БРАЦІСЛА́ВА

(Bratislava),

горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс. ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л. ун-т імя Я.А.Каменскага (з 1919). Нац. тэатр. Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар. муз. фестываль «Браціслаўская ліра».

Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.

На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац. т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.Куліх, І.Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.

т. 3, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)