ВАСІЛЕ́ВІЧ (Язэп) (Іосіф) Ігнатавіч (16.9.1870, в. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1934?),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху, археолаг, педагог. Скончыў настаўніцкую семінарыю, Маскоўскі археал.ін-т (1914), вучыўся ў Маскоўскім юрыд. ін-це (1914—17). У 1917 адзін з лідэраў Беларускай народнай грамады. Дэлегат 1-га з’езда бежанцаў беларусаў (вер. 1917) і Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918) у Маскве. Адзін са стваральнікаў і дырэктар Будслаўскай беларускай гімназіі (1917—19). У 1919—20 у Маскве. У 2-й пал. 1920 заг.інфарм. аддзела ўпраўлення рэўкомаў Зах. фронту, дырэктар школы ў Будславе. З 1921 дырэктар Белпедтэхнікума ў Мінску, выкладчык археалогіі ў БДУ. З 1924 дырэктар музея ў Віцебску. У 1930 арыштаваны па т.зв. справе «Саюз вызвалення Беларусі», у 1931 высланы. Памёр у Башкортастане.