ВАХШ,

рака ў Таджыкістане, пры зліцці з Пянджам утварае Амудар’ю. Даўж. 524 км, пл. бас. 39,1 тыс. км². Утвараецца пры зліцці рэк Кызылсу і Муксу і цячэ пад назвай Сурхоб. Пасля ўпадзення р. Абіхінгоу называецца Вахш. Цячэ пераважна ў вузкай V-падобнай даліне, часта ў глыбокай цясніне. За 170 км ад вусця выходзіць у Вахшскую даліну, дзе падзяляецца на рукавы. Жыўленне ледавікова-снегавое, таксама дажджавое. Паводка з мая да верасня. Сярэдні расход вады 660 м³/с. Вада вельмі мутная, у Вахшскай даліне выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў нізоўях. На Вахшы — Нурэкская, Галаўная ГЭС і інш.; г. Нурэк, Калінінабад. У ніжнім цячэнні Вахша запаведнік Тыгравая Балка.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)