«ВАРА́Г»,

расійскі браняпалубны крэйсер 1-й Ціхаакіянскай эскадры, які вызначыўся на пач. рус.-японскай вайны 1904—05. Пабудаваны ў 1899 у Філадэльфіі (ЗША), дзейнічаў з 1901. Блакіраваны ў нейтральным карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон), «Вараг» (камандзір — капітан 1-га рангу У.Ф.Руднеў) разам з кананерскай лодкай «Карэец» 9.2.1904 спрабаваў прарвацца ў Порт-Артур; у баі з эскадрай яп. контрадмірала С.Урыу (6 крэйсераў, 8 мінаносцаў) патапіў мінаносец і пашкодзіў 2 крэйсеры. Затоплены экіпажам (з 570 маракоў загінулі 34 і паранены 188). У 1905 падняты і залічаны ў яп. флот як «Соя». У 1916 выкуплены рас. урадам і ўключаны ў склад Флатыліі Паўн. Ледавітага ак. У 1918 патануў у Ірландскім м. Імем «Вараг» ў 1965 названы ракетны крэйсер сав. Ціхаакіянскага флоту.

Літ.:

Мельников Р.М. Крейсер «Варяг». 2 изд. Л., 1983.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)