БЭЛС
(Bels) Альберт Артуравіч (сапр. Цыруліс Яніс; н. 6.5.1938, Яўнмежплепях, воласць Ражапы, Латвія),
латышскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Латвіі (1982). У 1967—69 вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў у Маскве. Друкуецца з 1964. Прадстаўнік псіхал. рамана. Духоўны свет чалавека, узаемаадносіны асобы і грамадства даследуе ў раманах «Следчы» (1967), «Клетка» (1972), «Голас таго, хто кліча» 91973), «Карані» (1982), «Людзі ў лодках» (1987). На бел. мову творы Б. перакладалі В.Сёмуха (у зб. «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978), В.Рабкевіч (у зб. «Песня Даўгавы», 1986).
А.Рожкалне.
т. 3, с. 384
БЭ́ЛШЭВІЦА
(Belževica; сапр. Элсберга) Візма Янаўна (н. 30.5.1931, Рыга),
латышская паэтэса. Засл. дз. культуры Латвіі (1986), ганаровы член АН Латвіі (1990). Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1961). Друкуецца з 1947. Аўтар кніг вершаў («Усю зіму вясна», 1955; «Зямная цяплынь», 1959; «Мора гарыць», 1966; «У маруне», 1976), навел і апавяданняў («Няшчасце ў дом», 1979). У яе паэзіі — праблемы грамадскага існавання, нац. самасвядомасці, душэўнай адзіноты асобы. Проза Бэлшэвіцы адметная лаканічнасцю, інтрыгай, тонкім псіхалагізмам. Вядомая і як драматург. Пісала казкі для дзяцей. На латыш. мову пераклала творы А.Астрэйкі, С.Грахоўскага. На бел. мову творы Бэлшэвіцы пераклаў В.Сёмуха.
Тв.:
Бел. пер. — Белы алень. Мн., 1985;
у кн.: Сучасныя латышскія апавяданні. Мн., 1978;
Латышская савецкая паэзія: Анталогія. Т. I. Мн., 1984;
Песня Даўгавы. Мн., 1986.
М.Абала.
т. 3, с. 384
БЭ́ЛЬКА
(галанд. balk),
канструкцыйны нясучы элемент звычайна ў выглядзе бруса. Пад нагрузкай працуе пераважна на выгін. Бэлькі вырабляюцца з жалезабетону, металу, дрэва. Шырока выкарыстоўваюцца ў буд-ве і машынабудаванні — у канструкцыях будынкаў, мастоў, эстакад, трансп. сродкаў, машын, станкоў і інш.
Бэлькі бываюць: адна- і шматпралётныя, кансольныя, разразныя (простыя) і неразразныя, з заладжанымі канцамі; прамавугольныя, таўровыя, двухтаўровыя, каробчатыя і інш.; пастаяннай і пераменнай вышыні. Жалезабетонныя бэлькі вырабляюць маналітныя, зборнаманалітныя і зборныя, а таксама папярэдне напружаныя. Металічныя бэлькі бываюць пракатныя і састаўныя (элементы іх злучаюць зваркай або кляпаннем), ёсць і біметалічныя. Драўляныя бэлькі — аднапралётныя і разразныя канструкцыі з дошак і бярвён (выкарыстоўваюцца і састаўныя). Разлік бэлек звычайна робяць на трываласць, устойлівасць і жорсткасць паводле законаў супраціўлення матэрыялаў.
т. 3, с. 384
БЭН
(Benn) Готфрыд (2.5.1886, г. Мансфельд, Германія — 7.7.1956),
нямецкі паэт і пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст. Уменне спалучаць прыгожае з агідным, дэманстраваць найб. цяжкія і страшныя бакі жыцця, праўдзіва гаварыць пра чалавечыя пакуты выявілася ўжо ў першых зб-ках «Морг» (1912), «Плоць» (1917), «Шчэбень» (1919). У гады нацысцкага рэжыму Бэн у т.зв. унутр. эміграцыі. Яго творы забаронены да друку. У зб-ках «Статычныя вершы» (1948), «П’яны прыліў» (1949), «Дыстыляцыі» (1953) і інш. пераважалі філас. матывы, разважанні над шляхамі цывілізацыі (у свеце крывавых падзей 20 ст. погляд паэта часта песімістычны), над вечнай адзінотай чалавека, душу якога можа выратаваць толькі мастацтва. Позняй лірыцы Бэна ўласцівыя класічная яснасць і філігранная апрацоўка формы. Аўтар аповесці «Пталамеец» (1949), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў.
