Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВОЛАСАГАЛО́ВЫ

(Trichocephalus),

род паразітычных гельмінтаў кл. круглых чарвей. 62 віды. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Паразітуюць у тоўстым кішэчніку дзікіх і свойскіх жывёл, таксама чалавека. Найб. вядомыя воласагалоў чалавечы (Trichocephalus trichiuris), у дзікай і свойскай жывёлы Trichocephalus ovis, Trichocephalus globulosa, Trichocephalus suis, Trichocephalus vulpis, Trichocephalus nutria.

Даўж. самцоў 20—80 мм, самак 39—90 мм. Галаўны канец воласападобны, хваставы патоўшчаны. Жывёлы і чалавек заражаюцца пры заглынанні інвазійных яец з ежай і вадой. Паразіты глыбока пранікаюць у слізістую абалонку кішэчніка і выклікаюць хваробу — трыхацэфалёз.

т. 4, с. 260

ВО́ЛАСАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

неалітычная культура плямён, якія ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. насялялі ўзбярэжжы Ніжняй Акі, Клязьмы і Верхняй Волгі (Расія). Назва ад стаянкі каля в. Воласава Уладзімірскай вобл. Асн. занятак насельніцтва — рыбалоўства. Жылі ў паўзямлянках на вял. паселішчах. Выраблялі крамянёвыя прылады, таўстасценны керамічны посуд з круглым або плоскім дном, багата арнаментаваны рамачным і грабеньчатым штампамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены крамянёвыя і касцяныя фігуркі птушак, жывёл і чалавека. Магчыма, плямёны Воласаўскай культуры былі продкамі фіна-уграў.

т. 4, с. 260

ВО́ЛАСА ПАЎДНЁВЫ,

Волас Паўднёвы, возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр. нац. парку Браслаўскія азёры; уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,21 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 40,4 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 6 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пад лесам, месцамі разараныя, на У стромкія. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Каля 50% паверхні дна зарастае расліннасцю. Вада вызначаецца высокай празрыстасцю і чысцінёй. Сярод беспазваночных трапляюцца рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, рэліктавая мізіда, понтапарэя, бакаплаў Паласа. Злучана пратокай з воз. Воласа Паўночны.

т. 4, с. 260

ВО́ЛАСА ПАЎНО́ЧНЫ,

Волас Паўночны, возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 6,5 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр. нац. парку Браслаўскія азёры, уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 4,21 км², даўж. 3,56 км, найб. шыр. 2,5 км, найб. глыб. 29,2 м, даўж. берагавой лініі 13,7 км. Пл. вадазбору каля 12 км². Схілы катлавіны пад лесам, на Пд, У і ПнУ высокія, на З і Пн нізкія, спадзістыя, часткова разараныя. Дно са шматлікімі ўпадзінамі і мелкаводдзямі. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбей — сапрапелі і глеі. Зарастае падводнай расліннасцю да глыб. 6—7 м. Вада вызначаецца высокай празрыстасцю і чысцінёй. Мае багаты жывёльны свет. Сярод беспазваночных трапляюцца рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, бакаплаў Паласа. Злучана пратокай з воз. Воласа Паўднёвы, канавай з воз. Снуды.

т. 4, с. 260

ВО́ЛАСНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 13 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,25 км², даўж. 1,14 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі 3,33 км. Пл. валазбору 4,35 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, на Пд і У 3—10 м, парослыя лесам і хмызняком. Берагі высокія, пясчаныя, на ПдЗ і ПнУ месцамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае. Зарастае. На ПнУ упадае ручай з воз. Некалач, на Пд выцякае ручай з воз. Мухна.

т. 4, с. 260

ВО́ЛАСЦЕЛЬ,

службовая асоба на Беларусі, Украіне, у Расіі ў 14—16 ст., якая кіравала воласцю ад імя вял. князя ці ўдзельнага князя; тое, што і намеснік.

т. 4, с. 261

ВО́ЛАСЦЬ,

1) на Русі і ў ВКЛ у 12—16 ст. сукупнасць зямельных уладанняў, якія належалі адной асобе.

2) На Русі і ў ВКЛ у 13—16 ст. адм.-тэр. адзінка, населеная сялянамі-даннікамі, якія ўтваралі тэр. абшчыну. Як дзярж. ўласнасць проціпастаўлялася вотчыне—уладанню на правах прыватнай уласнасці. Мела двайную сістэму кіравання: з сялян выбіраўся соцкі (у 15—16 ст. старац), інтарэсы дзяржавы прадстаўляў намеснік (цівун) з баяр, шляхты. Паступова воласці перадаваліся шляхце ў вотчыну. Даўжэй праіснавалі ў Падняпроўі. Пасля правядзення ў канцы 16 — пач. 17 ст. валочнай памеры фактычна ператварыліся ў дзярж. маёнткі.

3) Адм.-тэр. адзінка ў 1797—1920-я г. ў Рас. імперыі і СССР, у т. л. на Беларусі. Уведзена ў 1797 на казённых землях як ніжэйшае звяно дзярж. адм. сістэмы (поруч з сельскай грамадой); састаўная частка павета. У 1830—50-я г. на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне воласці скасаваны. Паводле сялянскай рэформы 1861 воласць уведзена для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. і для б. дзярж. сялян як вышэйшая адзінка саслоўнага сял. самакіравання (гл. Валасны сход, Валасное праўленне, Валасны суд). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 фармальна стала адзінкай усесаслоўнага самакіравання, якое, як правіла, з’яўлялася сродкам улады заможнага сялянства. У першыя гады сав. улады частка воласцей разбуйнена. У СССР заставалася да правядзення раянавання 1928—30 і падзелена на сельсаветы (у БССР скасавана ў 1925).

В.Л.Насевіч, В.П.Панюціч.

т. 4, с. 261

ВО́ЛАТЫ,

велікалюды, персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;

Federowski М. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;

Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;

Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.

т. 4, с. 261

ВО́ЛАХ Анатоль Аляксандравіч

(1917, Мінск — 1.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. і Варонежскім франтах. Сяржант Волах у жн. 1943 з групай разведчыкаў знішчыў у раёне г. Зянькоў Палтаўскай вобл. аўтамашыну з афіцэрамі, здабыў важныя дакументы. У вер. 1943 пры вызваленні г. Лебядзін Сумскай вобл. на браневіку сярод першых уварваўся ў горад і вёў бой з ворагам. Загінуў у разведцы на шляху да Дняпра.

т. 4, с. 261

ВО́ЛАХАЎ Марк Мікалаевіч

(н. 10.9.1921, Масква),

бел. тэатр. мастак. Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча (1940). З 1957 мастак, з 1964 гал. мастак Магілёўскага абл. драм. т-ра. Аформіў спектаклі: «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча (1957), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1960), «Гэта было ў Магілёве» Я.Тарасава (1964), «Паўлінка» Я.Купалы (1971), «Апошняя суніца ў жніўні» А.Дзялендзіка (1975), «Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса (1977), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1980), «Тутэйшыя» Купалы (1982), «Судны дзень» В.Казько (1983), «Сівы бусел» В.Ткачова (1984), «Сабачае сэрца» паводле М.Булгакава (1988), «Каварства і каханне» Шылера (1992), «Рычард III» У.Шэкспіра (1995) і інш.

т. 4, с. 261