Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́ЎГУСТ II

(August) Моцны (12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),

курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст І; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл. Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.

т. 2, с. 83

А́ЎГУСТ III

(17.10.1696, Дрэздэн — 5.10.1763),

кароль Рэчы Паспалітай [1733—63], курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст II; 1733—63). Сын Аўгуста II. Выхаваны пратэстантам, у 1712 перайшоў у каталіцтва. Узброеная інтэрвенцыя рас. і саксонскіх войскаў у час вайны за польскую спадчыну (1733—35) дапамагла яму перамагчы свайго канкурэнта Станіслава Ляшчынскага і замацавацца на польск. троне. Быў пасіўны ў міжнар. справах, не справіўся з безуладдзем унутры Рэчы Паспалітай (пры ім паспяхова завяршыў работу толькі сейм 1736, астатнія 13 былі сарваны). Армія скарацілася да 12 тыс. чал. На Беларусі ўзмацніўся ўціск праваслаўных і пратэстантаў і інш. Жыў болей у Саксоніі, чым у Варшаве; на палітыку Аўгуста моцна ўплываў яго фаварыт граф Г. фон Бруль.

Літ.: Staszewski J. August III Sas. Wrocław etc., 1989.

т. 2, с. 83

АЎГУСЦІ́Н Блажэнны

(Augustinus Sanctus) Аўрэлій (13.11.354, г. Тагаст, Паўн. Афрыка — 28.8.430),

хрысціянскі багаслоў, філосаф, буйнейшы прадстаўнік зах. (лац.) патрыстыкі. Епіскап г. Гіпон (395). Асн. творы «Споведзь» (400), «Пра тройцу» (400—416), «Пра горад божы» (413—426). Яго вучэнне — філас.-тэалагічнае абгрунтаванне хрысціянства ў духу неаплатанізму. Распрацаваў сац.-паліт. канцэпцыю, якая падзяляе чалавечае грамадства на 2 процілеглыя царствы — «горад зямны» і «горад божы». Не адмаўляючы свецкай улады, аддаваў перавагу ўладзе духоўнай. Ідэі Аўгусціна моцна паўплывалі на развіццё сярэдневяковай тэалогіі і філасофіі (гл. Аўгусцініянства). На Беларусі яго творы вядомыя з 11 ст., цікавасць да іх пабольшала ў 16—17 ст., калі тут былі выдадзены яго зб-кі павучанняў, творы «Пра горад божы», «Богападобная любоў», «Пра бачанне Хрыста».

Літ.:

Бычков В.В. Эстетика Аврелия Августина. М., 1984.

Г.У.Грушавы.

т. 2, с. 84

АЎГУСЦІНІЯ́НСТВА,

кірунак у сярэдневяковай схаластыцы, які ўзнік пад уплывам ідэй Аўгусціна Блажэннага. У тэалогіі прыхільнікі аўгусцініянства аддавалі перавагу т.зв. анталагічным доказам існавання Бога, напрыклад, праводзілі аналогію паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, розум і воля) і трыма абліччамі тройцы. У гнасеалогіі яны лічылі веру перадумовай усякіх ведаў. Да 12 ст. аўгусцініянства было пануючым кірункам (яму процістаялі толькі пантэізм Іаана Скота Эрыўгены, наміналізм І.Расцэліна і П.Абеляра і крайнія ерэтычныя пазіцыі). У 13—14 ст. у барацьбе супраць тамізму ідэі аўгусцініязма адстойвалі Банавентура, Іаан Пека, Дунс Скот. У эпоху рэфармацыі і контррэфармацыі іх развівалі М.Лютэр, Дж.Серынада, Г.Норыс, Л.Берці і інш. Водгаласы крытыкі тамізму з пазіцый аўгусцініянства сустракаліся і пазней у каталіцкай рэліг. філасофіі і ў інш. філас. вучэннях і плынях.

т. 2, с. 84

АЎГУСЦІНО́ВІЧ Тамаш

(Фама) Мацвеевіч (1809, Віленская губ. — 1891),

лекар, батанік, падарожнік. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся на мед. ф-це Віленскага ун-та, пасля яго закрыцця — у Кіеўскай медыка-хірург. акадэміі (1830—35). Працаваў вайск. лекарам, штаб-лекарам у Бранску (1835—43), лекарам і інспектарам на Украіне і ў Палтаўскай губ. (1845—53). Удзельнічаў у навук. экспедыцыях Рас. геагр. т-ва на Урал (1870), у Забайкалле, Прыморскі край і на Сахалін (1871 — 72), у Табольскую губ. на р. Об і Іркуцкую губ. на р. Лена (1874), на Чукотку (1875—76). Навук. даследаванні прысвечаны флоры Беларусі, Украіны, Паўн.-Усх. Сібіры і Д.Усходу. Аўтар альбома хірург. інструментаў (1835). У гонар Аўгусціновіча названы від асакі Carex augustinoviczii Meinsh.

Тв.:

О дикорастущих врачебных растениях Полтавской губернии. Киев, 1853;

Три года в Северо-Восточной Сибири за Полярным кругом // Древняя и новая Россия. 1880. Т. 18, № 12.

В.А.Гапоненка.

т. 2, с. 84

АЎГУСЦІ́НЧЫЧ

(Augustinči) Антун (4.5.1900, с. Кланец, Харватыя — 10.5.1979),

харвацкі скульптар. Ганаровы чл. АМ СССР (1975). Праф. Заграбскай АМ. Вучыўся ў Заграбскай АМ (1922—24), парыжскіх школах прыгожых мастацтваў і дэкар. мастацтваў (1924—26). Аўтар манумента Сав. Арміі ў с. Баціна-Скела (1945—47), помніка Міру перад будынкам ААН у Нью-Йорку (1952—54, паст. ў 1955), станковых кампазіцый, партрэтаў, жаночых статуй і торсаў, якім уласцівыя дынаміка, жывапіснасць, абагульненасць манумент. формаў.

т. 2, с. 84