ВАХУ́ШТЫ Багратыёні, гл. Багратыёні Вахушты.
т. 4, с. 47
ВАХШ,
рака ў Таджыкістане, пры зліцці з Пянджам утварае Амудар’ю. Даўж. 524 км, пл. бас. 39,1 тыс. км². Утвараецца пры зліцці рэк Кызылсу і Муксу і цячэ пад назвай Сурхоб. Пасля ўпадзення р. Абіхінгоу называецца Вахш. Цячэ пераважна ў вузкай V-падобнай даліне, часта ў глыбокай цясніне. За 170 км ад вусця выходзіць у Вахшскую даліну, дзе падзяляецца на рукавы. Жыўленне ледавікова-снегавое, таксама дажджавое. Паводка з мая да верасня. Сярэдні расход вады 660 м³/с. Вада вельмі мутная, у Вахшскай даліне выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў нізоўях. На Вахшы — Нурэкская, Галаўная ГЭС і інш.; г. Нурэк, Калінінабад. У ніжнім цячэнні Вахша запаведнік Тыгравая Балка.
т. 4, с. 47
ВА́ХШСКАЯ ДАЛІ́НА,
міжгорная даліна паабапал сярэдняга і ніжняга цячэння р. Вахш у Таджыкістане. Даўж. 110 км, шыр. 7—25 км, выш. ад 400 да 1200 м. Складзена пераважна з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты і газу. Арашальныя сістэмы. Пасевы доўгавалакністага бавоўніку. Пладаводства.
т. 4, с. 47
ВА́ХШСКІ ХРЫБЕ́Т,
у Зах. Паміры, у Таджыкістане, на левабярэжжы сярэдняга цячэння р. Вахш. Даўж. каля 80 км. Выш. да 3141 м. Складзены з пясчанікаў, вапнякоў, глін, кангламератаў. На схілах эфемеравыя паўпустыні і субтрапічныя стэпы.
т. 4, с. 47
ВОЛЬТАМПЕ́РНАЯ ХАРАКТАРЫ́СТЫКА
(ВАХ),
залежнасць падзення напружання на элеменце эл. ланцуга ад сілы току, што працякае праз яго (або залежнасць сілы току праз элемент ланцуга ад прыкладзенага напружання). Калі супраціўленне элемента не залежыць ад току, то ВАХ — прамая лінія, якая праходзіць праз пачатак каардынат. ВАХ нелінейных элементаў (эл.-вакуумныя, газаразрадныя і цвердацелыя прылады) маюць нелінейныя ўчасткі і розную форму. Гл. таксама Адмоўнае супраціўленне.
т. 4, с. 269