Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАСІЛЕ́ВІЧ Іван Антонавіч

(1894, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. У 1917—18 старшыня валвыканкома, нам. камісара, камісар па харчаванні Віленскай губ. З 1919 нам. наркома харчавання Літ.-Бел. ССР, кіраўнік харч. забеспячэння Паўд.-Зах. фронту, губхарчкамісар у Екацярынаславе, чл. РВС Харкаўскай ваен. акругі, кіраўнік падатковага ўпраўлення Наркамфіна СССР. У 1925 нарком унутр. гандлю, у 1926 нарком фінансаў БССР. У 1927—30 2-і сакратар, чл. Бюро ЦК КП(б)Б. З 1930 у органах Наркамзема СССР. Чл. ЦВК СССР у 1925—30. З 1932 кіраўнік зямельнага ўпраўлення Далёкаўсх. краю, старшыня Амурскага аблвыканкома, заг. сельгасаддзела Далёкаўсх. крайкома ВКП(б). У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 4, с. 22

ВАСІЛЕ́ВІЧ Іван Іванавіч

(30.6.1895, в. Падстарыны Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 25.8.1938),

савецкі военачальнік. Скончыў Чугуеўскае ваен. вучылішча (1916). У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце, прапаршчык. Са снеж. 1918 у Чырв. Арміі, камісар палка, нач. палітаддзела дывізіі. З 1929 нач. і ваенком Аб’яднанай беларускай вайсковай школы. З 1932 камендант умацаванага раёна, з 1936 камандзір стралк. корпуса Асобай Далёкаўсх. арміі. Чл. ЦВК БССР у 1929—32. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 4, с. 22

ВАСІЛЕ́ВІЧ Рыгор Аляксеевіч

(н. 13.2.1955, Мінск),

бел. вучоны-прававед. Д-р юрыд. н. (1994). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 на выкладчыцкай рабоце ў БДУ, з 1986 — у сакратарыяце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1994 член, з 1997 Старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы прац. і канстытуцыйнага права. Аўтар прац: «Адказнасць бакоў працоўнага дагавору за нанесеную шкоду» (1989), «Парламент Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйна-прававы аспект» (1995) і інш.

т. 4, с. 22

ВАСІЛЕ́ВІЧ Уладзімір Аляксандравіч

(н. 9.1.1952, Мінск),

бел. фалькларыст і этнограф. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1974). У 1974—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Бел. пед. ун-це імя М.Танка. Даследуе пытанні бел. фалькларыстыкі і этнаграфіі. Аўтар манаграфіі «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979), кн. «Збіральнікі» (1991, пра бел. фалькларыстаў), «Беларускі народны каляндар» (1993). Укладальнік тома «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986, яго ўступ і каментарыі), зб-каў «Хто з’еў прасвірку» (1979, з А.Фядосікам), «Дай Божа знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996) і інш. На бел. мову з польскай пераклаў аповесць Я.Корчака «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1982).

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 22

ВАСІЛЕ́ВІЧ Юрый Уладзіміравіч

(н. 4.5.1950, в. Селаўшчына Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэарэтычнай механікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1993). Скончыў БДУ (1972). У 1976—94 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. З 1994 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па механіцы дэфармуемага цвёрдага цела, матэматыцы і акустыцы. Распрацаваў метады рашэння гранічных задач аб пругкай раўнавазе ізатропных і анізатропных плоскіх цел, якія знаходзяцца пад дзеяннем вонкавай нагрузкі і т-ры.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ВІЧ Язэп

(Іосіф) Ігнатавіч (16.9.1870, в. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1934 ?),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху, археолаг, педагог. Скончыў настаўніцкую семінарыю, Маскоўскі археал. ін-т (1914), вучыўся ў Маскоўскім юрыд. ін-це (1914—17). У 1917 адзін з лідэраў Беларускай народнай грамады. Дэлегат 1-га з’езда бежанцаў беларусаў (вер. 1917) і Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918) у Маскве. Адзін са стваральнікаў і дырэктар Будслаўскай беларускай гімназіі (1917—19). У 1919—20 у Маскве. У 2-й пал. 1920 заг. інфарм. аддзела ўпраўлення рэўкомаў Зах. фронту, дырэктар школы ў Будславе. З 1921 дырэктар Белпедтэхнікума ў Мінску, выкладчык археалогіі ў БДУ. З 1924 дырэктар музея ў Віцебску. У 1930 арыштаваны па т.зв. справе «Саюз вызвалення Беларусі», у 1931 высланы. Памёр у Башкортастане.

В.У.Скалабан.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,

горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс. ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс. ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Шчара. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на ПнЗ ад г. Слонім, 150 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Слонім. 368 ж., 133 двары (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ-1,

нізіннае балота ў Беларусі, у Рэчыцкім, часткова ў Калінкавіцкім р-нах Гомельскай вобл., у вадазборы р. Ведрыч. Пл. 6,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,4 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. выкарыстоўваецца пад пасевы шматгадовых траў, збожжа і бульбы. Пад лесам 2,8 тыс. га.

т. 4, с. 23

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ-2,

нізіннае балота ў Беларусі, на Пд Светлагорскага і ПнУ Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл., у вадазборы рэк Сведзь і Ведрыч. Пл. 19 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 12,4 тыс. га. Глыб. торфу да 6,4 м, сярэдняя 1,7 м. Большая ч. балота асушана, выкарыстоўваецца пад пасевы траў, збожжа і кармавых культур. На неасушаных участках пераважае драбналессе з хвоі і бярозы.

т. 4, с. 23