ва ўсім свеце, асабліва ў паўд. шыротах. Найб. значэнне сярод трапічных вострапрыпраўных раслін маюць гваздзіковае дрэва, карычнае дрэва, мускатнік, кардамон, імбір, перац струкавы. На Беларусі культывуюцца каля 30 відаў, у т. л. аніс звычайны, гарчыца белая, ісоп лекавы, каляндра пасяўная, крэс-салата, кмен звычайны, хрэн звычайны, розныя віды цыбулі, часнок, меліса лекавая, мята перцавая, кроп пахучы і інш.

т. 4, с. 276

ВО́СТРАЎ,

выспа, участак сушы, з усіх бакоў абкружаны водамі акіяна, мора, возера або ракі. Ад мацерыка адрозніваецца адносна невял. памерамі. Есць адзіночныя астравы і іх групы — архіпелагі. Займаюць каля 9,9 млн. км² (6,6%) сушы. У акіянах і морах падзяляюцца на мацерыковыя, якія аддзяліліся ад кантынентаў, але генетычна з імі звязаны (Грэнландыя, Новая Гвінея, Калімантан, Мадагаскар і інш.), пераходнай зоны ад мацерыка да акіяна (вулканічныя, гразевулканічныя, каралавыя) і акіянскія, пераважна вулканічныя астравы (Гавайскія, Ісландыя) або каралавыя (Маршалавы гл. Атол). Найбольшыя а-вы (пл. больш за 400 тыс. км²); Грэнландыя, Новая Гвінея, Мадагаскар, Калімантан, Бафінава Зямля, Суматра. Сярод астравоў рэк і азёр адрозніваюць акумулятыўныя (наносныя) і эразійныя. На Беларусі агульная плошча астравоў 53 км². Рачных больш за 300, азёрных каля 200, самы вялікі Манастырскі (каля 5 км²) на Асвейскім воз.

т. 4, с. 276

ВО́СТРАЎ,

селішча жал. веку (2—4 ст.) каля в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Існавала на месцы паселішча каменнага веку. Выяўлены рэшткі 3 трубных пабудоў (2 з агнішчамі), гасп. ямы. Сярод знаходак: крамянёвы скрабок, гліняныя прасліцы, шкляныя пацеркі, бронзавыя падвескі, пранізкі і ланцужкі, жал. нажы, рыбалоўны кручок, спражка; кераміка — грубаляпныя арнаментаваныя гаршкі і глянцаваныя міскі. Побач з вёскай выяўлены 3 стаянкі эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.) і стаянка бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.).

т. 4, с. 276

ВО́СТРАЎ,

вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Мышанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПдЗ ад г. Ляхавічы, 193 км ад Брэста, 16 км ад чыг. ст. Лясная. 655 ж., 293 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Царква.

т. 4, с. 276

ВО́СТРАЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1392.

Заключана 5 жн. ў маёнтку Вострава каля г. Ліда паміж польск. каралём і вял. князем літ. Ягайлам і князем гарадзенскім (гродзенскім) і трокскім Вітаўтам аб перадачы апошняму ўлады ў ВКЛ. Феадалы, незадаволеныя Крэўскай уніяй 1385, аб’ядналіся вакол Вітаўта ў перыяд яго барацьбы з Ягайлам 1389—92, якая скончылася Востраўскім пагадненнем. У Вострава прыбылі Ягайла са сваёй жонкай Ядвігай, Вітаўт, князі з пануючай у ВКЛ дынастыі, бел. і літ. феадалы. Паводле пагаднення Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і фактычным кіраўніком ВКЛ, хоць без тытула «вялікі князь», а з тытулам князя Літвы. Ён абавязаўся захоўваць вернасць каралю, каралеве і польск. кароне. Вітаўт і феадалы, якія яго падтрымлівалі, змянілі знешнепаліт. арыентацыю на Польшчу, а не на Тэўтонскі ордэн, што дало магчымасць узмацніць цэнтр. ўладу ў ВКЛ.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 276

ВО́СТРАЎ УРА́НГЕЛЯ,

запаведнік у Расіі, у Магаданскай вобл. Размешчаны на а-вах Урангеля і Геральд ў Паўн. Ледавітым ак., на мяжы Усх.-Сібірскага і Чукоцкага м. Засн. ў 1976 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў арктычных астравоў, у першую чаргу радзільных бярлог (каля 250) белага мядзведзя, занесенага ў Чырв. кнігу. Пл. 795,6 тыс. га. На в-ве Геральд знаходзяцца самыя буйныя ў свеце лежні маржоў (каля 95 тыс. асобін), трапляюцца таксама лахтак, нерпа, расамаха. На в-аў Урангеля завезены свойскі паўн. алень і аўцабык. Разнастайная арнітафауна: белая гусь (адзінае месца гнездавання, каля 100 тыс. птушак штогод, від занесены ў Чырв. кнігу), чорная казарка, звычайная гага, маранкі, кулікі, паморнікі і інш.; вял. птушыныя базары з фонавымі відамі берынгава баклана, чайкі-мыеўкі і кайры.

т. 4, с. 276

ВО́СТРА-СТРАКА́ТА,

расліна, гл. Растаропша.

т. 4, с. 276

ВО́СТРЫЦА,

лугавік (Deschampsia), род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх нетрапічных краінах зямнога шара, а таксама ў высакагор’ях тропікаў. На Беларусі на сырых лугах і ў лясах, хмызняках, па берагах рэк і канаў трапляецца 1 паліморфны від — вострыца дзірваністая, або шчучка (Deschampsia cespitosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны з голымі ці пад суквеццямі шурпатымі прамастойнымі сцёбламі выш. да 1 м, звычайна ўтвараюць дзярніну. Лісце вузкалінейнае, вострашурпатарабрыстае. Каласкі 2—3-кветныя, шматлікія, сабраны ў раскідзістыя, рэдка сціснутыя мяцёлкі. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.

т. 4, с. 277

ВО́СЦІ,

старадаўняя рыбалоўная прылада беларусаў; дрэўка з металічным наканечнікам, які меў ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Наканечнік насаджваўся на дрэўка пры дапамозе ўтулкі, перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам. Рыбачылі восцямі зімой у час прыдух, вясной на нерасцілішчах, летам ноччу з агнём (гарэў у спец. прыстасаванні, гл. Каза). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі; у наш час лоўля восцямі забаронена.

І.М.Браім.

т. 4, с. 277