АЎДО́ТКА
(Burhinus oedicnemus),
птушка сям. аўдоткавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўропе, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн. Афрыцы. Рэлікт чацвярцічнага перыяду. На Беларусі вельмі рэдкі пералётны від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення, занесены ў Чырвоную кнігу. Трапляецца пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Палесся.
Птушка даўж. 40—45 см, маса да 440 г. Жыве на бязлесных пясчаных землях. Апярэнне шэра-пясочнае з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, на бруху — белаватае. Ногі трохпальцыя. Прылятае ў сярэдзіне красавіка. Актыўная ноччу. Трымаецца парамі, восенню чародамі. Хутка бегае, выцягнуўшы шыю. Гнёзды на пяску. Нясе 2 жаўтавата-пясочнага колеру яйцы. Корміцца насякомымі, дробнымі яшчаркамі, грызунамі. Адлятае ў вер.—кастрычніку. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Аравійскага п-ва.
т. 2, с. 85
АЎДЫЕ́НЦЫЯ
(ад лац. audientia слуханне),
афіцыйны прыём у высокапастаўленай асобы.
т. 2, с. 85
АЎДЫЁВІЗУА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
аўдыёвідэатэхніка, сукупнасць тэхн. сродкаў, прызначаных для запісу, захоўвання, перадачы і ўзнаўлення інфармацыі, якая адначасова можа ўспрымацца органамі слыху і зроку чалавека.
Да аўдыёвізуальнай тэхнікі адносяць кіназдымачныя апараты, тэлевізійныя перадавальныя камеры, кінапраекцыйныя апараты, тэлевізары, магнітафоны (у тым ліку відэамагнітафоны), відэатэлефоны, некаторыя персанальныя камп’ютэры і інш. Носьбіты аўдыёвізуальнай інфармацыі: дыяфільмы, кінафільмы, галаграмы, магн. стужкі і касеты, дыскі (у тым ліку аптычныя дыскі) гука- і відэазапісу.
т. 2, с. 85
АЎДЫ́Т
(ад англ. audit праверка, рэвізія),
праверка аўдытарскай службай бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці і інш. дакументаў фінансава-гасп. дзейнасці кампаній, прадпрыемстваў, устаноў, каб пацвердзіць іх дакладнасць. Праводзіцца спец. аўдытарскімі карпарацыямі ці аўдытарамі-прадпрымальнікамі. Задача аўдыту — абарона інтарэсаў уласніка, дапамога суб’ектам гаспадарання ў разліку падаткаў, павышэнні эфектыўнасці вытв.-гасп. дзейнасці. Аўдыт бывае знешні (незалежны), унутраны (ведамасны) для ацэнкі работы па маркетынгу, эфектыўнасці структуры кампаніі, праверкі дзейнасці фірмы па выкананні законаў і рашэнняў вышэйстаячых органаў і інш., а таксама абавязковы (вызначаны заканадаўствам) і ініцыятыўны (паводле рашэння суб’екта гаспадарання ці ўласніка).
Г.І.Краўцова.
т. 2, с. 85
АЎДЫТО́РЫЯ (лац. auditorium). 1) памяшканне, прызначанае для чытання лекцый, дакладаў і інш. 2) Слухачы лекцыі, даклада; кантынгент спажыўцоў друку, радыё і тэлевізійнай інфармацыі, рэкламы.
т. 2, с. 85
АЎДЫЯМЕ́ТРЫЯ
(ад лац. audire чуць + ...метрыя),
акуметрыя, вызначэнне вастрыні слыху. Найб. просты метад аўдыяметрыі — даследаванне слыху шэптам, гутарковай мовай (вызначаецца адлегласць, на якой паддоследны здольны пачуць словы) і камертонам (вызначаецца час, на працягу якога хворы чуе паступова затухальнае гучанне камертона). Пры даследаванні аўдыяметрам па змене вышыні (ад 100да 10 000 герц) і сілы гуку вызначаюць іх мінім. інтэнсіўнасць, пры якой гук ледзьве чутны (парог успрымання). Вынікі аўдыяметрыі запісваюцца ў выглядзе аўдыяграмы. Найб. дакладны спосаб — даследаванне з рэгістрацыяй слыхавых выкліканых патэнцыялаў (СВП) — біятокаў, што ўзбуджаюцца ў галаўным мозгу пры раздражненні вуха гукавымі сігналамі. СВП выяўляюцца пры камп’ютэрнай апрацоўцы даных, атрыманых шматразовым паўторам гукавых стымулаў.
В.А.Быстрэнін.
т. 2, с. 85