ВАРАБ’ЁЎ Мікалай Іванавіч
(н. 17.8.1935, в. Глубокае Варонежскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне хіміі. Д-р тэхн. н. (1978), праф. (1984). Засл. дз. нав. Беларусі (1992). Скончыў Ленінградскі тэхнал. ін-т (1959). З 1967 у Бел. тэхнал. ун-це, з 1984 прарэктар. У 1978—84 дырэктар Бел. філіяла Усесаюзнага н.-д. і праектнага ін-та галургіі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі мінер. угнаенняў і новых матэрыялаў на аснове неарган. соляў і аксідаў.
Тв.:
Очистка сточных вод и утилизация фторфосфатных шламов производств фосфорных удобрений. М., 1987 (у сааўт.);
Атлас инфракрасных спектров фосфатов;
Двойные конденсированные фосфаты. Мн., 1993 (у сааўт.).
т. 3, с. 508
ВАРАБ’ЁЎ Уладзімір Пятровіч
(27.6.1876, Адэса — 31.10.1937),
савецкі анатам; адзін з заснавальнікаў функцыян. анатоміі, стэрэамарфалогіі. Акад. АН Украіны (1934). Скончыў Харкаўскі ун-т (1903). З 1917 працаваў у ім (з 1921 мед. ін-т), адначасова з 1921 навук. кіраўнік Укр. ін-та эксперым. медыцыны. Склаў карту вегетатыўных нерв. вузлоў і спляценняў унутр. органаў «Атлас анатоміі чалавека» (т. 1—5, 1938—42). Вызначыў новыя законы структурнай арганізацыі нерв. сістэмы, значэнне пагранічнай макра-мікраскапічанай вобласці бачання і распрацаваў методыку яе даследавання, развіў вучэнне пра цэласнасць арганізма і ўздзеянні функцыі і працы на марфагенез. Разам з Б.І.Збарскім распрацаваў эфектыўны метад бальзаміравання і бальзаміраваў цела У.І.Леніна (1924). Прэмія імя Леніна 1927.
т. 3, с. 508
ВАРАБ’ЁЎ Яўген Захаравіч
(12.12.1910, Рыга — 31.8.1990),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ін-т журналістыкі. Аўтар раманаў «Вышыня» (1952, пра будаўнікоў з-да на Паўд. Урале), «Зямля, да запатрабавання» (1970, пра лёс сав. разведчыка Л.Маневіча), «Ахвота да перамены месцаў» (1979, пра новабудоўлі на Ангары), аповесцяў «Капля крыві» (1960), «Форма адзення зімовая» (1965), «Дах над галавой» (1974), «Стары і яго вучні» (1981) і інш. Тэме Вял. Айч. вайны прысвяціў зб-кі аповесцяў і апавяданняў «Гонар пяхоты» (1946), «Учора была вайна» (1975), «Па старой Смаленскай дарозе» (1979) і інш.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983.
т. 3, с. 508
«ВАРА́Г»,
расійскі браняпалубны крэйсер 1-й Ціхаакіянскай эскадры, які вызначыўся на пач. рус.-японскай вайны 1904—05. Пабудаваны ў 1899 у Філадэльфіі (ЗША), дзейнічаў з 1901. Блакіраваны ў нейтральным карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон), «Вараг» (камандзір — капітан 1-га рангу У.Ф.Руднеў) разам з кананерскай лодкай «Карэец» 9.2.1904 спрабаваў прарвацца ў Порт-Артур; у баі з эскадрай яп. контрадмірала С.Урыу (6 крэйсераў, 8 мінаносцаў) патапіў мінаносец і пашкодзіў 2 крэйсеры. Затоплены экіпажам (з 570 маракоў загінулі 34 і паранены 188). У 1905 падняты і залічаны ў яп. флот як «Соя». У 1916 выкуплены рас. урадам і ўключаны ў склад Флатыліі Паўн. Ледавітага ак. У 1918 патануў у Ірландскім м. Імем «Вараг» ў 1965 названы ракетны крэйсер сав. Ціхаакіянскага флоту.
Літ.:
Мельников Р.М. Крейсер «Варяг». 2 изд. Л., 1983.
т. 3, с. 508
ВАРА́ГІ
(познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),
1) у Візантыі любы наёмны воін.
2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл. Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).
Літ.:
Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;
Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.
У.Я.Калаткоў.
т. 3, с. 508