ВАЛУНЫ́
(ад слав. валяць),
круглякі, згладжаныя вадой ці лёдам абломкі горных парод памерам больш за 10 см. Большыя за 1 м валуны наз. глыбамі або камлыгамі. Утвараюцца пры выветрыванні, разбуральнай дзейнасці мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор. Найб. пашыраны ў паверхневых ледавіковых утварэннях значнай ч. Паўн. Амерыкі і Еўразіі ў вобласці мацерыковых зледзяненняў плейстацэну. Ледавіковыя (эратычныя — вандроўныя) валуны трапляюцца па ўсёй тэр. Беларусі, найб. на канцова-марэнных узвышшах. Прынесены ад 600 тыс. да 20 тыс. гадоў назад з Балт. шчыта, ПнЗ Рускай пліты. Памер валуноў памяншаецца з Пн на Пд: у Бел. Паазер’і іх велічыня дасягае 6—11 м (найб. «Вялікі камень» 11 х 5,6 х 2,8 м), на Бел. градзе 5—8 м, на Бел. Палессі 1—3 м. Каля 65—75% вялікіх валуноў — граніты, 20—25% — гнейсы, ёсць граніта-гнейсы, кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і інш. Валуны рэдкіх горных парод, якія маюць абмежаванае карэннае месцазнаходжанне, адносяць да кіроўных, па іх вызначаюць напрамкі руху стараж. ледавікоў.
З валунамі звязаны язычніцкі культ каменя, пра што сведчаць іх назвы (Пярун, Вялес, Дажбогаў, Святы камень) і легенды. Валуны служылі ахвярнікамі ў капішчах, выкарыстоўваліся для стварэння с.-г. календароў (гл. «Янова»), ім пакланяліся. З хрысціянскіх часоў захаваліся Даўгінаўскі крыж-стод, Крыж Стафана Баторыя, крыжы-абярогі і інш. Многія валуны — помнікі эпіграфікі часоў Полацкага княства (Барысавы камяні, Рагвалодаў камень і інш.). Валуны выкарыстоўваліся ў буд-ве абарончых збудаванняў, замкаў, храмаў (Сафійскі сабор 11 ст. ў Полацку, Гродзенская Барысаглебская царква 12 ст., вежы Навагрудскага 13 ст. і Крэўскага 14 ст. замкаў), для брукавання дарогі і інш. На палях валуны перашкаджаюць земляробству. У сярэднім на Беларусі 9% ворных зямель у рознай ступені завалунена, найб. у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. (каля 70%). Валуны выкарыстоўваюць на падмурак, як закладачны матэрыял у целе плацін, на атрыманне друзу і бутавага каменю, для ўмацавання адхонаў, стварэння арх. кампазіцый у парках і скверах і інш. Вялікія і адметныя валуны ўзяты пад ахову дзяржавы як помнікі прыроды (больш за 100 у Беларусі). Даследаванні валуноў вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, дзе створана Эксперыментальная база па вывучэнні ледавіковых валуноў (калекцыя больш за 2000 валуноў з розных рэгіёнаў Беларусі экспануецца на адкрытай пляцоўцы).
Літ.:
Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992;
Ледавіковыя валуны Беларусі: Эксперым. база вывучэння валуноў. Мн., 1993.
Э.А.Ляўкоў.
т. 3, с. 487