Тв.:
Рус. пер. — Сумерки человечества. М., 1990;
Избр. стихотворения. М., 1994.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 384
БЭНБУ́,
Банбу, Бэнпу, горад на У Кітая, у прав. Аньхой. Каля 450 тыс. ж. (1990). Порт на р. Хуанхэ. Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Вываз солі, збожжа, каменнага вугалю. Перапрацоўка с.-г. сыравіны (у т. л. вытв-сць алею). Маш-буд., харч. (мукамольная, мясная, тытунёвая), тэкст., хім., папяровая, шкловая прам-сць. Суднарамонт, вытв-сць метал. вырабаў.
т. 3, с. 384
БЭ́НДЭ Лукаш Апанасавіч
(1.11.1903, в. Шчакоцк Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.12.1961),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Камуніст. ун-т БССР імя У.І.Леніна (1926). Друкаваўся з 1925. Працы Бэндэ («Андрэй Александровіч», «Янка Купала», абедзве 1932, і інш.) не вызначаліся ні навук., ні эстэт. глыбінёй. У 1930-я г. адзін з найб. адыёзных крытыкаў. Ідучы ад канцэпцыі «сацыялогіі мастацтва» У.Фрычэ, Бэндэ вульгарызаваў і спрашчаў яе. Літ. вобраз разглядаў толькі як ілюстрацыю класавай ідэалогіі і паліт. светапогляду, ігнаруючы своеасаблівасць і індывідуальнасць маст. пазнання рэчаіснасці. Прыкрываючыся ідэяй «новай пралетарскай культуры», цалкам адмаўляў культурны набытак мінулага, усю дарэв. бел. л-ру абвяшчаў контррэвалюцыйнай, прасякнутай бурж.-ліберальнай ідэалогіяй. З гэтых пазіцый займаўся паліт. і літ. дыскрэдытацыяй Я.Купалы і Я.Коласа. Абвінавачваў членаў літ. аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя» ў бурж. нацыяналізме. Архіў Бэндэ ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.
І.Э.Багдановіч.
т. 3, с. 384
БЭНЧЫ́ЛЭ
(Băncilă) Актаў (27.1.1872, г. Корні, Румынія — 3.4.1944),
румынскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Ясах (1887—93; выкладаў у ёй у 1916—37) і ў АМ у Мюнхене (1894—98). Аўтар цыклаў твораў пра сялянскае паўстанне 1907: «Адчай», «1907 год», «Апазнаванне забітых», «Пахаванне» (1907—12); карцін «Галодны», «Стары кравец» (абедзве 1908), «Рабочы» (1911), «Забастоўшчык» (1914), «У полі» (1915) і інш.
т. 3, с. 384
БЭНЬСІ́,
горад на ПнУ Кітая, у правінцыі Ляанін. 751 тыс. ж. (1989). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Адзін з гал. цэнтраў чорнай металургіі краіны, здабыча жал. руды і каксавальных вуглёў, вытв-сць вогнетрывалых матэрыялаў, кіслот, угнаенняў. Маш.-буд. (у т. л. вытв-сць трансп. сродкаў), хім., цэм., дрэваапр. прам-сць. Горны ін-т.
т. 3, с. 384
БЭ́НЬЯН,
Баньян (Bunyan) Джон (28.11.1628, Элстаў, каля г. Бедфард, Вялікабрытанія — 31.8.1688), англійскі пісьменнік і прапаведнік. У час праследавання Сцюартамі дысідэнтаў зняволены (1660—72). Форму «прывідных уяўленняў» выкарыстаў у аўтабіягр. аповесці «Шчодрая міласэрнасць, што выліваецца на галоўнага грэшніка» (1666) і барочным алегарычным рамане «Шлях паломніка» (ч. 1—2, 1678—84), прысвечаных тэме пакутлівых пошукаў ісціны і сэнсу жыцця. Разбэшчанасці і цынізму эпохі Рэстаўрацыі Бэньян проціпаставіў высокія ідэалы хрысціянства, імкненне чалавечай душы да маральнага самаўдасканалення. Яго гратэскны вобраз Кірмашу Пыхлівасці, на якім усё прадаецца і купляецца, лёг у аснову рамана У.Тэкерэя з аднайм. назвай. Сатырычны вобраз англ. буржуа стварыў у рамане «Жыццё і смерць містэра Бэдмана» (1680).
Літ.:
Самарин Р.М. Джон Бэньян // Виппер Ю.Б., Самарин Р.М. Курс лекций по истории зарубежных литератур XVII в. М., 1954;
Яго ж. Бэньян;
Бетлер // Историа всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 384
БЭР,
біялагічны эквівалент рэнтгена, пазасістэмная адзінка эквівалентнай дозы выпрамянення. Абазначаецца — бэр. У апошні час замяняецца зівертам (Зв). 1 бэр = 0,01 Дж/кг = 0,01 Зв.
т. 3, с. 384