БРАХМА́ГІРЫ,
шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст. н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 252
БРАХМАНІ́ЗМ,
старажытнаіндыйская сістэма рэліг.-філас. поглядаў і рытуальна-культавай практыкі, якая склалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя да н.э.; адна з крыніц індуізму. Працягвае традыцыі ведычнай рэлігіі. Звязана з сац. структурай стараж. грамадства, дзе саслоўе жрацоў-брахманаў займала вядучыя пазіцыі. Вярхоўныя багі — Брахма, Вішну і Шыва. Брахманы склалі тэксты каментарыяў да Ведаў (свяшчэнная л-ра), распрацавалі ведыйскую ідэю Брахмана-Абсалюта, стварылі філас. сістэму, якая стала асновай брахманізму. Складаны рытуал, строгая абрадавая рэгламентацыя жыцця, аскетычныя подзвігі разглядаліся як сродак для пераўвасаблення душы і канчатковага вызвалення ад перараджэнняў.
Літ.:
Боги, брахманы, люди: Пер. с чеш. М., 1969. С. 43—60;
Бонгард-Левин Г.М. Древнеиндийская цивилизация. 2 изд. М., 1993.
А.В.Гурко.
т. 3, с. 252
БРАХМА́НЫ,
1) група вышэйшых кастаў у Індыі. У Стараж. Індыі — выканаўцы ахвярапрынашэнняў, знаўцы і тлумачальнікі Ведаў, адно з двух пануючых саслоўяў (варн). У перыяд феадалізму крыніца існавання брахманаў — служба ў апараце кіравання, судзе, землеўладанне.
2) Стараж.-інд. кнігі, якія належаць да літаратуры Ведаў. Створаны ў 8—6 ст. да н.э., уключаюць міфы і паданні, падрабязныя апісанні рытуалаў ведыйскай рэлігіі, звесткі па сац. і культ. гісторыі Стараж. Індыі.
т. 3, с. 252
БРАХМАПУ́ТРА,
Брамапутра, рака ў Кітаі, Індыі, Бангладэш. Даўж. 2900 км, пл. басейна 935 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах Гімалаяў, цячэ на У па паўд. ч. Тыбецкага нагор’я (назвы Мацанг, Цангпо), прабіваецца па цясніне Дыханг праз Усх. Гімалаі (наз. Дыханг), потым цячэ на З і ПдЗ па Бенгальскай раўніне, паварочвае на Пд і ўпадае ў Бенгальскі заліў, дзе ўтварае з Гангам і Мегхнай агульную дэльту (больш за 80 тыс. км²). Найб. Значныя прытокі: злева — Нау, Чорта-Цангпо, Рага-Цангпо, Джычу, Джамда, Лухіт, Капілі, справа — Ньянгчу, Субансіры, Каменг, Манас, Ціста. Пад’ёмы ўзроўню дасягаюць 10—12 м. Сярэдні расход вады 12 тыс. м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ад цясніны Дыханг (1290 км), на Тыбецкім нагор’і — на асобных участках. На Брахмапутры гарады Шыгадзе (Кітай), Дыбругарх, Тэзпур, Дхубуры, Гувахаты (Індыя).
т. 3, с. 252
БРАЦЕ́ННІКАЎ Мікалай Данілавіч
(н. 18.2.1922, Магілёў),
бел. скрыпач і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Праф. (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). З 1950 у Бел. акадэміі музыкі (у 1959—63 прарэктар). Вёў выканальніцкую дзейнасць пераважна як ансамбліст (у 1958—65 удзельнік стр. квартэта Бел. філармоніі). Пад яго кіраўніцтвам створана Дзярж. калекцыя унікальных смычковых інструментаў (зберагаецца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі).
т. 3, с. 253
БРА́ЦІНА
(ад братчына — калектыўнае частаванне),
пасудзіна шарападобнай ці пукатай формы, часта з нізкім паддонам і конусападобным вечкам. Выкарыстоўвалася пераважна пры святочных застоллях, на памінках і інш. На Беларусі медныя і драўляныя браціны бытавалі ў 16—18 ст. Залатыя і сярэбраныя браціны з гравіраваным ці чаканеным арнаментам вядомы ў Расіі ў 16—17 ст., медныя і драўляныя — у нар. побыце 16—19 ст. У 19—20 ст. браціна — дэкаратыўны посуд.
І.М.Каранеўская.
т. 3, с. 253
БРАЦІСЛА́ВА
(Bratislava),
горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс. ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л. ун-т імя Я.А.Каменскага (з 1919). Нац. тэатр. Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар. муз. фестываль «Браціслаўская ліра».
Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.
На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац. т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.Куліх, І.Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.
т. 3, с. 253
БРАЦІ́ШКА Алена Генадзеўна
(н. 8.3.1961, г. Кіславодск, Расія),
бел. спартсменка (акадэмічнае веславанне). Засл. майстар спорту (1984). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1985). Чэмпіёнка свету 1982, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1980), чэмпіянату свету (1985).
т. 3, с. 253
БРАЦК,
горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр раёна ў Іркуцкай вобл. Узнік у 1955 у сувязі з буд-вам Брацкай ГЭС паблізу паселішча Брацк (засн. ў 1631 як астрог, затоплены водамі Брацкага вадасховішча). 259,6 тыс. чал. (1994). Порт на Брацкім вадасховішчы. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Развіты лесапрамысл. комплекс, каляровая металургія (вытв-сць алюмінію), энергет. машынабудаванне, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Індустр. ін-т. Тэатр.
т. 3, с. 253
БРА́ЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Расійскай Федэрацыі, на р. Ангара. Утворана плацінай Брацкай ГЭС. Запоўнена ў 1961—67. Пл. 5470 км², аб’ём вады 169,3 км². 2 асн. плёсы: па р. Ангара (даўж. больш за 500 км, найб. шыр. 33 км) і па р. Ака (даўж. 370 км). Ваганні ўзроўню да 10 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства, лесасплаву, водазабеспячэння і рыбнай гаспадаркі. Порт г. Брацк.
т. 3, с. 253