АЎГУСЦІНО́ВІЧ Тамаш
(Фама) Мацвеевіч (1809, Віленская губ. — 1891),
лекар, батанік, падарожнік. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся на мед. ф-це Віленскага ун-та, пасля яго закрыцця — у Кіеўскай медыка-хірург. акадэміі (1830—35). Працаваў вайск. лекарам, штаб-лекарам у Бранску (1835—43), лекарам і інспектарам на Украіне і ў Палтаўскай губ. (1845—53). Удзельнічаў у навук. экспедыцыях Рас. геагр. т-ва на Урал (1870), у Забайкалле, Прыморскі край і на Сахалін (1871 — 72), у Табольскую губ. на р. Об і Іркуцкую губ. на р. Лена (1874), на Чукотку (1875—76). Навук. даследаванні прысвечаны флоры Беларусі, Украіны, Паўн.-Усх. Сібіры і Д.Усходу. Аўтар альбома хірург. інструментаў (1835). У гонар Аўгусціновіча названы від асакі Carex augustinoviczii Meinsh.
Тв.:
О дикорастущих врачебных растениях Полтавской губернии. Киев, 1853;
Три года в Северо-Восточной Сибири за Полярным кругом // Древняя и новая Россия. 1880. Т. 18, № 12.
В.А.Гапоненка.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)